- Ну-у!.. Ма-лай-чы-на!... - бліснуў вачмі на вучня, бадзёра, заклаўшы рукі за спіну, прайшоў па пакоі і зноў спыніўся ля карціны. - Тая работа мяне, прызнаюся, не сагрэла, а гэтая!.. Ух, горача!.. Я адчуваў заўсёды, што вы шукаеце ў вёсцы. Тут, дзе наш цар жыве, гэтакіх валоў не знойдзеце і не напішаце. У вашым полі, у валах, у мужыку - ваша зямля і ваш народ! Ды і не толькі вашы. Адсюль - усе мы. Я гэтага ад вас чакаў. - Зноў рэзка павярнуўся да Фердынанда, аберуч абхапіў, увесь здрыгануўся, адхіснуўся, раскінуў рукі ўбакі, нібы зноў вучня абдымаючы, ужо разам з яго карцінай. - Вось што такое Рушчыц! - Зарагатаў, нібы і сапраўды той, на Алімпе, усемагутны Зеўс, не стрымліваючы агню ў грудзях і голасу.
Нарэшце, даўшы волю сваім захапленням і раптам ад іх стаміўшыся, супакоіўся, сеў і ўжо, адпачываючы, без слоў і ўсялякіх рухаў углядаўся ў карціну.
Фердынанду падалося, што настаўнік чакае ад яго іншых работ. Выйшаў у прыхожую, дзе стаялі эцюды, пейзажныя матывы вясны ды восені, але стрымала думка: кожны прагляд работ вучняў настаўнік любіў спыняць на высокай ноце, а тут, пасля валоў, хоць і прыстойныя па тэхніцы, але звычайныя, нічым не новыя пейзажы, якія маглі збіць з высокай, ад валоў, ноты. Без эцюдаў вярнуўся ў пакой. Куінджы сядзеў у тым самым настроі, углядаючыся ў карціну. Што думаў ён? Можа, усё ж, чакаў штосьці яшчэ? Успомніў "Крэва": а раптам якраз тое, што трэба? Зноў выйшаў, узяў у рукі эцюд: паказваць або не трэба? Не на выставу вёз сюды, вёз для сябе, каб у вольны час над эцюдам падумаць, папрацаваць, камусьці блізкаму паказаць, параіцца, што з ім далей рабіць. А хто бліжэйшы, хто можа даць параду лепшую, як Зеўс?
Паставіў "Крэва" з "Зямлёю" побач і адышоў убок.
Эцюд настаўнік заўважыў адразу, але, доўга не разглядаючы, адвярнуўся. Падняўся з крэсла, зашпіліўся на ўсе гузікі, надзеў шапку, руку падаў на развітанне.
- Дзякуй. Валоў нікому пакуль што не паказвайце. Прывозьце на развеску.
Застаўшыся адзін у майстэрні, Фердынанд падышоў да крэсла, паклаў рукі на спінку і доўга глядзеў на "Крэва" з той кропкі, з якой глядзеў настаўнік, спрабуючы хоць у нейкай меры адчуць яго нявыказаныя ўражанні. Чаму нічога не сказаў? Эцюд не выклікаў эмоцый, думак?
Радасць ад пачутага пра валоў змяшалася з роспаччу пасля незразумелых уражанняў Куінджы ад эцюда, і ў гэтым стане, блізкім да разгубленасці, Фердынанду падалося, што хтосьці зноў пастукаў у дзверы. Вярнуўся Зеўс, як бывала неаднойчы, калі, чымсьці ўсхваляваны, выходзіў з майстэрні і ў хуткім часе з’яўляўся зноў, каб штосьці яшчэ сказаць або яшчэ раз паглядзець на нейкую работу вучня? Фердынанд паспяшаўся адчыніць дзверы: за парогам стаяў мужчына ў блішчастым футры, нібы святлом ад месяца аблітым, пад высокай, часоў Івана Грознага, шапцы баярына з тым самым срэбным бляскам. Ён шапку падкрэслена-ўрачыста зняў, пакланіўся, стрымана ўсміхнуўся і сказаў:
- Мяне вы, бачу, не пазнаяце?.. Я Дзягілеў.
- Ах!.. - спахапіўся Фердынанд. - Вы ўжо тут? Я атрымаў ваш ліст. Удзячны за прапанову.
- I я таксама вам удзячны, што пагадзіліся, як бачу, прыняць удзел у нашай выставе. З дарогі адпачываеце? Калі я тут не ў самы спрыяльны для вас час, прашу дараваць. Выстава гатовая да адкрыцця. Спяшаўся ўбачыць вас і вашы новыя работы.
Пераступіўшы парог і як не пачуўшы прапановы зняць футра, госць адразу, нібы ў знаёмай яму кватэры, прайшоў у майстэрню, дзе на падлозе ля сцяны стаялі карціны, якія Фердынанд паказваў Куінджы. Знаёміць з "Зямлёю" не хацеў, падрыхтаваўшы яе на галоўную для сябе акадэмічную выставу, тым больш, што Куінджы яе не толькі бачыў, але і блаславіў. Ды госць ужо спыніўся ля карціны. Прыбраць з вачэй спазніўся, і выйсце з непрыемнага становішча цяпер было адно: хутчэй звярнуць увагу на "Лістападаўскі світанак", што і зрабіў, паставіўшы работу бліжэй да "Зямлі". Углядаючыся то ў адну карціну, то ў другую, госць не спяшаўся выказацца пра іх і пацікавіўся, ці ёсць зімовыя матывы, успомніўшы ды ўхваліўшы леташні заледзянелы "Млын". Фердынанд паказаў на "Крэва". Госць слізгануў па ім вачыма, не зачапіўся і зноў павярнуўся тварам да карцін.
- Поле з валамі? Арыгінальна. Але, прызнаюся, я гэтакага не бачыў ні ў натуры, ні ў мастацтве. Магчыма, што тэма для кагосьці значная, але...
- Яшчэ нібы меў штосьці пра валоў сказаць, ды не адважыўся, загаварыў пра "Лістападаўскі світанак": - Ёсць рух паветра. Падабаецца карэта. Але дарога, снег... Тут шмат алеаграфічнага, невыразнага. Хацелася б убачыць матыў цалкам зімовы.
Читать дальше