Яшчэ праз хвіліну нейкая розга гучна лязгнула па Тарасікавай скрынцы, Жаркоў прыпыніўся, каб сказаць: «Цішай!» − і ў гэты момант цемра над балотам раптам прарвалася, ноч знікла, здалося, загарэлася неба, незразумела і суладна ў светавым жаху крутнуўся і шаснуў убок хмызняк; доўгая цень Тарасікава матлянулася між кустоў і смыкнула да хлопца. Імгненна адчуўшы бяду, Жаркоў распластаўся на лёдзе і закінуў угору голаў − у небе, губляючы вогненныя кроплі, імчала на іх ракета. Наўздагон ёй данёсся глухаваты кароткі стрэл.
Жаркоў сцяўся ад неспадзяванасці, прыціснуўся к долу, адчуўшы, як нешта абарвалася ў яго грудзях. Пакуль яшчэ ракета імчала ў небе, хлопец зірнуў убок, але ў кустоўі адно толькі ззялі на лёдзе агністыя плямы-водбліскі, перарэзаныя чорнаю блытанінай ценяў. Нікога з яго байцоў нідзе не было відаць.
Ракета патухла, сяржант пачакаў крыху, аслеплены цемрай, і толькі памкнуўся ўстаць, як у неба ад вёскі скокнулі адразу дзве новых, недзе збоч і зводдаль яшчэ адна, і адразу ж захлібнуўся, загрукацеў, разбурыў цішыню кулямёт. Як і надвячоркам, мільготкія апантаныя пісягі-трасы пранізалі хмызняк.
«Заўважылі… заўважылі… заўважылі… − стукала ў грудзях сэрца. − Эх ты!.. Эх!..»
− Бягом! − гукнуў Жаркоў на Тарасікава, які знік недзе побач, і раптам выразна адчуў, што ўсё задуманае, спадзяванае паляцела ў нябыт. Іх убачылі, асвяцілі, асляпілі, далей не было ўжо чаго таіцца, трэба было як мага хутчэй прарвацца з балота пад укрыццё маленькага ўзмежка пад плотам на краі гародаў.
− Наперад бягом! − другі раз праз грукат чэрг крыкнуў ён у кусты. Ракеты пагаслі ў паветры над лазняком, адно толькі секлі, снавалі, сыхозіліся і разміналіся імклівыя струмені трас. Балацявіна загрукала рэхам ад стрэлаў, трасы стрыглі, секлі хмызнякі і ганялі ў лёдзе агніста-мільготкія водсветы.
Спатыкаючыся і абдзіраючы твары, яны праскочылі праз апошні на краі балота лазняк і выбеглі на зіхатлівы ад трасоў прастор. Трасы імпэтна мільгалі на вышыні чалавечага росту і па-над самай зямлёй, але ўсё ж узмежак ля гародаў затуляў невялікі, метраў у дваццаць, беражок балота. Жаркоў упаў і, штурхаючы перад сабой кулямёт, папоўз па лёдзе туды, на рубеж атакі.
«Скарэй!.. Толькі скарэй!.. Ну скарэй жа! Скарэй», − роспачным унутраным крыкам-воклічам падганяў ён самога сябе, стараючыся як мага хутчэй дапаўзці да ўзмежка, дзе можна было затуліцца ад кулямётаў. Некалькі куль дзёўбнуліся каля яго, у хлопцаў твар пырснула крошкамі лёду, але ён не спыніўся, не захінуўся за кулямётны шчыт − ён толькі азірнуўся. Тарасікаў, лязгаючы скрынкамі, поўз следам. Вялізная зялёная каска напаўзла хлопцу на самыя вочы, і ён, відаць, не мог яе паправіць. Гушчына нешта не відаць было, але воддаль пад узмежак поўз яшчэ нехта. І раптам сяржант убачыў, што нехта ўжо апярэдзіў усіх і ўжо туліцца, варушыцца пад самым плотам, нібы прыладжваецца, каб распачаць страляць. «Малайчына! − падумаў Жаркоў. − Хто ж гэта?» Той чалавек сваім прыкладам умомант надаў сілы і рухавасці, Жаркоў, напяўшыся, штурхнуў наперад сцежалелы кулямёт, потым яшчэ і яшчэ. Трасы штораз усё вышэй адрываліся ад зямлі, ужо можна было прыўзняцца на лакцях, і неўзабаве сяржант, абліваючыся потам, спыніўся перад узмежкам.
Ракеты адна за адной палілі начное неба, шыпелі, падалі, гарэлі ў марозным паветры, і камандзіру не трэба было дужа ўглядацца, каб убачыць усё, што рабілася ў яго ланцугу. Пад узмежак прыпоўз Тарасікаў, зводдаль пад плотам ляжалі яшчэ тры невядома чые постаці, двое распласталіся ззаду на лёдзе − можа, паўзлі, а можа, былі ўжо забітыя. Астатніх пакуль не было нідзе. Кулямёты ўсё білі цераз іх галовы, начны прастор гудзеў і калаціўся ад дзесятка грукатлівых чэрг.
«Але дзе ж той сігнал?» − трывожна схамянуўся Жаркоў, лежачы пад узмежкам. Хлопцу здалося, што ён завельмі прамарудзіў у балоце, што сігнал ужо быў, а ён не згледзеў яго, што рота спазнілася выйсці на рубеж атакі. Яшчэ ён не мог даўмецца, чаму немцы адбівалі атаку аднымі кулямётамі, а мінамёты іх, прыстрэленыя па балацявіне, чамусьці маўчалі.
Горача часта дыхаючы і шчыльна прыціснуўшыся да калючага ад марозу долу, Жаркоў прыслухаўся, стараючыся вызначыць што-небудзь у стагалосым грымоцці бою. І тады ён учуў, што мінамёты білі. Калі зацяць дыханне, дык выразна чутна было іх таропкае, глухаватае ў далечы «ках-ках… ках… ках…». Крыху збоч за вёскай ірваліся іх міны, − здаецца, немцы білі па суседніх чацвёртай і пятай ротах. Дык вось чаму нейкім чынам хоць трошкі пашанцавала гэтай іх маленькай жменьцы людзей, якая называлася шостай ротай. Жаркоў яшчэ ўслухаўся − начная далеча за ўзгоркам збоч вёскі таксама гула і стагнала ад кулямётнага стукату і грукату мін.
Читать дальше