І памалу зноў сцягваліся на пляц гледачы, і цар загадваў пачаць пакаранне новых змоўнікаў: пасланца-дзяка Віскаватага, казначэя Фунікава і колішняга любімца Басманава. Першага павесілі за ногі і, як кабана, пасеклі доўгімі нажамі. Другога аблівалі то кіпнем, то ледзяной вадой, пакуль мяса само не пачало адставаць ад костак. Басманава ж цар загадаў уласнаручна забіць свайму сыну — царэвічу Фёдару, спадчынніку маскоўскага стальца.
Іван адпрэчыў ад сябе ўсё старое акружэнне ўключна з радавітымі баярамі, а наблізіў бязроднага мужыка, за якім назіраў яшчэ ў час ад’езду з Масквы — Ваську Гразнага.
— Баяры прывыклі здраджваць свайму гаспадару, — сказаў яму цар, калі паклікаў да стала. — І не толькі баяры… Вось быў пры двары маім круглагаловы сабака Адашаў… Не вядома, якім чынам узняўся да служакі… Мы ж узялі яго з гноя і зраўнялі з вяльможамі… — цар уздыхнуў і завяршыў: — Глядзі ж! На вас, мужыкоў простых праваслаўных, у мяне апошняя надзея засталася — на вернасць вашую і адданасць.
— Ты, цар, як Бог для нас, бо з малога чалавека вялікага можаш стварыць! — узрушана выгукнуў Васька Гразны і кінуўся цалаваць цару ногі.
Склаў свой белы клабук мітрапаліт Афанасій, спусціў дух у руках набліжанага Іванам служніка Малюты Скуратава непакорны мітрапаліт Філіп — а гнеў царскі аніяк не супакойваўся. Яго наноў запальвалі словы даносчыкаў — і тады нішчыліся ўжо цэлыя гарады. Выгналі з Ноўгарада злодзея і бадзягу Валынца, а ён, перахоплены раз’ездам апрычнікаў, распавёў аб страшнай змове сваіх крыўдзіцеляў — ноўгарадскіх жыхароў — з Жыгімонтам. Нібыта, бажыўся, і дамову тую з подпісам ноўгарадскага мітрапаліта Пімена бачыў, і ведае, што яе за абразом Божай Маці ў храме Сафіі хаваюць.
Так было ці не, але Іван сам узначаліў апрычнае войска — і дарогу ад Кліна да Ноўгарада ператварыў у пустэльню. Перадавыя сотні ўварваліся ў Ноўгарад і да прыезду цара выстраілі ўсіх святароў і дыяканаў на правеж.
У горад у суправаджэнні паўтысячы стральцоў прыехаў цар з сынам. Ён пажадаў смерці здраднікам і загадаў мітрапаліту Пімену служыць абедню ў Святой Сафіі. Затым весела паабедаў ва ўладыкі — і мітрапаліта з чэляддзю, сарваўшы адзежы, кінулі ў склеп. На другі дзень хваля катаванняў накрыла і гараджанаў. Іх сотнямі правяралі агнём і жалезам на рынкавай плошчы, а затым гналі да Волхавай быстрыні, якая зімой не замярзала, — і тапілі. Дзяцей прывязвалі да мацярок, мужчынам, каб не супрацівіліся, скручвалі за спіны рукі. Да вечара па рэчцы ў лодках соўгаліся — як страшныя хароны — апрычнікі і дзідамі дабівалі жывых…
Рабаваліся манастыры, і асатанелыя царскія вершнікі ў чорных манашскіх рызах аддана прысягалі свайму дабрадаўцу:
— Мы збудуем у тваёй, цар, Слабадзе манастыр праведны! Ты — наш ігумен! Скуратаў — панамар пры табе!
Прывязаўшы да падсядзёлкаў сабачыя галовы ды мётлы, яны яшчэ з дзень пагойсалі па апусцелых абшарах ды разам з царом скіраваліся да Пскова. На заснежанай дарозе сустрэлі босага юродзівага, закутанага ў смярдзючае рыззё.
— Хочаш? — ён дастаў з-за пазухі кавалак мяса і працягнуў Івану.
— Пост! — крыкнуў яму цар.
— Пост?! — вытарачыў вочы юродзівы. — А мяса чалавечае табе хто дазволіў жэрці?
Увішны Скуратаў ужо ўзняў над нябогам шаблю, але цар крутнуў галавой:
— Хай ідзе Божы чалавек сваёй дарогай.
І загадаў вяртацца ў Маскву.
Надарвалася ў ім штось — і сам разумеў тое, але звязваць ні сілаў, ні ахвоты не было. Колькі ж можна: ні дня без клопатаў, звадак, даносаў, разборак? І чым далей — тым больш. А тут яшчэ як пацукі з карабля — пабеглі тыя, каму найбольш давяраў, каго настаўнікамі ці вучнямі лічыў.
«Заяц… Ці бачыце, не ўнаравіў яму, не паслухаў! То сімволіка яму не тая, то сказаў не тое, то газету нейкую прычыніў. Ну сядзі б, здавалася, на старасці як у бога за пазухай, адпачывай, лячыся ды радуйся сваім апошнім райскім гадáм! Не! Карціць вучыць, усё роўна як за жыццё не навучыў… Не студэнт жа я яму вечны! Пагражаць мне яшчэ будзе… Вось і поркайся цяпер, памідоры на лоджыі вырошчвай!
Ці яшчэ гэты змейчык-тэлежурналісцік… І тое яму, і гэта! З рук жа маіх карміўся… Хрукай ты спакойна, здавалася б, ля карыта…»
Але не гэта — галоўнае. Перадалі вынікі апошніх засакрэчаных апытанняў: рэйтынг ягоны да плінтуса апусціўся! Гэтаму электарату — хоць у паркет разбіся — пачалі імпанаваць песні ролікавых ды іхніх падпявалаў! А надвор’е такое, што хапае і адной іскры! Рабочыя з каскамі на мастах паселі… Пенсіянеры-мухаморы помнікі старым правадырам абляпілі… А гэтыя сонныя свінні з Думы ўжо імпічмент гатовяць! Узяць бы — і швайкай пад бок…
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу