Спецслужбы харахорацца: то адзін варыянт, то другі прапануюць, — а ў яго нечакана на ўсё рукі апусціліся. Колькі ж можна? Які гэта пуп вытрымае? Нават пасля той далбанай аперацыі з плацэнтай…
Канчаткова сарваўся ён пасля гісторыі з той чарнявай студэнткай Кацярынай… Раней выпіваў толькі сімвалічна, а тут пайшло-пацякло: каньяк — віскі, віскі — тэкіла. Усю восень у Варанісе — гульбы-пацехі. І даўгалыжкі-манекеншчыцы, і грудастыя спявачкі, і прасунутыя інстытуткі… Жакей штодня соўгаўся з неадкладнымі праблемамі, а калі патрапіў на больш-менш працверазелага правіцеля, пачуў безапеляцыйнае:
— Ды пайшло ўсё нá хер! Стаміўся я — і сыходжу. Дзяржаўнае ўтрыманне мне да смерці гарантавана Канстытуцыяй, а вы ўсе, калі я не падабаюся, шукайце лепшага! Пагляджу, што атрымаецца…
І пакуль што — не атрымлівалася анічога. За правіцелем, адчуўшы штось падазронае, падаліся — у ягонай свіце — два найбольш вушлыя нафтагазавікі, а затым — і ўвесь урад. Натуральна, не пакінулі свае дзялянкі спецыялісты ў штацкім, якія былымі, як вядома, існаваць не могуць.
Улада перайшла да Думы, але ж заканадаўцы — не выканаўцы! Закульгала ўся дзяржаўная сістэма. Пачаліся перабоі ў здабычы і пастаўках нафты і газа — і, як вынік, аграмадны недабор падаткаў у бюджэт. Акцыі ўпалі. На рынках — абвал. Скокнула інфляцыя. Зноў — затрымкі ў выплатах заробкаў і пенсій, неразбярыха і пустыя паліцы.
Ну трыбунілі эканамісты з Народнай лігі, што ва ўсім вінаваты рэжым, які дабіў краіну, штось блёўталі пра банкруцтва Цэнтрабанка, пра папярэднія непамерныя крэдыты ды адсутнасць золатавалютных запасаў. Але ад тых прызнанняў у людскіх ратах саладзей не рабілася! Яны ўсё часцей і часцей пачалі згадваць Мароза, і пад Новы год… ён вярнуўся!
На белым кані-алені і з дэкрэтам аб узнаўленні сваіх кіраўнічых функцый — у імя выратавання нацыі і вываду краіны з эканамічнага калапсу.
У той жа дзень правіцеля падтрымалі і спецслужбы, і паліцыя, і войска, якіх без яго пачалі ўжо скарачаць.
У мэтах навядзення належнага парадку была распушчаная Дума, а некалькі дзясяткаў незгаворлівых дэпутатаў павучылі каванымі ботамі і выкінулі з будынка.
— Аніхто з іх не павінен абрацца ў склад новага парламента… — як ужо аб вырашаным мовіў правіцель падчас начной нарады з сілавікамі. — Акрамя тых, хто пакінулі Думу адразу пасля майго сыходу… Па сталіцы і рэгіёнах — татальны кантроль! Асабліва — недабранадзейных! Задзейнічаць усе сілы і сродкі! І яшчэ… Раніцай разблакуйце мой сакрэтны стабфонд. Трэба тэрмінова выплаціць народу пенсіі і заробкі. Асабіста праверу! Усё.
Каменная ноч паглынала горад. Высокія сцены, якімі кіраўнікі стагоддзямі аддзяляліся ад свайго народа і якія новыя ўлады штораз размалёўвалі ў свой колер (як, зрэшты, і рэзідэнцыю), — тыя сцены нястомна кідалі на пустыя заснежаныя вуліцы доўгія цені. Памаранчавая поўня зачапілася за званіцу Архангельскага сабора і дрыжэла на марозе.
Нібыта рапартуючы ёй, нясмела міргалі жоўтымі зрэнкамі светлафоры. Завые там-сям сірэна, пратарахорыць, узнімаючы снежны пыл, БТР ці пранясецца зацемнены аўтобус з вайскоўцамі — і зноў ціша, зноў адно мёрзлыя доўгія цені.
Пасля нарады правіцель прайшоў праз пакой адпачынку да асабістага ліфта.
— Іван Уладзіміравіч, можа, што яшчэ загадаеце? — пачуўся за ягонай спіной мяккі голас усюдыіснага Жакея.
Правіцель марудна павярнуўся, бліснуў змораным, але — чаго не было даўно — задаволеным тварам, вусны ўзняліся ў нечаканай усмешцы. Ад былой памаладзеласці — ані знаку: зноў мяшкі пад вачыма, маршчыны на залысінах. Скура пажаўцела, а вочы пад кароткімі веямі — як жоўцю налітыя. Кіўнуў-падазваў пальцам — і, выцягнуўшы шыю, марудна прашаптаў памочніку ў вуха:
— Асабіста, кажу, праверу… Усё…
Затым спакойна ступіў у ліфт і націснуў кнопку «Х», якой у іншых ліфтавых кабінах Адміністрацыі не было. Толькі гэтая шахта магла ўзняць свайго пасажыра наўпрост да верталётнай пляцоўкі ды браніраванай сакрэтнай залы…
Святло ў простакутным люстэркавым пакоі з выхадам да двух калідораў уключылася аўтаматычна — як толькі спыніўся ліфт.
Лічбавы код, прыстаўленая да экраніка зрэнка — і тоўстыя дзверы ссоўваюцца. Ад ног да ўзвышэння па ўсёй вялікай зале па чарзе ўспыхваюць электрычныя паходні. Пакуль правіцель крочыць наперад — у цэнтры на столі загараецца пяцікутная жырандоля — і высвечвае старадаўні белы трон.
Новы гаспадар зачаравана пагладзіў яго выразаныя са слановай косці падлакотнікі, спінку, выяву залачонага візантыйскага арла — але не сеў, а падаўся далей, дзе — нібыта ў заалтар’і — на чорным мармуровым пастаменце ляжала чорная рáка-труна з парэшткамі цара Івана Жахлівага… Ляжала ўжо шэсць месяцаў — акурат з таго часу, калі гаспадар кабінетаў знізу вырашыў быў пакінуць іх.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу