Вільня вітала пераможцаў ды іхняга вайскаводцу Мікалая Радзівіла, які праз тры дні ўехаў у Вострую Браму на белым кані князя Шуйскага, зняў аброць — і кінуў пад ногі гараджанаў.
Масква ж сустрэла горкую вестку аб паразе сваіх палкоў. Цар у той вячэрні час баляваў з набліжанымі баярамі ў трапезнай. Ганца выслухаў спакойна, нават і брывом не павёў — толькі твар збялеў. Выпіў «Петэрсімоны», абышоў укруга стол і наліў з вялікага гляка кожнаму, паламаў хлеб і расклаў на срэбную місу, доўга глядзеў на яе, а потым, дзіўнавата ўсміхнуўшыся, аднатонна загаварыў:
— Аддаюць юды цела маё на закланне. Здрада скрозь сцены точыцца. А таму, друзі мае нямногія пакліканыя, піце кроў маю, ешце цела маё, — ён паказаў рукой на віно і хлеб. — І хай збудзецца, што наканавана…
Прысутныя маўчалі, а ў грудзях Івана пачынала разгарацца ярасць. Ён памкнуўся прытушыць яе, захадзіў, хітаючы галавой, уздоўж сцяны, але вока выхапіла бляск дзіды ў руках аднаго з вартавых-стражнікаў — і цар з хвілю заварожана гладзіў прахалоднае вастрыё, а потым вырваў дзіду, узняў над сталом і прашаптаў:
— А пакуль нашая кроў на галгофу пацячэ, паглядзім, якога колеру яна ў нашых супастатаў! Усе на паляванне!!!
Вячэрняя сходня ўскочыла і прыспешыла за царом — праз тронную залу, каланадны калідор да ўваходу ў лёхі, у сутарэннях якіх ужо год гнілі дзясяткі літоўскіх вязняў.
— Рэж адступнікаў! — закрычаў цар і ўвагнаў дзіду ў нечае амаль нерухомае цела. Зіркнуў на памагатых, скрывіўся: — Чуеце, які ванючы злыдух з іх выходзіць?!
Пакуль баяры дабівалі палонных, цар праз іржавыя крáты глядзеў у напоўненыя лютым жахам вочы чарговай ахвяры. Пакруціў дзіду, пагладзіў і гэхнуў у вязня. Але нечакана той — колішні полацкі разбяр — хітнуўся ўбок і перахапіў дзіду. Нябога настолькі схуднеў, што некалі цесныя вяроўчыны лёгка спаўзлі з ягоных рук — касцей, абцягнутых скурай. Апошняй сілы яшчэ хапіла, каб накіраваць вастрыё ў цара, але неадступны Мацей выскачыў наперад — і дзіда прабіла яму даланю і ўвайшла ў сэрца.
Разбяра пасеклі на кавалкі і крыху супакоіліся.
— А цяпер — наверх! Вып’ем за будучыя перамогі ды аплачам друга нашага! — дрыготка мовіў цар і, пацалаваўшы яшчэ цёплы лоб Мацея, паценяваў да сходаў.
Спелым вясновым ранкам яна — як і звычайна — са студэнцкага інтэрната накіравалася да метро. З не па правілах прыпаркаванага каля падземнага перахода чорнага «Ландкрузэра» насустрач ёй выйшаў усмешлівы Жакей:
— Кацярына Аляксандраўна?
— Я… — здзівілася дзяўчына.
— Добрай раніцы. Маю гонар і радасць паведаміць, што Вы абраныя тварам нашай сталіцы і запрошаныя на працу… у Цэнтр прыгажосці пры міністэрстве культуры, — Жакей зноў далікатна ўсміхнуўся і, мякка ўзяўшы Кацярыну пад лакаток, паспрабаваў адвесці да машыны, але ў дзяўчыне ўспыхнула змаганне здзіўлення і збянтэжанасці.
— Пачакайце… — Яна адвяла незнаёмую руку. — Але ж я нікуды не падавала заяў…
Твар Жакея стаў сур’ёзным і адказным:
— На тое яна і дзяржава, каб клапаціцца аб самым дарагім, што ў ёй ёсць…
Але тыя пафасныя словы яшчэ больш устрывожылі Кацярыну.
— І што я мушу рабіць у тым Цэнтры прыгажосці? — з непрыхаваным недаверам, часцей заміргаўшы доўгімі веямі, спытала яна.
— Ну… Чыста прадстаўнічыя функцыі… Мадэльнае агенцтва, тэлебачанне, цырыманіяльныя ўрачыстасці. Скажам, першым асобам краіны падаць каву. Сустрэць каго з хлебам-соллю… — Жакей напусціў на твар гуллівасць. — Ды што мы аб усім на вуліцы гаворым? Запрашаю ў Цэнтр! — Ён кіўнуў на машыну. — Пад’едзем, і самі пабачыце…
Кацярына ўважліва зірнула ў шчырыя вочы Жакея і гарэзна адказала:
— Ведаеце, Цэнтр Прыгажосцевіч… Прабачце, бо так і не прадставіліся… Не хачу паказацца банальнай, але з незнаёмымі мужчынамі на чужых машынах я не езджу.
— Прабачце, загаварыўся на радасцях… Я Віктар Віктаравіч. Вось мая візітоўка. Там тэлефон і адрас. Чакаем вас у любы зручны час… Толькі неадкладна сёння ці заўтра. Дамовіліся?
Кацярына паціснула плячыма.
— Не забудзьце, калі ласка! Ча-ка-ем. — Жакей даліканта схіліў галаву і, яшчэ раз усміхнуўшыся, пашыбаваў да машыны. Прасачыўшы, як Кацярына схавалася ў падземным пераходзе, моцна прыкусіў тонкую губу і завёў рухавік…
Праз два дні ён першым патэлефанаваў дзяўчыне на сотавік:
— Кацярына Аляксандраўна, вітаю вас! Гэта Віктар Віктаравіч… Што здарылася? Чаму не прыехалі? У вас усё добра?
— Дзякуй, добра…
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу