Народ патанаў у разгубленасці. Заробленыя за месяц грошы за некалькі дзён з’ядала інфляцыя. Цэны раслі. Раслі ў сталіцы ды па-за ёй і княжскія палацы. Першымі — чыноўнікаў ад партыі, саўміна і нафты. Следам — і тых, хто меў магчымасці-«сувязі»: браў у банках крэдыт, пераводзіў «паперкі» ў валюту — і праз паўгода аддаваў пазыку, а за астатак будаваў сабе шматпавярховыя харомы, уцякаючы з бетонных гарадскіх катухоў. А тыя, хто заставаўся ў хрушчоўках, люцелі ад зайздрасці і злосці.
Словам, як і прадказваў акадэмік Заяц, які стаў кіраўніком перадвыбарнага штаба апальнага кандыдата ў прэзідэнты, падзеі разгортваліся вельмі спрыяльна. Насенне падала на дабрадатную глебу, з-пад якой прабіваўся заканамерны адказ: каб разабрацца з усімі злодзеямі, «праўдарубу» Марозу не хапае ўлады…
Пасля Велікодных святаў апячаталі і гістфакаўскі «Ленінскі» пакой — аднак яго апантаны гаспадар прарваўся ў часовы штабны прытулак, спешна сабраў журналістаў і ва ўніверсітэцкім калідоры, запоўненым здзіўленымі студэнтамі і выкладчыкамі, даў прэс-канферэнцыю.
— Было перавернута ўсё нават у халадзільніку, — абураўся ён. — І гэта ва ўніверсітэце, храме навукі. Які прыклад моладзі?!.. Шукалі на сябе кампрамат, каб знішчыць… Але праўду не схаваеш і не ўкрадзеш! І вось нядаўна мне паведамілі, што Дума плануе зняць з мяне дэпутацкі імунітэт. Аднак няхай яны запомняць: народнага кандыдата ў прэзідэнты Мароза не запалохаць!..
А тут — то машына з «праўдарубам» з моста зваліцца, то ў самалёт не пусцяць… І новыя чуткі папаўзлі па гарадах і весях: з ім ваююць, значыць — баяцца.
Разам з пасведчаннем кандыдата ў прэзідэнты Мароз і яго каманда атрымалі магчымасць афіцыйных сустрэчаў з выбаршчыкамі: на стадыёнах, у залах, на заводах і фабрыках. І калі даверлівы і шчыры ў сваёй любові і павазе электарат пачаў сотнямі і тысячамі ўкленчваць перад ім, Мароз канчаткова паверыў у сваю зорку, у сваё месіянства.
І ён не шкадаваў ні сілаў, ні часу, ні пагрозаў, ні ўсмешак, ні абяцанняў.
…І ён — перамог.
І ў сваёй новай ролі выглядаў упэўнена і спакойна.
— Вынікі выбараў я расцэньваю як вотум народнага недаверу ўраду і мясцовай бюракратычнай уладзе, якая тлусцее на народным горы, — адказаў ён на першае журналісцкае тэлефанаванне-віншаванне ў ноч падліку галасоў. — Цяпер краіна зажыве па-іншаму. Мы адбяром усё нарабаванае! Выкінем злодзеяў з заводаў! Народ уздыхне вальней. Цэнзура ў прэсе будзе адменена, як і манаполія дзяржавы на сродкі масавай інфармацыі. Годзе, нацярпеліся хлусні!..
Вярхоўная Дума на сваім чарговым пасяджэнні ўрачыста абвесціла Івана Уладзіміравіча Мароза першым прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт прамовіў прысягу, а вечарам усе — нават колішнія ворагі — былі запрошаныя ў рэзідэнцыю на ўрачысты прыём.
У радасцях і эйфарыі, падалося, Мароз і яго каманда не заўважылі, што на інаўгурацыю прыехала зусім мала замежных дэлегацый. Ды і ўзровень іхняга прадстаўніцтва быў не вышэйшым: два спікеры парламентаў краін-суседак, тры віцэ-прэм’еры, а ў астатнім — паслы ды «нафтазацікаўленыя» грамадскія дзеячы…
1547, 1549, 1551 гады
Мядовы месяц (праз два тыдні пасля вянчання на царства Іван IV ажаніўся з баярскай дачкой Анастасіяй Захар’інай-Кошкінай) прайшоў для Крамля спакойна, як і два наступныя месяцы. Грашавітыя месцічы прызвычайваліся да новых правілаў-законаў і амаль не адчувалі зменаў.
Не адчувалі іх і служывыя, даведзеныя за гэты час да галечы і злосці. У Крэмль з розных краёў пайшлі хадакі-чалабітцы. Калі хто з іх здалеў данесці сваю злыбяду да царскіх вушэй — ляцелі галовы, кроў пырскала на лобнае месца, і ўсё зноў аціхала.
І так — два гады. Цар пасылаў у гарады сваіх намеснікаў, а атрымлімваў ад іх лісты са скаргамі на непаслушэнства баяраў. Бездажджлівая вясна прарочыла спякотнае лета і — голад, а казна не паўнела.
Калі разам з клопатамі надакучалі жаночае цела і начныя гульбішчы, ён выпраўляўся на паляванне. Звычайна, як і гэтым разам, у недалёкі ад Масквы Астравок. І дарога добрая, і лагчыны для загону зручныя, і дубы-алешыны высокія — твар не абдзярэш.
Царская выправа яшчэ ехала полем, калі Мацей, прызначаны ўжо галоўным пасцельнікам, узняў каня на дыбкі і гізануў наперад. За ім — з дзясятак ахоўнікаў. І толькі тады Іван заўважыў доўгі, падводаў у сорак, абоз: коні пасвіліся ўздоўж дарогі, калёсы — састаўленыя паўкругам, над імі сівеў дымок кастра.
Мацей вярнуўся праз некалькі хвіль узбуджаным:
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу