Рой устаў і сплюнуў жвачку проста ў печку. Самсон быў заняты чарговым глытком з бутэлькі. Мэрэй круціў самакрутку надзвычай старанна і вельмі лоўка.
Скоці нервова пстрыкаў затворам свайго трыццаціпяцікалібернага рэмінгтона.
— А чаму б і на самай справе нам не выправіцца туды, Скоці? — раптам спытаў Самсон.
— Не, выбачайце! — паўтарыў Скоці.
Рой больш не ўгаворваў Самсона. Але сам ён станавіўся ўсё больш перакананы ў сваім рашэнні.
— Хоць яшчэ раз па-сапраўднаму паглядзелі б на баброў, — усё больш горача разважаў ён. — А то тут на гэтыя пакінутыя хаткі глядзець гідка. Калі пойдзе бабёр, увесь лес апусцее, а бабёр сыходзіць, Скоці; мне ты можаш паверыць, ён сыходзіць. І ты гэта ведаеш, і я ведаю, і ўсе мы ведаем. Сыходзіць усё роўна як фермеры з Сент-Элена. Вылавілі звера, выаралі зямлю.
— Проста ты сп'янеў раней часу, — зазначыў Скоці.
— І ты, і інспектар, абодва вы толькі і ведаеце, што нагадваць мне, што я п'яны!
Усе яны добра выпілі, таму спрэчка разгаралася і пераходзіла на асобы, пакуль, нарэшце, Скоці не закрычаў, імкнучыся ўратаваць Роя ад самога сябе:
— Ты скончыш тым, што апынешся па-за законам, як Мэрэй!
Мэрэй зрабіў яшчэ глыток і спакойна слухаў іхнюю спрэчку.
— Я яшчэ не па-за законам, — пярэчыў Рой.
— Але хутка будзеш, — настойваў Скоці. — Пападзешся на незаконнай лоўлі ў заказніку, вось ты і па-за законам, Рой.
— Я не збіраюся пападацца, — крычаў Рой. — Я ўсё жыццё лавіў каралеўскую дзічыну, аднак не пападаўся. Так, я страляў каралеўскіх аленяў у самой Англіі і не пападаўся. Чаму ж мне трэба пападацца зараз?
Гэта была даўняя пахвальба Роя, кожны звералоў Муск-о-гі чуў ад яго самога альбо ад іншых, што Рой паляваў на каралеўскую дзічыну ў Вялікім Віндзорскім парку. Падчас першай сусветнай вайны часць Роя была раскватаравана ў ваколіцах гэтага парка, і Рой пераконваў, што забяспечваў аленінай увесь лагер, пералазячы праз каралеўскі плот, ловячы аленяня або лань і з дапамогай ротных кухараў замяняў ёю каніну, якую давала ім інтэнданцтва. Гэта была адна з лепшых ставак Роя ў яго гульні з жыццём, гэта, ды яшчэ тое, што ў шаснаццаць гадоў ён мог пахваліцца, што акружнасць грудной клеткі ў яго рэкордная для ўсёй Канадскай арміі.
— Чулі мы, як ты абедаў за кошт караля, — кісла перапыніў яго Скоці. — Толькі ў Віндзорскім парку не было ніякіх інспектараў, а ў заказніку іх пяць. І яшчэ, Рой, трэба ж калі-небудзь спыніць гэтае браканьерства.
Рой засмяяўся.
— Мы браканьерым толькі таму, што нехта назваў гэта браканьерствам. Пачакай, вось хутка інспектар аб'явіць мёртвы сезон на ўсе віды пушнога звера ў нашым Муск-о-гі і кожную злоўленую табой мыш таксама аб'явіць браканьерствам.
— Ну, гэтага яны не зробяць, — сонна азваўся Самсон.
Рой выпіў тое, што заставалася на дне бутэлькі. Гарэлка была густая і мутная, і калі яна абпаліла яму язык, да Роя вярнуўся заснулы гумар.
— Самсон, — сказаў Рой, — калі кароль аб'яўляе бабра пацуком, а рысь — мядзведзем, ён усё адно мае рацыю. Так сказана ў законе пра звералоўства і рыбалоўства. Губернатар таксама можа назваць кожную рэч, як ён захоча. Ён можа аб'явіць рыбу пушным зверам, ён можа ўсялякае стварэнне лічыць каралеўскай дзічынай і на ўсё заявіць каралеўскае права. Губернатар у дзяржаўным савеце можа аб'явіць бярозу піхтай, сасну — клёнам, возера — ракой, дрэва — каменнем. На тое ён і губернатар. І калі ён заявіць, што ты браканьер, дык, клянуся Богам, Самсон, ты ім і будзеш, чым бы ты на самай справе не займаўся. Дык чаму ж нам не браканьерыць? І чаму б нам не паляваць у заказніку? Што, хіба гэта не той жа лес? Усялякая дзічына належыць лесу, а лес належыць траперам, гэтаксама, як Сент-Элен належыць фермерам, а Сэдберы — шахцёрам. Ты верыш у тое, што ты браканьер, толькі таму, што браканьерам цябе называе губернатар. Так! А ты паспрабуй злавіць мяне, калі я залезу ў лес!
— Ты п'яны! — з агідай сказаў Скоці.
— Ваша прападобнасць, вельмі шаноўны айцец інспектар Скоці Малькольм, — прамовіў Рой.
— Дык што, ты і на самай справе туды збіраешся? — спытаў Скоці.
Рой засмяяўся.
— А што, там і праўда процьма баброў, Сахаты?
— А як жа, — сказаў Мэрэй, які з кожным глытком станавіўся ўсё больш спакойным, усё больш разважлівым.
— Тады чаму б не пайсці, — сказаў Рой. — Пайду. Хоць бы дзеля таго, каб паказаць нос гэтаму губернатару.
— Пакажы ім, Рой! — падтрымаў Самсон.
— Вось мы з табой і пакажам усяму свету, Самсон, — сказаў Рой.
— Мы з табой, — паўтарыў Самсон, устаючы на ўвесь свой рост побач з Роем.
Читать дальше