Адзначу, што ўзровень ягонай вуснай мовы быў значна горшым за мову тэкста, які прыйшоў мне на скрыню праз два тыдні пасля сустрэчы. Тут бы мне ўзрушыцца, запытацца: як так можа быць? Як чалавек, які толькі і можа, што запытаць: «Вы будаце кофэ ці капучыны», піша такія пранікнёныя радкі? Хіба не дзіўна выглядаў ужо першы абзац з развагамі пра снежань пасля ягонай няўдалай спробы пераказу сюжэта, спробы, у якой былі пераблытаныя канчаткі, часы ды націскі. Гаварыў ён хутка, не буду адмаўляць, але ж значная частка тых сказаў, у якіх было больш за два выказнікі, засталася для мяне незразумелай, бо ўяўляла сабой граматычную блытаніну: як быццам хтосьці ўсыпаў жменю канчаткаў ды лексічных асноў у банку з-пад распушчальнай кавы, патрос як след ды высыпаў на стол. Што да чаго выпадкова прыляпілася, тое і было агучана. Добра яшчэ, што ён падчас сустрэчы не казаў ні аб чым прынцыповым, разважаючы пра Памука, якога мог у родным склоне ў адным сказе ўжыць як «Памуку», у другім — як «Памукаў», у трэцім раптам вылазіў «Памукс», які, мабыць, паходзіў ад «ценю ангельскага `s», што яшчэ паўставаў у яго беларускай. «Але ж», —падумаў я і ўзважыў, ці вартая нават тая цыклапічных памераў сума, якая была прапанаваная мне, высілкаў корпання з тэкстам, напісаным чалавекам з такой дрэннай мовай. Але авантурызм перамог. Да таго ж, карцела паглядзець, што ўжо ён там накрэмзаў.
Я вярнуўся ў Беларусь, і мы пачалі камунікаваць з ім праз пошту. Тут адбылася дзіўная метамарфоза — ягоная мова расквітнела ды пахарашэла, як дзяўчынка, якая наблізілася да сексуальнага сталення. Я не скажу, што гэта была такая ўжо сфармаваная прыгажуня, там-сям яшчэ чапляла вока падлеткавая неахайнасць, вуглаватасць, але ж у гэтай мове пазнаваўся той, хто напісаў «Вырай». Гэта была такая моўная Лаліта — трохі больш высілкаў, і праз паўгода-год выхаваецца асляпляльнае прыгажосці «Міс свету ад Беларусі». А можа, і не. У тым уся прывабнасць лалітаў, што яны могуць ператварыцца ў звычайную бляклую цяжарную сучку, а могуць успырхнуць у нябёсы матылём. Іх пераходны статус утрымлівае адначасова ўсе якасці, уласцівыя непрывабным падлеткам ды самым фемінным істотам на зямлі, кшталту тых, што дэманструюць па Fashion TV.
Я атрымоўваў лісты, напісаныя па-беларуску лацініцай. Вельмі доўгія сказы. Адмаўленне арфаэпічнай «пявучасці» дзеля імкнення нашпігаваць сказ сэнсамі. Была ў гэтай прыгажуні адна асаблівасць — занадта ж русыя валасы і наўгародскія вяснушкі на носе, але пра гэта пагаворым пазней. Пакуль я быў здзіўлены тым, якая вялікая прорва палягае ў гэтага Джона Вілаў паміж вусным маўленнем ды пісьмовымі навыкамі. Звычайна ў людзей, якія вучаць другую мову, тым больш, такую складаную, як беларуская, маўленне засвойваецца прасцей за пісанне (складанасці якога абумоўлены яшчэ і тым, што трэба прывучаць вока да кірылічнага алфавіту). «Мабыць, шмат практыкаванняў рабіў і вось авалодаў пісьмовай граматыкай», — супакоіў я сябе. Я не разумеў тады, што за клавіятурай з таго боку сядзіць зусім не той лагодны, маўклівы амерыканскі італьянец, якога я спрабаваў угледзець за кожным новым прачытаным сакавітым беларускім словам (і дзе яны былі падчас жывой сустрэчы?). Не выключаю, што на скрыню мне прыходзілі лісты ад таго, хто быў змрочным рэжысёрам ці адным з рэжысёраў усёй гэтай спецаперацыі.
Урэшце, ён даслаў тэкст. Я не буду распаўсюджвацца тут пра якасці, бо занадта шмат сказаў на гэты конт у інтэрв’ю, якія папярэднічалі вылучэнню. Так, мне сорамна, сорамна, бо цяпер, калі сталі зразумелыя праўдзівыя матывы літаратурных заняткаў Вілаў, выглядае, што тэкст не толькі «геніяльны», як паўсюль трышчаў я, але ж вельмі пасрэдны. Ну так, чарговая гісторыйка кахання. Чытво для слязлівых жанчын. Але ж зразумейце і мяне: нам трэба было штосьці супрацьпаставіць шумнай ды зусім не літаратурнай славе аднаго рускамоўнага выскачкі, які за грошы маскоўскіх карпарацыяў паспрабаваў загіпнатызаваць ды зачараваць беларускага чытача сваёй нібыта забароненай кніжачкай, узлезці на пастамент, на якім павінны стаяць беларусы. Беларусы, а не ён! Трэба было адказаць гэтай арміі дэманаў, за спінамі якіх — прывіды Пятра, Суворава, Мураўёва, ды адказаць адразу ўсёй грамадой, супольна, паказаць, што ў нас ёсць вартасныя беларускамоўныя тэксты. І што нават калі амерыканец здольны напісаць раман па-беларуску, дык што казаць пра тых беларусаў, якія блазнуюць, што не могуць засвоіць мову, небаракі! Цяпер робіцца зразумелым, што мае лепшыя памкненні былі выкарыстаныя, прычым зусім не для мэтаў літаратуры. Я прашу прабачэння ва ўсіх тых, каму не спадабаўся «Вырай», але ж мы яшчэ стрэлім!
Читать дальше