Яе прамова ўзрушыла мяне, аднак я не бачыў, як яна стасуецца з яе страхам. І мне здавалася, што любы здаровы чалавек заўважыў бы, што ёй няма чаго баяцца. З курсу псіхалогіі я памятаў, што для збянтэжанага розуму логіка — не падмурак для супакаення, што ніякія аргументы не спрацуюць, калі цела, мозг, псіхіка працягваюць баяцца. Паспрабаваў яшчэ адзін тэзіс:
– І ты думаеш, яны там гэта разумеюць? І будуць паляваць на цябе, каб забіць тую будучую Беларусь? Нейкі «Тэрмінатар» атрымоўваецца! Ты ў ролі Сары Конар, маці збавіцеля. А я ў ролі Джона Конара, яе абаронцы! І бацькі збавіцеля…
Спроба ацверажальных кпінаў не спрацавала:
— Не зубаскаль, дурань! Нічога яны не разумеюць. І, вядома, яны лічаць, што тая грымотная, сцюдзёная дзяржава, пабудаваная на падмурку агрэставых карпусоў, цёплага ды халоднага, будзе існаваць вечна. Яны ізалююць, стэрылізуюць, нейтралізуюць мяне з меркаванняў бацькоўскай клапатлівасці. Нельга ж быдлу сыходзіць з дома ды гойсаць па лясах. Яно ж належыць гаспадару, і менавіта гаспадару трэба вырашаць лёс! Я бачу ты не разумееш логікі, дык раскажу табе пра сваю котку.
Была ў мяне котка, старая, мы з маці вельмі ж яе любілі… Бо, здаецца, яна была маёй аднагодкай і нават неяк удзельнічала ў маім выхаванні. Так-так, я менавіта таму такая дзікая! Дык вось, адным залацістым жніўнем кошке прыйшоў час сыходзіць, з яе дыягназам можна было пражыць тыдзень ці два. Яна яшчэ магла рухацца, але ўжо зусім нічога не ела ды ўсё намагалася збегчы з дому паміраць. Бо ў кашачых ты ведаеш… Яны знаходзяць месца, яны ж мудрэйшыя за людзей… Знаходзяць месца… І застаюцца там… Назаўсёды. Дык, ведаеш, як маці прыехала ад доктара, я адразу ж пачала будаваць ёй хацінку. І добра ж атрымоўвалася! Думала насыпаць корму, адвезці ў лес, каб яна пажыла, развіталася са светам, а там, можа, знойдзе зёлак ды ачуняе… Кошкі ж… І вось, калі хацінка была гатовая, я прыйшла дадому па яе і заўважыла, што Крысціны няма… Я яе шукала да самага вечара, пакуль маці не прыйшла з працы. Маці мне ўсё растлумачыла. Яна зраніцы завезла Крысціну да доктара, дзе той пагаліў ёй лапу і ўкалоў у вену атруту.
«Ён усыпіў Крысціну», —сказала ёй маці. «Усыпіў»— гэта такое слова, каб пазбегнуць дзеяслова «забіў». (She told that they use word like «asleepening» or «getting to sleep» instead of «mercy killing» which is used in English — I do not know, how to translate it, but make it hurt, Janka!). І Наста запытала ў маці: «Навошта ты гэта зрабіла? Я ж яе так любіла!». І маці адказала: «Менавіта з-за таго і забіла! Бо любіла!» І Наста зразумела, што ў іх вельмі рознае адчуванне клопату. Што ў маці — таксама, як і ў той дзяржавы, якую маці лічыла ідэальнай і якую ўласнай прыхільнасцю да гэтай дзяржавы невыносна і няспынна стварала вакол сябе, «клапаціцца» азначае быць адказным нават за смерць, якая павінна быць гарантаванай і абавязковай. Ты бярэш істоту, ты яе песціш, ты даеш ёй корм, але ты павінен забяспечыць ёй упакаваную, клапатлівую, непазбежную смерць, калі гэтая жывёла пакутуе і ты ўласнымі сіламі (даволі абмежаванымі, бо што ёсць свет чалавека ў параўнанні са светам коткі) не можаш ёй дапамагчы, ты павінен яе забіць, каб забяспечыць тым самым гарантаванае ды гігіенічнае пазбаўленне ад уласнасці. Стаўленне да хворага жывога на маёй радзіме, — патлумачыла яна, — як да металічнага хламу, у які ператварылася тваё колішняе аўто. Ты павінен utilize it.
І Насту таксама трэба utilize. Ці адвесці да дактароў, каб зрабіць аперацыю па выдаленні злаякаснай і метастазуючай радзімы, якую яна носіць у сабе.
— Бачыш, нават у выраі мяне не пакідае Беларусь, — горка ўсміхнулася яна…
— Але мы вырашылі, што гэта не вырай… Гэта чысцец. Тут трэба пакутаваць ад ачышчальнага агню. А вырай будзе пазней. Але я на тваім месцы спыніў бы гэты лямант на тэму перахода з адной якасці ў другую, з зямной юдолі ў нябесную купель, бо, Наста, усё нашае жыццё гэта кшталту прахода караблёў праз Басфор. Спачатку нам здаецца, што дзяцінства — пакуты, а дарослае жыццё — кайф. Потым, у сталым узросце, разумееш, што якраз наадварот: у дзяцінстве было файна, дзяцінства — той страчаны рай, які мы так спяшаліся пакінуць… Здаецца, тваё стаўленне да радзімы — як да таго страчанага дзяцінства…
– І трэба проста пазбавіцца ад цацак? Хер ім, а не застрашаная Наста! — Яна выслізнула з-пад майго парасону. — Я не магу ўсё жыццё насіць з сабой свае страхі, як мех са смеццем, вынесены з кватэры, якую пакінула год таму.
— Куды? — толькі і паспеў запытацца я. Яна бегла да хлопца з салепам. Хутка вярнулася з папяровым кубачкам у руцэ: кроплі стамбульскага дажджу расквецілі паверхню вадкасці празрыстымі плямамі. Як быццам над салепам плакаў Бог.
Читать дальше