Гiсторыя Беларусi… Такi прадмет у галаве ня месьцiўся. Гэта ня тое, што, прыкладна, гiсторыя Польшчы цi Расеi. То былi вялiкiя i, як iх польскiя й расейскiя цiвуны выхвалялi, моцныя гаспадарствы. Але госторыя Беларусi? Калi яна, тая Беларусь, была? Курам, вiдавочна, такi прадмет на сьмех, выдумка нейкая нiкчэмная… Ну вядома, народ-жа жыў-быў, а значыцца…
Так разважаючы, Янук сябе ў тупiк загнаў. Цi-ж не апавядаў некалi стары дзед Якуб пра вялiкае паўстаньне Кастуся Калiоўскага, цi-ж ня сам ён, Янук, некалi магiлу паўстанцаў у Гаравацкай пушчы адкрыў? А калi народ жыў i за свае правы змагаўся, дык цi ня меў ён дзяржавы сваей? Янук прыгадаў, як некаторыя вучнi, пачуўшы пра прадмет гiсторыi Беларусi, спантанiчна разрагаталiся. Былi гэта ня нейкiя там мясцовыя «пшэкi» цi панкi, што адважылiся парог школы пераступiць, хоць напалоханымi зайцамi трымалiся. Рагаталi свае, дзецi пакрыўджанага народу сялянскага.
Нясумяшчальнасьць двух паняцьцёў — Беларусь i гiсторыя яе, як прадмет школьнае праграмы. Пра такое ня толькi ня думалася, але й iснаваньне такога школьнага прадмету не падазравалася. Чужнiкi быццам таўкачы ў ступе, заўсёды адно таўклi: вы — пагной для тых, што над вамi пануюць, вы — хамы да нiчога няздатныя, адно цяглавая сiла. Так з аднаго боку. А зь iншага цябе заўсёды вызвалялi, каб ты, — калгасная нiкчэмнасьць, або падаткамi й «культналогамi» аднаасобнiк прыгнечаны, — гадаваў, вырошчываў i цягнуў… Мяса — дзяржаве, малако — дзяржаве, яйкi — дзяржаве. Сабе — фiга! На полiўцы праз «шчасьлiвае жыцьцё» лындай. Палiтручая заедзь на «мiцiнгах» бясконцымi гутаркамi марыла, падганяла, заўсёды тое «вызваленьне», каб яно спарахнела, прыгадвала.
А гэтта во «вас чакае зямля», школы свае ў беларускай мове. Сяляне аднагалосна прывiталi вестку пра лiквiдацыю калгасаў. Ды тымчасам гэта адно пачаткi, а далей вiдаць будзе. Няўжо-ж i тут за прынадай бiзун? А мо й горш? Сяляне ўздыхнулi з палёгкай, падаткi куды меншыя…
Усё-ж, хто мог падазраваць, што iснуе гiсторыя Беларусi?
Сьмех…
Нясумяшчальнасьць!
Гiсторыя i Беларусь!
Згадвалiся першыя мамэнты асьведамленьня. Як яны казыталi, лашчылi, паднечвалi сэрца! Гэта ўжо на наступных лекцыях прыйшло. А пачатная лекцыя быццам цябе абухом па галаве!
Апынуўся Янук у тым самым пакоi, дзе некалi падобны на сьвятара бальшавiк паходжаньне чалавека «от обезьяны» тлумачыў. За вакном добра знаёмая двухшляховая чыгунка, па якой некалi «доблiсная» ваеннае знарадзьдзе бесьперапынна на захад перакiдвала. Цяпер цягнiк iзь iншым ваенным знарадзьдзем, куды магутнейшым, сьпяшылi недзе пад Маскву. Воддаль, на машце, перад будынкам нямецкае палiцыi вецер то выпростваў, то скручваў сьцяг iз павуком-свастыкай. А на франтавой сьцяне кляснага пакою, над пагоняй, з рамак партрэту глядзеў чалавек з чорнымi вусiкамi пад носам, у шапцы з даўгiм, нiзка на лоб насунутым казырком i ў такiм-жа рудым мундзiры, як насiлi некаторыя нямецкiя ўраднiкi. Адно пазьней даведаўся Бахмач, што ня ўсе Немцы, а адно сябры Нацыянал Сацыялiстычнай Нямецкай Рабочай Партыi такiя мундзiры насiць мелi права.
Дзьверы адчынiлiся. Энэргiчным крокам у клясу ўвайшоў лысы, як калена, пуцаты ў твары, сярэдняга росту, у акулярах чалавек, апрануты ў даматканую сьвiтку, сiнiя порткi, напушчаныя на рудыя боты. Чалавек затрымаўся, зiрнуў на вучняў паўз верх рамы акуляраў, падняў уверх правую руку й голасным, цьвёрдым, амаль энтузiястычным голасам скажаў:
— Жыве Беларусь!
У агульнай маўклiнi пачулася хiхiканьне. Зь няўцямнасьцю зiрнуў на Янука двуродны брат Уладзiмер. Чалавек у даматканай сьвiтцы падыйшоў да стала й, пiльна ўглядаючыся ў вучняў, сказаў:
— Сядайце. Жыве Беларусь! Кажны дзень вы будзеце чуць такое прывiтаньне, замiж «добры дзень» ад настаўнiкаў сваiх. Ваш адказ — жыве! Я кажу: жыве Беларусь, а вы адказываеце — жыве! Зразумела?
Выразны, павольны, цьвёрды, зраўнаважаны голас. Паважны, зь ледзь заўважнай лагоднасьцю, твар.
— Прашу ўстаць!
Заскрыпелi лаўкi.
— Жыве Беларусь! — голасна i ўрачыста, выцягнуўшы наперад, на ўзровень iлба, даланёй унiз, правую руку, сказаў чалавек у даматканайа сьвiтцы. Пару вялых галасоў адказала — жыве!
— Ня чую!
— Жыве!
— Яшчэ мацней!
— Жыве!
— Сядайце!
Чалавек роўнамерным вайсковым крокам падыйшоў да вакна й спынiўся. Кляса сiдзела, быццам спаралiжаваная, а ён доўга пазiраў праз вакно. Па чыгунцы звольненым тэмпам кацiўся даўгi ланцуг плярформаў з панакрыванымi брызентам танкамi, гарматамi, грузавымi аўтамашынамi. Чалавек адыйшоў ад вакна, пачаў спацыраваць перад фронтам лавак.
Читать дальше