Падыходзячы да Рыжае Валатоўкi, запаволiлi кроку. Як хiтры лiс, Антось разглядаўся, здавалася, што нюхаў. I чамусьцi трымаўся воддаль ад утоптанай сьцежкi.
— Чаму мы па сьцежцы ня йдзём? Яна-ж нас да самай хаты давяла-бы, пацiкавiўся Янук.
— Вiдзiш, якi ты зялёны, як ты нiчога нi думаеш. А ты пра Шпуньцiху забыўся? Ну а як мы яе на сьцежцы лоб у лоб стрэнем, то тады што будзiць, га? А яна можа ўжо там iз сынам наседзiцца дый зараз варочацца будзiць… Трэба-ж думаць.
Але Антосева асьцярожнасьць не спатрэбiлася. Ня ўбачылi яны на дарозе жоўтай хусткi, ня сустрэлi нiкога iншага.
— Сьцеражонага й Бог сьцеражэць, — паясьнiў яшчэ раз Антось. — Цiха, памалу. Хадзi во сюды, вiдзiш вунь там бляшаную страху? Гэта й будзiць лясьнiчоўка.
Крытая чырвонай бляхай хата ў засенi пышных лiпаў, пабудаваная з круглага бярвеньня, прыплюшчылася абсмаленым, забiтым дошкамi, вакном на зарослы пырнiкам, лебядой i крапiвой двор, калi так льга назваць вольнае ад дрэваў лапiкла зямлi сьпераду. Ля тыну буйнеў хмель. Другое вакно хаты скардзiлася голымi рамкамi й аднэй адарванай, што наўскасяк, на аднэй завесе трымалася, аканiцай.
Шэрая, укапаная ў зямлю цыстэрна, лавiла ваду маленькага, крынiчнага ручайка, хлюпала гэтай вадой перазь берагi зьверху. Некалi памаляваныя вапнай, цяпер шэрыя сьцены хавалiся за густым сланечнiкам. Вузкая лясная дарога зьзяла адтулiнай у сьцяне лесу з другога боку двара, а адрына воддаль ад хаты на гэны бок замыкала гэты запушчаны, асiрацелы лясьнiчы ансамбль. I яшчэ нейкай недарэчнасьцю тарчэў мэтраў сотню цi больш адсюль на пахiласьцi ўзгорка шкялет нявысокай вежы. Калiсьцi, вiдаць, сачылi зь яе за навакольнай пушчай, пажарамi.
— Зайдзем ззаду, — сказаў Антось.
— А дзе тут зад, а дзе перад?
— Дзьверы ў хату з гэнага боку. Нам трэба падыйсьцi, дзе гушча лесу падкрадаецца пад самую сьцяну, каб, калi хто паглядае празь якую дзiрку, ня ўвiдзiў нас.
З другога боку спасьцераглi цэлае, дошкамi незабiтае, зашклёнае вакно. Антось борзда скочыў некалькi крокаў направа ды, махнуўшы Януку рукой, прысеў за густым i высокiм кустом арэшнiку. Вялiкi шэры заяц выбег з-за кута хаты й паволi прысеў ля сьцяны, наставiў вушы, разглядаўся. Януку карцiла скочыць i, пакуль той спасьцеражэ, схапiць яго за вушы. Антось, палажыўшы ўказальны карэлы палец на вусны, з усьмешкай зiрнуў на Янука.
— Ш-ш-ш-ш!
Ён узяў спад ног сухую галiнку й кiнуў на зайца. Спалоханы, той шмыгнуў за кут хаты. У лесе гаманiлi птушкi, дзесь воддаль у кiрунку Гацяў ледзль чутна гукнулi два стрэлы.
— Чуеш?
— Што? — зiрнуў Янук на Антося.
— Нехта ў хаце бубнiць.
Прыслухаўшыся, Янук адрозьнiў людзкiя галасы ад птушынай шчабятнi.
— Ага, чую, — адказаў.
— Памарудзiм яшчо. Нiхай Шпунльцiха пойдзiць. Ён гэттака, басяк.
Чакаць давялося нядоўга. З-за хаты паказалася жоўтая, у чырвоныя краскi, хустка. З кошыкам у руцэ, жанчына спакойна валюхалася па сьцежцы. Не разглядалася. Праз густую шапку кароны дрэва на зморшчаны твар упаў слуп сьвятла й тады здалося Януку, што ўбачыў пад вачмi сьлёзы. I зьдзiвiўся, што i ў басяка злачынцы Лявона ёсьць матка, каторая i сьлязу па iм калi-небудзь пусьцiць i якая, пэўне-ж, любiць яго мо больш за ўсiх на сьвеце.
Антось устаў, усадзiў правую руку глыбака ў торбу.
— Iдзём. Цяперака ён наш!
Цiханька падыйшлi да дзьвярэй i Антось асьцярожна нацiснуў клямку, але дзьверы не адчынiлiся. Дзяркач зiрнуў на Янука.
— Стань набок, за вушак!
З Антосевай торбы, якую цэлы час нёс, перавесiўшы пераз правае плячо, паказалася цяпер дзяцюкова правая рука, а ў ёй рэвальвэр з барабанчыкам, якраз такi, як некалi насiлi ў кабурах энкавудысты. А пасьля ўсё сталася маланкава хутка. Правым чаравiком Антось гвалтоўна стукнуў у дзьверы. Мiгам адляцела ўнутры зашчалка й дзьверы шырака адчынiлiся. Прыгнуўшыся, Антось нурцом кiнуўся ў хату. I гэтта-ж зараз грымнуў гулкi стрэл.
— Кiдай, сукiн сын! Зараз-жа, бо застрэлю!
Валадарны Антосеў голас з нутра хаты не пакiдаў нi якага сумлеву, што дзяцюк не жартуе. Нешта бразнула аб падлогу.
— Янук, дзе ты? Бяжы сюды!
Бахмач убег у абшырны пакой, дзе з правага боку пабачыў Антося з наганам у руцэ. Ён, вiдаць, страляў з кукiшак, а цяпер падымаўся на ногi. У куце, налева, стаяў Лявон Шппунт. Перад iм на падлозе ляжала стрэльба. З правага пляча, вышэй локця, праз кашулю цякла кроў. Бледны, раськiданыя даўгiя блёнд валосы, аброслы рыжай барадой, зь перапалоху зьзяючыя бочы. Янук прыгадваў як бачыў дзяцюка апошнi раз: выдатна адпасенае круглае рыла, упэўненасьць, на твары капрызная нахабнасьць. Шпунт пахудзеў, дрыжэла ў яго нiжняя вусьнiна, якраз так, — гэта добра памятаў Янук, — як некалi пры гэнай браме на гасьцiнцы, дзе Палякi павесiлi Параску Макатунiшку. Апрануты быў у шэрую крамную кашулю, чорныя суконныя порткi навыпуск з прыгожых боцiкаў, бяз сумлеву «трафейных» зь нейкае кучы, дзе «грабiлi награбленае».
Читать дальше