Патрэбныя былi Януку гэныя цёплыя словы, як сонца й паветра. А яшчэ больш цэннынм стаўся лёгкi гумар «гарэзьнiцы». I м, як можа больш нiчым iншым, падмацаваўся юнак, каб ператрываць рэшту часу ў вязьнiцы й дажыць да ўжо ня так далёкага дня.
Дзень усьмiхаўся ласкавым сонейкам, чыстым чысьцюсенькiм, дзе-нiдзе воўнай лёгкiх хмарынак засланым небам i зусiм умеру марозным, слабым ветрыкам. Дзень, як на замаўленьне. I зьзялi ў руiнах сьвежыя, рассыпаныя ноччу сьняжынкi, куды весялей спрэчкi вялi вераб'i. Асаблiва гэты дзень для беларускай сталiцы, а ўжо зусiм адмысловы для Янука — першы дзень волi.
Учора, калi выпусьцiлi, ня ведаў як iсьцi без канвою, па бакох аглядаўся. Ня верылася, што вось ён сам ставiць свае крокi ў якi хоча бок. Цэлы вечар у Рашкевiчыхi, быццам губка ваду, пiў-глытаў усё новае, яму яшчэ кагадзе зусiм недаступнае: што на вайне, што ў горадзе й на Беларусi наагул, што на шырокiм сьвеце. Дзе фронт, хто каго й як? I даведаўся, што сяньня мае на Пляцы Волi быць. Кажную драбнiцу пачутага абмяркоўваў, ацэньваў-узважываў, з большай развагаю ў сьвятле практыкi перажытага прымерваў…
На Пляцы Волi сабралася ўжо шмат цывiльных. Прыйшло й войска. У чорным… Паставiлi ў казлы зброю, фармавалiся прастакутнiкамi пад крыклiвую каманду. Казалi па радыё, што мае быць выпуск афiцэраў i падафiцэраў Беларускай Самааховы. Дык чаму яны ў чорнай вопратцы? Можа пасьля iм зялёную дадуць? Ня ведаў юнак, што згодна волi акупантаў Самаахова мела быць апранутая стараньнямi Беларускае Самапомачы, значыцца ў нейкi самаробны кужаль, а ўжо куды лепш, калi ў паўсуконьнiк. Кужаль, пахварбаваны нейкай альховай карой… Дзе-ж фарбу возьмеш?
На загадцы колеру вопраткi гэных стройных i добра падабраных, ужо навучаных вайсковага рамясла людзей, Бахмач затрымаўся адно мiмалётам. Хоць жывот ягонны, дзякуючы Рашкевiчысе, папаўнеў, хлапец адчуваў нейкую слабасьць, быццам вольнасьць i прылiў усяго новага, што ашаламiла яго пасьля вязьнiцы, пахiснула на нагах.
Перайшоў нейкi Рубiкон. Ня сам iз свае волi. Яго на другi бераг, бадай, сiлы лёсу перакiнулi. А там, дзякуючы цярпеньню й роздумам, адкрыўся i ўстаў перад iм зусiм новы, да гэтага часу практыкай нязьведаны сьвет. Апынуўся на самым доле таго сьвету, безагляднымi валадарамi якога былi вунь гэныя, што цяпер гаспадараць на сьцягамi абвешаным, шчодра ахвярнай крывёю палiтым Пляцы Волi.
I прыносiць, i здаюць iм рапарты людзi ў чорным. А самi гаспадары нейкiя шрубкi цi шасьцярнi зблiжэй неапазнанае Януком машыны, каторая ня ведае любовi, дый наагул ня мае нiякае эмоцыi. Машына тая — аграмадная гаргарына, а рухавiк яе — суцэльная й безаглядная сiла. Для сьмерцяноснай машыны нiчога на сьвеце, апроч сiлы, ня iснуе. Што з таго, што вось гэныя малыя шрубкi прыкiдваюцца тваймi прыяцелямi, цi — як некаторыя маўлялi, хаўрусьнiкамi па зброi супраць бальшавiцкае агiды? Ты-ж ведаеш, што яны гэта звычайныя смактуны, што павалiлi твой народ i смокчуць-цягнуць зь яго асноўныя жыцьцёвыя сокi. Чаму яны называюць сябе тваймi прыяцелямi? Пэўне-ж, гэта — людзi ў масках. Тыя самыя, што спалiлi, разам зь дзецьмi, жанчынамi й старымi Залатуху, Азарцы, Шабунi, што зьнiшчылi сотнi iншых Азарцаў. Яны з таго кодла, што закрывавiла й спапялiла не адзiн пляц волi, можа пачынаючы ад Варшавы, праз Ратэрдам i Лёндан, а можа яшчэ яшчэ раней падчас гiшпанскае вайны. Вышчарбiўшы пару зубоў у Сталiнградзе, гэта ненажэрна-прагавiтая пачвара ўсё яшчэ трывае, бо ня пераламалi ёй яшчэ хрыбетнiка.
А хто гэныя людзi ў чорным? Патрыёты, цi пазадкi? Чым матывавалiся яны, калi йшлi на службу? Няўжо-ж адным патрыятызмам? Якi гэта патрыятызм? На Янукоў юнацкi, да чырвана, здавалася, распалены патрыятызм гэныя тучненькiя «обэрмэншы»-таптуны халоднай вады лiнулi. Праўда, тлела ў сэрцы iскра. А вунь, мiж афiцэраў на Пляцы Волi спасьцярог Янук i высокага, стройнага, прыкладна-вытрыманага ў рухах маёра Чмяля. Твар яго спакойны, самазадаволены, жэсты вывучаныя. Сямейка ягоная на Пляцы Волi сабралася. Гаспадар паклiкаў. Як выглядаў гэты маёр Чмель, калi громам абрушыўся ў сваiм бюро на Лявона Загорнага, пагражаючы яго арыштаваць, калi той прыйшоў помачы Бахмачу шукаць? Зiрнi, якi ён паслухмяны-гiбкi перад гаспадаром. Што гэта за чалавек? Цi можна яму даверыць свой лёс, як камандзеру, якi павёў-бы цябе на змаганьне на сьмерць i жыцьцё з ворагам? Цi дзялiў-бы ён з табой гразь i золь у вакопах, цi перавязаў-бы табе рану, цi падаў-бы табе мiску гарачае стравы, цi спатолiў-бы цябе цёплым словам?
Парываньнi, натхненьне, патрыятызм… Яны можа яшчэ былi, але агiдны сьвет няволi, у якiм Янук амаль не загiнуў з голаду й хваробы, узброiў, насьцярожыў, пасеяў недавер да раней высокiх, у юнацкiм уяўленьнi беззаганных аўтарытэтаў. Яшчэ аставалася вера, хоць i яе разьядаюць сумлевы…
Читать дальше