Пра правілы таго «санаторыя» ім нагадалі праз тыдзень. Неяк загадкава зірнуў «упаўнаважаны», калі – як заўсёды, да працы – Дубоўка прыйшоў «адзначацца». Спытаў:
– Пасьля – на службу?
– Так…
А вечарам, калі дастаў з-пад матраца папку і прысеў да лямпы, Дубоўка не знайшоў некалькіх пранумараваных старонак.
– Сёньня выходзіла з дому? – напалохаў ледзяным голасам жонку.
– Так, у краму… А што?
– Ды так… – унурыў галаву, рашуча ўзяў папку, з прыпека – запалкі, бразнуў дзьвярыма. Доўга камячыў і паліў на агародзе сьпісаныя алоўкам аркушы, – ужо сьцямнела, і нейкія сполашныя водсьветы падалі на яго скамянелы твар.
Вярнуўся спакойным.
– Што ты зрабіў? Навошта?.. – не магла зразумець жонка.
– Усё! Я рызыкаваў сабой, а вамі – не магу… Хай «дактары» нашы бяз працы будуць…
6.
Ссыльныя дні з сям’ёй пайшлі спакайней. Жонка знайшла працу ў школе, сына брала з сабой. Вечарамі сядзелі каля печкі, глядзелі ў агонь і марылі, каб хутчэй згарэла гэтая восеньская, а затым – зімняя нуда, каб бліжэй да пэўнасьці.
Ажывіў ужо нечаканы ліст ад Жылкі. Баючыся чужых вачэй, той напісаў агульнае: Дубоўкаву эпісталу галубы да яго данесьлі, рады з гэтага, падводзіць здароўе, кепскія сны наваліліся, мала кніг…
Да Уржума, дзе трымалі Жылку, ад Яранска – з паўтары сотні кіламетраў, аднак пакідаць свае месцы ссыльным забараняецца. Перакінулі некуды далей Мамчыца. Анічога не чуваць пра Бабарэку…
Як толькі растаў сьнег, Дубоўка папрасіў у гаспадыні невялікі надзел пад агарод.
– Навошта, – зьдзівілася Лужоўская і бліснула чорнымі зрэнкамі. – Вы ж можаце ўсё ў мяне купіць.
– Так, але ж хочацца сына нечым на лета заняць, каб у чужыя агароды не заглядваў.
– Добра. Бярыце вось тое месца, дзе стаяў сьвіран.
Гаспадынін бляск вачэй Дубоўка памятаў доўга: пакуль месяц выносіў з «надзела» каменьне, бітае шкло, іржавае жалезьзе, пакуль двойчы перакопваў зьбітую ў ток зямлю. Уставаў а пятай, каб пасьпець да службы. А яшчэ праз месяц разам з сынам і жонкай радаваліся дружным усходам, вясёлай і пахкай зеляніне, якой не шкадавалі вады – ні раніцай, ні вечарам.
І зямля адчула клопат: агуркоў нарасло, як хто насыпаў, і буракі, і гарбузы, і бульба. Нават памідоры дружна чырванелі.
Аднаго ранку, дачакаўшыся, калі Дубоўка пойдзе ў спажыўсаюз, гаспадыня перастрэла Марыю:
– Ведаеце, маю да вас просьбу… Нешта не расьце ў нас пакуль. Дазвольце ў вас пару агуркоў узяць на халаднік, – і нібыта прысаромеўшыся, перавязала хустку.
– На здароўе! Бярыце хоць дзесяць!
Насалілі, назапасілі гародніны на ўсю зіму. Малому Альгерду вельмі падабалася гарбузовая каша, асабліва калі яму нагадвалі, што гэты гарбуз ён сам вырасьціў, ды калі з малаком, калі з цукрам…
І зноў зімовае чаканьне, мяккі агонь у печы, мароз, які ападаў толькі апоўдні.
На Каляды нават паставілі і ўпрыгожылі ялінку. Жонка запрасіла ў госьці настаўніц са сваёй школы – аднак ніхто не прыйшоў.
– Мяне пабаяліся, – спрабаваў жартаваць Дубоўка. – Хто яго ведае, а раптам гэты ссыльны – людаед! Нічога, затое нам больш гасьцінцаў будзе.
Яны пасядзелі за сьвяточным сталом, а потым доўга забаўляліся з Альгердам на цёплай печы. Каб на ёй хапала месца ўсім тром, Дубоўка яшчэ з восені пашырыў яе чарэн палком з пахкіх габляваных дошак.
У лютым навалілася хвароба: спачатку на Альгерда, затым – на жонку.
Вясновае сонца ўбачыла іх схуднелымі, стомленымі. Балазе вясна сьпяшыла рана.
І зноў вясновыя клопаты, якімі забіваліся дні нявольнікаў. Гаспадыня не дазволіла ім сеяць на тым акультурненым надзельчыку.
– Ведаеце, у нас і так зямлі мала, ня родзіць… Хочаце, бярыце той, з-пад разбуранай стадолы, – і заблішчэлі яе чорныя зрэнкі.
І зноў тыдзень выносіў Дубоўка сьмецьце, зноў двойчы перакопваў, зноў багата паліваў – і прадчуваў штось няўмольнае, штось змрочнае. Асабліва пасьля таго, як да Коцікава ўжо другі раз заходзіў упаўнаважаны, задуменна высьвістваў незразумелую песеньку, паскрыпваў новай партупеяй…
Усё праясьніў Коцікаў. Вывеў на вуліцу, ня гледзячы ў вочы, моцна маршчынячы лоб, ціха паведаміў:
– Знаеш, Мікалаевіч, ёсьць рашэньне звольніць цябе, перавесьці ў іншае месца…
Дубоўка маўчаў. Тады Коцікаў працягнуў:
– Казаў жа табе: не шчыруй з гэтымі рахункамі… Ды яшчэ ў газету пісаў… Нічога не магу зрабіць…
І тады Дубоўка зразумеў: райцэнтр займаўся прыпіскамі, атрымліваючы «пустыя» грошы. «У газету пісаў…» Пра мінулыя махінацыі ён напісаў фельетон – у «Іркуцкую праўду», пад псеўданімам, зразумела. Прыязджалі з вобласьці, правяралі… Значыць, наступіў на мазоль, вось толькі каму канкрэтна з цэлай хеўры?
Читать дальше