хвост направа служыць крыва,
а налева зьвісла грыва.
– Што ты, дзядзя, што ты, мілы,
то ж ня гора – благадаць:
каб ня гэтыя ухілы,
дык і цэнтру б не відаць!
А Надзька, мая колішняя сімпатыя, праз дурную рэўнасьць выставіла нас з Кандратам перад адпаведнай грамадскасьцю як прапагандыстаў контррэвалюцыйных паклёпніцкіх пашквіляў. Вось і пазвалі на высьвятленьне… А пасьля размоў выпусьцілі, даравалі…
На гэтым і разышліся. А калі Дубоўка і Бабарэка засталіся ўдвох, апошні падрахаваў:
– Не падабаюцца мне гэтыя “высьвятленьні”… Сёньня раніцай Бядуля адкрыўся, што й яго ў ГПУ выклікалі… Прапанавалі стаць сакрэтным агентам. Казаў, што адмовіўся…
ЧАСТКА ДРУГАЯ
Быў ён выдатны майстар-мастак,
толькі ўзяў на сябе непасільны цяжар:
вызваліць хараство з-пад грубай абалонкі. І надарваўся...
Уладзімер Дубоўка.
1.
Пачынала сутонець. Агародам ён выйшаў да поля, босым – шэрхлаю разорай. Трапяткое едкае полымя ля рэчкі вымалёўвала ў паўзмроку казачны сілуэт-постаць старога млына. Цяплынь, парнасьць. Падаўся да вогнішча паслухаць памольшчыкаў: назьязджаліся з вакольных вёсак і, чакаючы сваёй чаргі, любілі пачасаць языкі. У тых гаворках патрапляліся і цікавыя жыцьцёвыя гісторыі, і прыдуманыя доўгія паданьні…
Аднак, заўважыўшы яго, усе сьціхлі. Паглядзелі сумна, спачувальна. З чаго б гэта?
З поля вярталіся са жніва жанкі, сярод іх маці, чамусь у чорнай – у такую сьпёку! – хустцы… Стомлена, журботна сьпявалі:
А пара дамоў, пара-а-а…
Ужо ўзышла вячэрняя зара-а-а.
…Прачнуўся, расплюшчыў вочы: у вакно ўліваецца сонечны ліпеньскі дзень. Вызірнуў на вуліцу: каля ганку корпаецца ў кветніку жонка, паўтарагадовы сын Альгерд у сьмешным брыльку па-гаспадарску абходжвае панадворак, не дае спакою стомленаму матыльку-капусьніку. Толькі той сьцішыцца на лісьце трыпутніку ці травіне – Альгерд тупаціць да яго, намагаецца хапіць-дакрануцца…
Дубоўка мякка пацягнуўся, адганяючы рэшткі позьняга сну (меў звычку заседжвацца над кнігамі ці рукапісамі ледзь не да ранку, і жонка, песьцячы яго, не турбавала да самага апоўдня – адна гуляла з малым Альгердам і ўпраўлялася па небагатай гаспадарцы лецішча). Калі бацька выйшаў мыцца, Альгерд зашчабятаў штось неўразумелае і пацягнуў да яго рукі.
– Што, у неба просішся? – усьміхнуўся Дубоўка і, падхапіўшы сына, паказытаў, дурэючы, яму жывот, пасадзіў на плечы, крыкнуў «Но!» і прыскорыў затравянелай разорай – да плоту і назад. Затым прысеў на ганку лецішча – звычайнай хаты, падобнай да іхняй агароднікаўскай (праз гэтае падабенства і заманулася на лета «наймаць» гэты куточак у падмаскоўнай Пярлоўцы, балазе блізка і да гораду).
– Нё! Нё! – стукаў ножкамі Альгерд, патрабуючы працягу язды…
На працу Дубоўка выбіраўся пасьля апоўдня. Паабедалі разам. Пакуль апрануўся ў свой новы белы касьцюм, сын прынёс сандалі.
– Дзякуй, сыне! Бачыш, маці, вось і я памочніка дачакаўся. – Усьміхнуўся, узварушыў сынаў чуб. – То давай парукаемся…
Сын, ужо навучаны, высока ўзьняў руку і з усяе сілы пляснуў сваёй далонькай па вялікай бацькавай далоні…
Доўгі ліпеньскі дзень зьмяніў адвячорак, а яго ўсё яшчэ не было. Ужо калі Пярлоўку ахінаў паўзмрок, прыехала яго маці.
– Марыйка, Уладзя ня тут? – спытала спалоханым шэптам і асела на ложак. – Відаць, яго арыштавалі. Учора на кватэру прыязджалі, і сёньня пад абед пыталіся…
…19 ліпеня 1930 году намесьнік старшыні АДПУ СССР Гірш Ягода падпісаў ордэр на ягоны арышт. У той жа дзень «варанок» прывёз да дому № 34 на Малой Грузінскай супрацоўніка аператыўнага аддзела Салаўёва з двума памагатымі. У кватэры № 13, дзе была прапісана ўся сям’я Дубоўкаў, паэта не было. «Аператыўнікі» правялі вобыск і зьехалі.
Назаўтра яны ж бяз стуку ўвайшлі ў яго рабочы кабінет, кальнулі злоснымі поглядамі.
– Дубовко Владимир Николаевич? – жалезна спытаў Салаўёў.
– Я… – адказаў спакойна, хоць адразу ж у грудзях варухнулася штось няпэўнае, страшнае. Ён, ужо некалькі гадоў працуючы ў Крамлі сакратаром прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР, звыкся і да гэтай формы, што выклікала ў большасьці гараджан спалох, і да розных нечаканак. Аднак халодныя вочы «гэпэушнікаў», гэты жалезны тон…
Прызнацца, ён чакаў іх – чакаў ад таго дня, калі перадрукоўваў на крамлёўскай машынцы тэкст свайго верша «На ўшанаваньне новага падзелу беларускае зямлі», чакаў, калі дачуўся пра арышты ў Менску Пушчы і Бабарэкі, чакаў з кожным тыднем больш балюча, востра. Бачыў сябе абложаным ваўком, пачуваўся ў аграмаднай пастцы – і ня бачыў выйсьця. Адно высільваўся не надламацца, не паказаць тое страшнае жонцы і маці.
Читать дальше