Джамалунгма
А цяпер я распавяду пра чалавека, які марыў стаць Джамалунгмай. Вось каб я быў Джамалунгмай,-- разважаў гэты чалавек,-- дык пра мяне чулі б нават пінгвіны на Алясцы.
Вядома, калі чалавек чаго захоча і будзе хацець доўга, то ягонае жаданне некалі спраўдзіцца. Аб гэтым кажуць яшчэ ў школе, а ў школе абы чаго плявузгаць не будуць…
Урэшце так яно і атрымалася. Аднойчы раніцай адразу за мястэчкам мы ўбачылі нешта такое, ад чаго капелюшы паляцелі з галоў.
Як потым засведчылі вучоныя, наша гара была нават на некалькі санцыметраў вышэйшая за Джамалунгму і пра Джамалунгму хутка ўсе забыліся, бо яна ўжо не лічылася паперадзе ўсіх.
З тае пары самыя дужыя мужчыны свету (і нават сёй-той з пінгвінаў) едуць да нас, каб адсюль ускарастацца на нябёсы. Не многім з іх шанцуе дапнуцца да зораў, аднак здараюцца і шчасліўчыкі. Пра іх назаўтра пішуць ў газетах і той чалавек, што апынуўся гарой, тады злуецца на газеты і зайздросціць ужо не толькі абранцам нябёсаў, але і нягеглым пінгвінам…
* * *
Няма чаго і казаць, як нам да гонару, што сёння нашае мястэчка ведаюць ва ўсім свеце! Адно што кепска – цень ад гары надта ж цяжкі і доўгі. Таму мы ходзім сагнутыя крукам і сонца лічы не бачым, акрамя як самым падвячоркам акрайчык.
Недарэкі
На той бок рэчкі жылі адныя людзі, а на гэты – зусім іншыя. Праўда, мы ніяк не маглі ўцяміць, чым яны розніліся паміж сабой.
Часцей ўсяго адныя з другімі спрачаліся наконт рэчкі.
-- Куды вашай смярдзючцы да нашай чысцюлі,-- пахваляліся адныя.
-- Брахуны вы,-- крычалі з другога боку. Нідзе болей няма такой рэчкі, як наша. Спытайцеся людзей.
-- Што праўда, то праўда. Цудоўная рэчка,-- сведчылі мы і вяславалі як мага хутчэй.
-- Ну вось, чулі, -- цешаліся адныя.
-- А мы вам што казалі,-- крычалі другія і шпурлялі на той бок камяні…
Бачыць Бог, мы не хлусілі. Рэчка сапраўды была вельмі прыгожай.
Не навуковая субстанцыя
Лепей за нас ніхто не ўмее нахіляцца. Я гэта не сам выдумаў, аб гэтым ва ўсіх падарожных кніжыцах напісана, і таму да нас шмат хто едзе.
Жыве, скажам, чалавек на Барнэа, працуе, а потым пагартае падарожную кніжыцу і падумае сам сабе: нешта я даўно ні ў каго на карку не сядзеў. Трэба з’ездзіць туды, дзе самі нахіляюцца.
І прыедзе да нас, і пасядзіць, а потым вернецца ў сваё Барнэа і зноў працуе.
Праўда, апошнім часам штосьці стала з намі рабіцца. Сёй-той пачаў саромецца свой карак пад чужую сраку падстаўляць. Столькі часу ганарыліся, а тут чамусьці трэба саромецца. Я гэтага аніяк не разумею. Тым болей, што інакш мы і не можам. Калі ў каго карак вызваліцца надоўга, дык ён нудзіцца, не ведае, навошта жыць і нават, здараецца, вар’яцее.
Натуральна, я не мог ухваліць тыя настроі, што раптам запанавалі сярод надта сарамлівых. Пакідалі работу і крычаць на кожным рагу: досыць зневажаць сябе перад усім светам!
-- Толькі таму свету і спраў углядацца, хто там сябе зневажае, -- кажу я ім.
А яны мяне не слухаюць і дзе не сустрэнуцца, распачынаюць дыскусію. Адзін прапаноўвае сланоў з Індыі завезці, каб замежныя аматары не на нашых карках, а на слановых гойсалі, другі раіць шыі намыліваць, маўляў, хто ні сядзе, дык адразу скоціцца, а нейкі аграном з Капыля дадумаўся: на галовах, кажа, трэба хадзіць.
-- Смеху варта такая дыскусія, -- кажу я ім. -- На сланоў адкуль грошай набрацца, шыі ў нас і без таго чужымі азадкамі адпаліраваныя, а што да галавы, дык мы спрадвеку дагары нагамі ходзім.
Сказаў так і пайшоў ад іх. А тут якраз па дарозе крамка, дзе павелічальныя шкельцы прадаюць. Я ўсцешыўся, не пашкадаваў грошай і подбегам да аднаго, прозвішча называць не буду, вы яго ўсе добра ведаеце. От жа і чалавек. Не шкадуючы Бог розуму адваліў. Пра што ні запытайся, на ўсё адказ мае. Прафесар, адным словам.
Заходжу і адразу:
-- Дыскутуюць, -- кажу.
-- Як яшчэ лаўчэй нахіляцца!-- узрадаваўся прафесар.
-- Ды не. Выпрастацца хочуць.
-- Не можа быць…
Вялікі чалавек, а тут разгубіўся. Абхапіў галаву і бегае па стале, як ашпараны прусак. Я шкельца пад вока падсунуў і сачу, каб прафесар ад хвалявання не зваліўся на падлогу.
-- Не можа быць,-- мармыча.--І жменяй скублі, і па каліўцу шморгалі. Са стагоддзя ў стагоддзе скублі, з году ў год шморгалі. Адкуль гонар?
-- Ды не ад гонару,-- удакладняю,-- ад сораму.
Апошнія мае словы настолькі ўразілі прафесара, што ён, Богам прызначаны адказваць, запытаўся:
-- А гэта што такое?
-- Халера яго ведае!
Читать дальше