Вось гэткае разуменне акупацыі і было “вменено” паноўнай расейскай ментальнасцю пабраным Расеяй народам, і беларускаму таксама. Адсюль і збройны супраціў, адсюль і акцэнт на зніштажэнне ворага, а не на ратаванне чалавека, адсюль - “перамога альбо смерць”.
Аднак тое, што для Расеі было Вялікай Айчыннай вайной, для нас - самазніштажэннем. Інспіраваная “Масквой” партызанка з аднаго боку правакавала немцаў на дадатковую, “пазапланавую” жорсткасць, а з другога, што, можа, яшчэ горш, саміх беларусаў да ненатуральнага ім, непатрэбнага і ўрэшце згубнага змагання з акупацыяй.
Здаецца і па-сёння мы не ўсвядомілі, што для нас і для Расеі гэта былі дзьве зусім розныя вайны і таму ўсё яшчэ ніяк не выпрацуем сваю сістэму ацэнак тых падзеяў, зыходзячы са свайго разумення каштоўнасці жыцця. Будзем спадзявацца, што некалі такое здарыцца, а пакуль звернем увагу вось на што... Нягледзячы на магутны, татальны ўціск, беларускі народ (падкрэслім яшчэ раз - народ, а не пэўныя зпалітазаваныя групоўкі насельніцтва) не прыняў партызанку. Так - не прыняў. І хай нас не ўводзяць у зман усе лічбы і факты ідыёлагаў і “сацыёлагаў”, успаміны ветэранаў і безліч твораў у мастацкай ды публіцыстычнай літаратуры, якія як бы адлюстроўвалі рэальную барацьбу з ворагам.
Партызанку зладзілі пакінутыя ў тыле савецкія функцыянеры, падпольныя райкомы, гаркамы, абкамы, дыверсійныя групы, рэйдавыя брыгады, акружэнцы, больш за дзьвесце атрадаў НКУС... І утрымлівалася яна ідэалагічна, арганізыцыйна і матэрыяльна коштам Вялікай Зямлі. А для самога беларускага народа партызанка была чужароднай, марнай і пераважна варожай справай. Яна несла небяспеку смерці ў значна большай ступені, чым сама акупацыя, бо гэтая небяспека была не гіпатэтычнай, а непасрэднай і вынікала як з карных аперацыяў пасля партызанскіх актаў, так і з гвалтоўнай сутнасці самой партызанкі.
Фактаў варожасці шараговага насельніцтва да партызанкі, не кажучы ўжо пра абыякавасць да яе, дакументамі, успамінамі, літаратурай назапашана таксама даволі, аднак яны яшчэ нікім не сістэматызаваныя і на іх ніколі не рабіўся акцэнт. Толькі для нашых “даследзінаў” гэта і не істотна, бо мы звернем увагу на іншае, а менавіта на скептычную і нават здзеклівую афарбоўку слова “партызан” у жывым вымаўленні. І на захадзе Беларусі (Гарадзеншчына) і на ўсходзе (Віцебшчына - партызанскі край) у непасрэднай, незаідэлагізаванай гаврцы ў слове “партызан” гучыць што заўгодна, ад з’едлівага скепсісу да панылай абыякавасці, толькі не “беларускія сыны”. (Іранічна-паблажлівае “Маўчыць, як партызан на допыце”, можа, вышэйшая мяжа станоўчай адзнакі, усе астатнія ніжэй). За выключэннем нешматлікіх выпадкаў, народная свядомасць адраклася партызанкі, і таму нам не знайсці паважлівых, удзячных, пазначаных гонарам за мужную дзею інтанацый у семантычнай афарбоўцы ўсяго комплексу слоў, якія яе вызначаюць.
Ні з сацыяльна-палітычнага гледзішча (якое-такое вялікае шчасце яны мелі за саветамі), ні з натуральнага памкнення зберагчы сябе, сям’ю, род -- ідэя змагання з акупацыяй не магла быць успрынята народам, як жыццёвая неабходнасць. І яшчэ. У масавай народнай свядомасці воля - не абстрактная катэгорыя, яна мае выразна акрэслены духоўна-сацыяльны абрыс. Калі мае... На той час беларусы так доўга не карысталіся воляй, што наўрад ці ведалі яе сэнс. А змагацца ні за што, толькі сабе на згубу, не будзе ні адзін народ.
Дык ці была для беларусаў Другая сусветная вайна Вялікай Айчыннай, у кантэксце якой і быў сфармаваны міф пра мужны Партызанскі народ? Верагодна, падобнае пытанне нетактоўна ставіць перад тым канкрэтным беларусам, які лічыў, што змагаўся з фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне. Аднак яшчэ больш нетактоўна і нават абразліва яно гучыць у адносінах да ўсяго народа, нацыі, якую прымусілі самазніштажацца, змагаючыся на баку адной хцівай імперыі супраць такой жа другой.
Тут трэба дадаць яшчэ вось што. Крытэрый вайны як Вялікай Айчыннай, значна звужае і проста-такі нахабна спрошчвае гэтую неверагодна трагічную падзею, зводзячы яе да аднамернага супрацьдзеянння: “свае” -- “чужыя”. І ў дадатак надае вайне высакародны сэнс, якога ў яе не было і быць не магло.
Там, дзе вайна, там няма высакародства (па-за прыватна-канкрэтнай сітуацыяй). У бруд і кроў упэцкваюцца ўсе. Там, дзе вайна, там няма герояў і антыгерояў, ёсць толькі пакутнікі і ахвяры. І калі наша свядомасць яшчэ не можа абысціся без ідэі гераічнага на вайне, дык няхай паспрабуе перанесці сваё ўяўленне аб гераічным на годнае пакутніцтва ці самаахвярнасць (як гэта зрабіла хрысціянства).
Читать дальше