Вось чаму наастачу тэмы я зноў хацеў бы паўтарыць: Расея наш фатум, але не кон.
Крывавы блеф
Нацыя, як “уяўная супольнасць”, набывае сваю рэальнасць толькі ў міфах і адно праз міфы. Калі заўгодна, Нацыя - гэта нішто іншае, як міф пра Нацыю.
Савецкая партызанка (па афіцыйных звестках - звыш 440 тысячаў партызанаў і падпольшчыкаў) - першы агульнанацыянальны міф беларусаў. Значнасць гэтай падзеі цяжка перабольшыць. Але разумеючы ўсю каштоўнасць згаданага міфу для нацыяўтваральных працэсаў, далей мы паспрабуем дэканструяваць Вялікае паданне пра мужны і гераічны беларускі народ, якое шматлікімі дзесяцігоддзямі фармавала магутная ідэалагічная машына камуністычнай імперыі. І дэканструяваць не дзеля забаўкі, маўляў, што там зпадысподу, а каб не таясаміць міжсобку міф і тую рэальнасць, на якой ён паўстаў.
Як гэта ні дзіўна, аднак ў праблеме беларускай “партызанкі” звычайна застаюцца ў баку ці ўзгадваюцца толькі ўскосна самыя прынцыповыя пытанні гэтай падзеі і найперш наступнае: масавы партызанскі рух на Беларусі - штучна створаны прэцэдэнт ці натуральна абумоўлены факт? Паколькі гэтае пытанне ўтрымлівае ў сабе шмат аспектаў, паспрабуем вылучыць у ім аснову. Нашыя вясковыя дзядзькі самахоць пацягнуліся ў лясы, ці наўмысна створаная сітуацыя справакавала іх хавацца ў гушчары і часам хапацца за стрэльбы? І яшчэ больш канкрэтна: партызанская вайна была нязмушаным памкненнем вольналюбівых і мужных беларусаў да вызвалення ад акупацыі ці такі выраз ёй надалі з пэўных ідэалагічных патрэбаў.
На пачатак паспрабуем давесці, што ідэя змагання з нямецка-фашыстоўскімі акупантамі ўвогуле не-беларускага паходжання, бо ў праекцыі на беларусаў яна не мае гістарычна падцверджанага генезісу, прынамсі, ужо не мела яго на той час, паколькі традыцыя вайны з іншаземцамі была перапыненая ў апакаліптычных войнах з Масковіяй другой паловы ХУII стагоддзя (“крывавы патоп”). Яе пазнейшая як бы наяўнасць у фактах і лічбах спланаваная звычайным ідэалагічным (рамантычным) памкненнем вылучыць гераічную плынь у бытаванні беларускага народа і тым самым гераізаваць увесь народ. Паасобным фактам 1794, 1830, 1863 гадоў, паўсталых на парэштках традыцыі шляхетскай вольнасці, надаецца значэнне ўстойлівай тэндэнцыі, што і “сацыялагічна” і “агіяграфічна” ніяк не адпавядае агулу рэальнасці на тую пару ўжо спрэс плебейскай беларускай нацыі.
Гераічнай бывае асоба, народ прынцыпова не-гераічны. Масавы збройны гераізм народа - аксюмарон. Калі б гэтая з’ява існавала папраўдзе, а не была толькі рытарычнай фігурай ідэалагічнага начыння, дык народы ўжо даўно павыбівалі б адзін аднаго ўшчэнт. Масавы гераізм з’ява больш небяспечная, чым адсутнасць гераізма ўвогуле. Кожная праява масавага гераізму павінна разглядацца як сімптом смяртэльнай хваробы, за якой страта народам важнейшага з інстынктаў - інстынкту самазахавання.
Невыпадкова ў мове беларускага народа няма слова, якое акрэслівала б гэтую тэндэнцыю, а кніжнае, з ідэалагічнай лексікі, “герой” у жывым вымаўленні беларусаў гучыць няйнакш, як іранічна.
Няма слова - няма і з’явы. У лакальным змесце падобнае сцвярджэнне мусіць успрымацца як спрошчанае ці авантурнае. Але калі мы азіраем шырокі гістарычны прасцяг і, вызначыўшы ў ім нейкую натуральна абумоўленую заканамернасць, не можам ёй падшукаць адпаведнага слова ў мове народа, дык ў нас з’яўляюцца сур’ёзныя падставы запытацца: а ці быў хлопчык?
Яшчэ да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, вынішчаная войнамі з Масковіяй, Беларусь была ўжо ў нейкай ступені “акупаваная” Польшчай. А далей пацягнулася эра перманентнай акупацыі: шведы, французы, немцы, палякі, зноў немцы, а на пачатку, у прамежку і потым - расейцы, расейцы, расейцы. Паднявольны стан, стан акупацыі зрабіўся натуральным для беларусаў, і з цягам часу яны прызвычаіліся да чужыннага гнёту, як да ціску атмасферы.
Зноў жа звернем увагу, як факт татальнай залежнасці ад чужаземцаў адбіўся ў мове. Вызначаючы час той ці іншай падзеі, беларусы звычайна кажуць: (гэта было) за палякамі, за немцамі, за саветамі… Мова народа ўжо не ўтрымлівала граматычных катэгорый самастойнага бытавання на сваёй зямлі.
Дык адкуль тады феномен збройнага супраціву апошняй нямецкай акупацыі? З чаго раптам гэтая ідэя апанавала ўсім народам, які даволі абыякава трываў папярэднія прышэсці чужынцаў, хаця б тых жа самых немцаў яшчэ дваццаць год назад?
Адказ лічы навідавоку: мадэль жорсткага супраціву акупацыі была навязаная беларусам Расеяй. Для расейцаў, якія ад захопу польска-беларускімі войскамі Масквы на самым пачатку ХУІІ стагоддзя зведалі толькі паспешлівы “візіт” Напалеона, чужынец са зброяй ў руках сапраўды быў нечым нязвыклым, дысгарманічным, варожым у той апошняй меры, якая вымагала змагання да скону (свайго ці ворага). Тут яшчэ трэба адзначыць, што падобнае стаўленне да акупацыі вынікала не толькі з ментальнасці расейскага чалавека, але і з ягонага ўсведамлення моцы сваёй дзяржавы, якая здольная і мусіць перамагчы кожнага ворага. А з адваротнага боку - з адмаўлення расейскай імперыяй якой-кольвек каштоўнасці за жыццём асобнага чалавека.
Читать дальше