Не толькі Заборскі – цэлая група таленавітых архітэктараў працавала над абліччам Плошчы Перамогі, якая тады называлася Круглай. Абеліск атрымаўся вышынёй 38 метраў (хаця ёсць чуткі, што павінен быў быць вышэй яшчэ на два фрагменты). Урачыстае адкрыццё адбылося 3 ліпеня 1954 года. Увесь горад сабраўся тады на Круглай плошчы. Паглядзець было на што. Ззяў Ордэн Перамогі, які ўвенчваў абеліск. Камень упрыгожылі арнаментам – грані абеліску нагадваюць рушнікі, што звісаюць уніз. Як вядома, рушнікамі беларусы заўсёды ўпрыгожвалі крыжы і абразы, на рушніках падносілі хлеб-соль дарагім гасцям. Рушнікі на абеліску Перамогі – дар беларусаў тым, хто вызваліў нашу зямлю. Унізе – чатыры бронзавыя гарэльефы: “9 мая 1945 года”, “Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Партызаны Беларусі” і “Слава паўшым героям”.
Узводілі абеліск не толькі беларусы. Граніт быў прывезены з Днепрапятроўска і Жытоміра, мазаіку для Ордэна Перамогі і бронзавае ліццё рабілі мастакі Ленінграду, разьбу па камні выканалі ўкраінскія майстры... У 1961 годзе ля абеліску Перамогі запалаў Вечны Агонь, сімвал памяці па тых, хто загінуў. У горадзе стала добрай традыцыяй, калі падчас вяселляў маладыя ўскладаюць кветкі да Вечнага Агню.
Але час ідзе, горад мяняецца. Зрушваюцца яго абрысы. Пад плошчай Перамогі прайшло метро. У 1984 годзе плошчу павялічылі – цяпер яна не круглая, а, хутчэй, авальная. А пад ёю – мемарыяльная зала, якая паўтарае абрысы плошчы.На сценах выбіты імёны 566 герояў Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь.
Наш горад яшчэ добра памятае вайну... Ёсць у ім шмат помнікаў, якія нагадваюць пра гэта. Ля Дома афіцэраў, на пастаменце – танк Т-34, у памяць пра тых танкістаў, што вызвалялі Мінск. У парку Марата Казея – помнік гэтаму юнаму партызану. Калі прайсці ў паўночную частку парка імя Чалюскінцаў, можна ўбачыць скульптуру смуткуючай жанчыны на тым месцы, дзе у 1942 годзе немцы расстралялі больш за 10 тысяч ваеннапалонных. У раёне вуліцы Мельнікайтэ, у так званай Яме – мемарыял у памяць яўрэяў, што загінулі ў Мінскім гета... Іх было каля сотні тысяч. У Масюкоўшчыне – помнік на месцы Масюкоўшчынскага лагера смерці. Побач з Мінскам быў і яшчэ адзін страшны лагер смерці – Трасцянец.
Нават калі проста прайсці па вуліцах горада, убачыш шмат шыльдаў і барэльефаў у памяць падпольшчыкаў – на будынку лакаматыўнага дэпо, чыгуначнага вакзалу, дрожжавага камбінату, піваварнага, гарбарнага, станкабудаўнічага заводаў, на доме друку, на будынку клуба вытворчага аб’яднання “Прамень”... Помнік ля Чырвонага касцёлу пазначае месца, дзе загінуў пры выкананні баявога задання адзін з кіраўнікоў мінскага падполля Уладзімір Амельянюк. На будынку вытворчага аб’яднання “Белвар” – барэльеф з выявай Трыфана Лук’яновіча, савецкага салдата, які выратаваў нямецкую дзяўчынку і якому пастаўлены помнік у Берліне. Перад будынкам навукова-вытворчага аб’яднання, якое носіць імя Мікалая Гастэла, помнік лётчыку-герою. На вуліцы Чыжэўскіх помнік на тым месцы, дзе ў 1943 годзе фашысты пакаралі смерцю трох падпольшчыц – Н.Майсееву, А.Чыжэўскую і М.Чыжэўскую, якія рыхтавалі забойства ката беларускага народа генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга. А даведацца падрабязней пра подзьвігі мінчан можна ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы.
16. Гарадскія скульптуры.
Акрамя велічных помнікаў у гонар вялікіх падзей і асоб, ёсць у кожным еўрапейскім горадзе скульптуры, якія ствараюць яго непаўторнасць, невялікія, “неафіцыйныя”, але асабліва любімыя. Ёсць такія і ў Мінску. Самая вядомая – гэта “Хлопчык з лебедзем”, фантан у былым Аляксандраўскім скверы, побач з тэатрам Янкі Купалы і Домам Афіцэраў. Яе аўтар – італьянец Л.Берніні. З’яўленнем фантана ў 1874 годзе адзначылі вялікую для горада падзею – адкрыццё вадаправоду. Дарэчы, з-за гэтай скульптуры сучасныя гараджане празвалі сквер “Панікоўкай” – у рамане Ільфа і Пятрова “Залатое цяля” ёсць такі персанаж, Панікоўскі, які спецыялізаваўся на крадзежы гусей. Вось дасціпныя мінчукі і ўгледзелі падабенства...
У Аляксандраўскім скверы ёсць і яшчэ адна нечаканая адметнасць, з якой звязана гарадская легенда. Каля тэатра Янкі Купалы стаіць невялікі прыгожы будынак, падобны да маленькага палацу. Праўда, прызначэнне яго зусім не рамантычнае – у ім размешчана... грамадская прыбіральня. А легенду расказваюць такую... Калі напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Мінску пачалі будаваць тэатр, адзін архітэктар сказаў, што зробіць гораду падарунак – пабудуе за свой кошт ля тэатра прыбіральню. Вядома, прапанова была з удзячнасцю прынятая... Дзівак-дойлід узводзіў абяцаны будынак надзіва дыхтоўным і прыгожым. І толькі праз нейкі час высветлілася, чаму. Незадоўга перад гэтым архітэктар пабудаваў маёнтак для нейкага пана. Атрымалася прыгожа, на італьянскі манер... Але заказчык майстра падмануў – не заплаціў за працу. Архітэктар паабяцаў, што адпомсціць. Новая гарадская прыбіральня ўяўляла з сябе паменшаную копію таго прыгожага маёнтка. Над панам пачалі смяяцца, гаварыць, што жыве ў прыбіральні... Урэшце ён быў змушаны прадаць свой новы шыкоўны дом за крыўдна малыя грошы і з’ехаў некуды за мяжу.
Читать дальше