Упарта зманлівы і скрытны,
не захаваўшы дробных рыс,
прыпаднясе нам
лес блакітны
сябе самога у сюрпрыз 117.
Значыць, увайсці цяжка, але і застацца збоку нельга, даводзіцца ўлучаць рэдкія часіны, калі таемны свет духоўнасці сам захоча раскрыцца. Калі ж і як уступае свае глыбінныя сакрэты «ўпарта зманлівы і скрытны» чалавечы лес? Аказваецца, ён робіць гэта цераз выдатных людзей, чыёй дзейнасцю сам ён абнаўляецца, змяняе, удасканальвае сваю жыццёва-гуманістычную сутнасць. Адкрыцці геніяльных людзей, гэтых парламенцёраў блакітнага лесу, і ёсць форма самараскрыцця грамадскай свядомасці.
У творах Разанава паўстае шэраг вялікіх постацяў, светачаў чалавецтва і вялікіх гістарычных падзей. На першым плане стаіць вобраз Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адсюль, як праменні ад сонца, адыходзяць у мінулае і сучаснае іншыя вобразы — Тамаза Кампанелы, дзекабрыстаў, Кастуся Каліноўскага, Паганіні, Ван Гога, а да нашых дзён і далей у будучыню крочаць неназваныя героі ваенных і мірных пераўтварэнняў свету — «Змагар», «Празорца», абаронцы Брэсцкай крэпасці і зусім юныя неўтаймаваныя эксперыментатары, якія не баяцца яшчэ сказаць: «Я маю права ўсё закрэсліць і потым нанава пачаць» —
Ўпляліся профілі вялікіх,
абрысы дрэў і гарады
у запаветныя разлікі
і ў лічбаў важкія рады!.. 118
Адбор імён, падзей і праблем, хоць ёсць тут пэўная стракатасць, у цэлым добра гаворыць пра ідэалы аўтара. Праўда, для высвятлення канкрэтных рыс ідэалу чалавека і ідэальнай «эстэтычнай» падзеі ці перажывання неабходна паглыбіцца ў самыя творы.
Вершы пра Леніна... Фантазія паэта выводзіць вобраз Леніна за рамкі канкрэтнай гістарычнай эпохі: «Ленін — гэта мы», а мы — армія прагрэсу, «сілаю ягонаю свет пераўтвараем». Абстрагаванне ад канкрэтных чалавечых рыс Ільіча і гістарычных падзей спатрэбілася Разанаву для публіцыстычнага тэзіса, для сцвяр-жэння ідэйнага пашпарта яго пакалення. Ленін — гэта сцяг той кагорты эксперыментатараў, пераўтваральнікаў свету, да якой залічвае сябе паэт. Іншыя вобразы выдатных людзей дапамагаюць удакладніць рысы маладога пакалення, яго запаветы і здабыткі.
Некаторая разнамаснасць імён выдатных людзей, на якіх спыніўся А. Разанаў, вынік шырыні прынцыпу, пры дапамозе якога ён акрэслівае выдатную асобу. Вялікі чалавек — гэта творца. а пладамі творчасці могуць быць і утопія, і навуковая тэорыя (Кампанела — Ленін), вялікія мастацкія адкрыцці і вялікія грамадскія ўчынкі (Паганіні, Ван Гог — дзекабрысты, Каліноўскі). Мастацтва — таксама дзейнасць, перш за ўсё дзейнасць. Паганіні ў Разанава — не толькі чарадзей скрыпкі, а бунтар, «пракляты папаю скрыпач»; Ван Гог — нават не жывапісец, а наогул вынаходнік, нейкі алхімік, «што вызваліў агонь». Мастакі і рэвалюцыянеры — людзі аднаго складу, гэта наватары, надзеленыя неўтаймаванасцю душы. Яны маюць доступ у зялёны і блакітны бор, як і сам паэт:
Сачу вясну.
Жыву ў Міжбор'і...
I два бары, як спарышы,
Між дыялектыкай надвор'я,
I дыялектыкай душы. (48)
Свет ва ўяўленні Алеся Разанава — гэта арэна, дзе часта бляскам маланак высвечваецца творчая сіла чалавецтва. Так было спрадвеку: тады, калі чалавек упершыню стаў на ногі ды, нібы Атлас, упёрся «нагамі у планету і ў нерухомы купал галавой», і тады, калі ён пераадолеў бар'ер нематы, калі «з грудзей нямых і чорных аднойчы мова прарасла», і тады, калі дзекабрысты выйшлі на Сенацкую плошчу — «высокі лёс займаўся з вамі, і на вякі світанак з ім», і тады, калі заканспіра-ваны дыктатар паўстання Вітажэнец сцвердзіў сваё «імя і ўваскрашэнне» і на пытанне следчага «Як зваць вас?» прагучала несмяротнае — «Каліноўскі». Жыццё — гэта лавіна падзей, пераўтварэнняў, і важнейшаю пераўтваральнаю сілай выступае бунтарны творчы дух чалавека. Сутыкненні гэтае сілы з цяжкаю і непадатлівай, хоць і плыннаю жыццёваю субстанцыяй, надаюць драматызм жыццю.
Паэт робіць выснову, што паскарэнне жыцця — універсальнае прызванне ўсіх выдатных людзей. Адсюль — своеасаблівы апафеоз руху, дзейнасці і волі ў лірыцы паэта. Галоўная гераіня паэзіі Разанава нават не думка, а воля ці, лепш сказадь, думка пра межы і праявы свабоды волі чалавека, абсалютнай волі над са-бою і над светам. Валодаць сабою, каб авалодаць светам,— вось Фаустава ідэя, формула шчасця. Аднак жа свет бязмежны. бясконцы ў часе і прасторы, а чалавек і воля яго маюць свае межы-граніцы. Бязмежнай можа быць толькі думка пра бязмежнасць свету.
Читать дальше