“Ого, які рашучы... – здзівіўся Шкодзя. – Нічога, хутка ачахне, перадумае і забярэ грошы”.
Вірус не мог паверыць, што безграшовы юнак можа так проста адмовіцца ад вялікай сумы.
Тым часам Юзер націснуў на адну кнопку, на другую, пакруціў Мышкай, правёў іншыя маніпуляцыі, і з экрана Манітора Дысплеевіча знікла чужое паведамленне. А разам з ім паляцелі ў невядомасць і тыя грошы, што мог бы атрымаць Юзер.
Мог бы, але не захацеў. Не пажадаў незаслужана прысвойваць тое, чаго сам не зарабіў.
Грошы вярнуліся на рахунак ранейшага гаспадара.
Падзівіўся Вірус Шкодзя гэткай юнацкай сумленнасці ды ў шлях-дарогу міжзорную выправіўся, на сваю планету Вірусанія. Мо каб новы спосаб падману знайсці?
Толькі ты будзь дасведчаным і абачлівым, мой юны сябар, ніколі не забаўляйся з невядомымі пасланнямі, якія прыходзяць на твой камп’ютэр.
Надакучыла Вірусу безупынку насіцца па свеце. Стаміўся, ногі падбіў, рукі натрудзіў. Захацелася нешта такое зрабіць, такое... Каб нехта пахваліў яго, каб баяцца перасталі.
Сеў ён на адзін з трынаццаці сваіх магутных зоркалётаў, якія належалі да яго асабістага парку. Выбраў прадаўгаваты і вастраносы, серабрыстага колеру, бо вельмі любіў яго. Найбольш цаніў менавіта за бліскучы – ажно ільсніцца колер. Ляціш у сусвеце, а навокал нібыта маланкі блікаюць – сонечныя праменні ад паверхні адбіваюцца. А мог і на іншы сесці – шырокакрылы, растапыраны, як варона ў палёце, невыразнага і някідкага колеру. Ім карыстаўся тады, калі не хацеў, каб заўважалі яго, каб збіць з тропу сваіх непрыяцеляў, якія маглі б нашкодзіць Вірусу.
Зручна ўсеўся ў зоркалёце і выправіўся ў міжпланетную шлях-дарогу. Даляцеў да аднаго камп’ютэра, каб знайсці там што-небудзь цікавае. Але толькі да праграмы падключыўся, толькі пачаў назіраць, што робіць у Інтэрнэце нейкая дзяўчына, як антывірусны ахоўнік камп’ютэра так наляцеў на яго, пачаў так шкуматаць, што ледзьве жывым выбраўся Вірус.
Тое ж чакала яго і ў другім камп’ютэры. І ў трэцім. Нібыта згаварыліся ўсе – ганяюць Антывірусы беднага Віруса і ганяюць. Да знямогі стаміўся, абяссілеў. А так хочацца прысесці дзе-небудзь, адпачыць трошкі, сілы набрацца, настрой паправіць.
“Лепшага месца, як у Надзейкі і не знойдзеш”, - вырашыў Шкодзя.
Ён ціхенька заскочыў у Надзейчын камп’ютэр і прыснуў там, пакуль дзяўчына не ўключыла яго.
Доўга спаў ці коратка, ды раптам адчуў, што бадзёрасць вярнулася да Віруса, сілы аднавіліся, зноў брацца за свае шкодніцкія справы захацелася. Ведама, натура ў яго такая: не па душы камп’ютэрны лад, цішыня ды спакой.
Тут акурат Надзейка ўключыла камп’ютэр, Павадзіла Мышка, пакруціла і адкрыла электронную пошту. А там пісьмо ёй. Відаць, чаканае і цікавае, бо калі пачала чытаць, вочы радасцю засвяціліся, твар падабрэў, а на шчокі румянец выскачыў.
Не вытрымаў Шкодзя. Ціхенька, каб не спалохаць Надзейку, падключыўся да яе пошты. Цікаўнасць узяла верх над шкадлівасцю. Зазірнуў ён у тое, што чытала Надзейка.
А там – такія словы, такія пачуцці, што ажно ў стрыманага на эмоцыі Віруса сэрца скаланулася. Невядомы яму хлапец па імені Андрэй паведамляў Надзейцы пра свае пачуцці да яе. Так хораша пісаў пра твар і вочы Надзейкі, пра яе вусны, што ажно Вірусу захацелася на экран Манітора Дысплеевіча выскачыць, каб пераканацца, ці ўсё так на самай справе, як Андрэй піша. Бо некалі і сам ён казаў такія цёплыя словы пра вочы Віндусачкі.
Ды своечасова спахапіўся Шкодзя, не дабег да экрана. Спалохаўся, што адразу выявяць яго. І не толькі адагналі б ад пісьма, але і наогул выгналі б з камп’ютэра. Накіравалі б супраць яго антывіруснага доктара. А Шкодзю так хацелася ліст той дачытаць, даведацца, што прапануе Андрэй Надзейцы.
І ён зноў уткнуў нос у Андрэева пісьмо. Калі дачытаў, зразумеў, што хлопец прызнаваўся Надзейцы ў сваім каханні.
Розныя, раней невядомыя яму пачуцці запаланілі Шкодзю. З аднаго боку ён цешыўся з такіх прыгожых і чулых слоў – бо ніхто і ніколі падобных не казаў Вірусу. З другога - ад усведамлення гэтага яго апаноўвала злосць: чаму ніхто не можа прызнацца яму ў сваім каханні? Яно ж, напэўна, такое салодкае, захапляльнае, гаючае... Вунь якой вясёлай і ўзбуджанай стала Надзейка.
“Калі б хто пакахаў мяне, то і я дабрэйшым стаў бы”, - уздыхнуў Вірус.
Ён і не заўважыў, што гэты ўздых патрапіў якраз на ліст, напісаны Андрэем. Словы і сказы на ім чамусьці адразу пачалі знікаць, ператварацца ў нейкі нечытэльны набор пераблытаных літар.
Читать дальше