Хэрыт Ахтэрберх
У пакоі без вокнаў
цемрай цешыцца вока
і кладзе амулеты
на ўспамінаў шкілеты
і ратуешся сненнем
каб пазбегнуць насення
рэалізму свядомых
і ўцячы ў беспрытомнасць
непраяўленых думак
неразблытаных стужак
нараджэння і смерці
з дыяментаў і смецця
асалодай цыкуты
сон касуе пакуты
дэфларыруе краты
ад міжчассяў нязгрэбных
(Чарнобыль. 10 гадоў пазней)
Ніхто ўжо нас не выратуе не
... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ...
жыццё мінула смерць яшчэ міне
Сігітас Гяда

між зямлёю і небам губляюцца межы
снег кладзецца на снег
прабіваючы вечнасць касцёльная вежа
нерухома знікае ў пярэстым бязмежжы
снег кладзецца на снег
ледзянее на вуснах бязмоўна каханне
зошла шкеляцца вочы ад белага ззяння
і цнатлівай дзяўчынаю смерць беззаганна
абдымае і песціць таемным вяртаннем
снег кладзецца на снег
і хаваецца ў боскасці млоснага змроку
што навокал і так неабсяжнае зроку
снег кладзецца на снег
зацярушвае прагу апошняга кроку
Уладзіміру Траццякову
Шыбы прымерзлі
да зімы.
Малюнкі амлення.
Подых поўні.
Таямніца
адлюстраванага...
Сусвет у ваконнай
раме —
калейдаскоп ільда.
Жаданне ўтаймавацца
на шкле
крышталём святла.
Цёплы пакой.
Вярблюджая коўдра.
Нерухомасць.
За вокнамі
пацеркамі слядоў-
мае крокі.
Пыл не здзьмухвай. Прабач і пакінь.
Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска
Вільготным пылам саркафагаў
ля эпітафій бачу час
і ў лаўрах марную развагу
выяваў — профіль і анфас.
Камень шыхтамі сваю вернасць
няхістка захаваў руцэ,
што й зараз мур так шчыльна тчэ.
Зайздрошчу тым, чый крок паверхня
няўладна больш адлюстраваць —
на павуцінне ўтаймаваць
павук паспеў іх след.
З начніцы
хімера невымоўнасць п’е...
Плыву ў суцэльнай таямніцы,
апошні сведка — сам сабе.
На труне паміраюць ружы
(іх прынеслі сябры для мяне).
І пунсовасці ветразь кружыць
жаўцізну, што ляжыць у труне.
Не шкадуйце мяне, не трэба.
Шкадаванне не тоіць надзей.
Сілай ружы жывіла глеба,
каб памерлі яны для людзей.
Вецер, вецер, шаноўны мой вецер!
Белай стужкай далёкіх аблок
Ты нясешся з нябыту на вечнасць,
Ахвяруючы нам халадок.
Я таксама, мой вецер, жадаю
Белай стужкай імчаць над зямлёй
І прамовіць да ўсіх: пакідаю
Вам у спадчыну сэрца спакой.
Маё сэрца ў нябыт адышло,
паляцела да сонца птушкай,
пакахаў я з маленства святло
і лятучых вясёлак стужкі.
Не задаў я зямнога быцця,
дзе аблокі аблашчыць нельга
І дзе нельга пражыць, як дзіця,
што вачыма цалуе неба.
Маё сэрца ў нябыт адышло,
паляцела да сонца птушкай,
каб вярнуцца ў тваё жытло
мяккім промнем і першай думкай.
I
Вецер і поўня.
Флеш похвы ў срэбным пылку.
Семя і сліна.
II
Дна не існуе:
Бясконцае падзенне —
Шлях да ўласнага.
III
Дождж ліў як з вядра.
Парасону ўсё роўна.
ён спаў на шафе.
IV
І зноў самотна.
І зноў не снег і не дождж.
Жоўты верабей.
V
Каруны соснаў
Разварушылі сонца.
Трымціць лістота.
VI
Кропкі на сцяне
Утаймоўваюць думкі.
Разглядаю іх.
VII
На шальках вачэй
Пераважвае вільгаць
Вуснаў каханкі.
VIII
Не зацікавіць
Высакароднасць неба
Згорбленасць працы.
IX
Немаўля бачыць
Рэчаіснае ў кроплі
Адлюстраванне.
X
Ноч сярпом жне пыл.
Шпурляю глыж у ставок.
Кругі на вадзе.
XI
Пішу жанчыну.
Далоні ў плямах фарбы.
Немаўля плача.
XII
Паганскі ідал
Ператварыўся ў мараль.
Метамарфоза.
XIII
Па смерці кожны
Сустракае самога
Сябе. Жахліва...
XIV
Распранутая
Прыгажуня ў трупярні
Моцна смярдзела...
XV
Рву эдэльвейсы.
Водару асфадэляў
Прагне каханне.
Читать дальше