Краснае
Назва Краснае Сяло ўпамінаецца ў ХV стагоддзі як вялікакняжацкае ўладанне. З’яўлялася цэнтрам Краснасельскага староства ў Менскім павеце і ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. 15 жніўня 1908 года закладзены каменны касцёл Унебаўзняцця Найсвяцейшай Марыі Панны, узвядзенне якога было завершана ў 1912 годзе. Помнік архітэктуры неаготыкі. Думаю, што Максім Багдановіч у 1911 годзе, жывучы ў Ракуцёўшчыне, якая ў некалькіх кіламетрах ад Краснага, бачыў як будуецца касцёл…
Плябань
Плябань вядома з ХV стагоддзя. У 1800 годзе «плябан Краснасельскі канонік Казімір Харэвіч касцёл мураваны заснаваў з закрыстыяй з правага боку». У 1872 годзе касцёл быў перабудаваны пад праваслаўную царкву. У Плябані знаходзіцца раённая мастацкая галерэя, на мясцовых могілках пахаваны паўстанцы атрада Юльяна Бакшанскага. У свой час краязнаўца Міхась Казлоўскі быў правадніком для сяброў суполкі «Літаратурнае прадмесце» да гэтай магілы…
Радашковічы
Радашковічы размешчаны на ўскрайку Мінскага ўзвышша пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка. Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1447 годзе, калі віленскі кашталян заснаваў тут касцёл. Радашковічы з’яўляліся ўласнасцю князёў Гаштольдаў, Глябовічаў, Агінскіх і Радзівілаў. У 1569 годзе Радашковічы атрымалі магдэбурскае права, а ў 1792 годзе — герб: на срэбраным полі паясная выява Святога Стафана, пабітага камянямі. У 1939 годзе з Радашковіч мой дзед Юзя адпраўляўся ў войска польскае ваяваць з немцамі, а ў 1951 годзе мой бацька ішоў служыць Сталіну…
Ракуцёўшчына
Ракуцёўшчына ўпершыню ўпамінаецца ў ХVІІ стагоддзі. У 1897 годзе — вёска (11 двароў, 81 жыхар) і фальварак (1 двор, 17 жыхароў). У 1911 годзе ў фальварку два летнія месяцы жыў Максім Багдановіч. На жаль, калі я вучыўся ў школе, мае настаўнікі не ведалі пра Ракуцёўшчыну, якая ад маіх Пугачоў у 20 кіламетрах, а то я схадзіў бы да Максіма Багдановіча з вершамі, як у 1972 годзе хадзіў у Вязынку да Янкі Купалы…
Хоўхлава
Хоўхлава ў афіцыйных крыніцах згадваецца з ХV стагоддзя. У 1565 годзе пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага ў Хоўхлава прыехаў і нейкі час там жыў Сымон Будны. Менавіта ў гэтым старажытным паселішчы ім была напісана кніга «Аб зачацці сына Божага». У памяць аб славутым жыхары некалькі гадоў назад на будынку мясцовай школы з’явілася мемарыяльная шыльда. У 1738 годзе у заходняй частцы вёскі на ўзвышшы быў узведзены касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны. Храм драўляны, пабудаваны ў стылі барока з элементамі класіцызму. У 1846—1847 гадах мясцовы пан Вікенцій Язвінскі збудаваў за касцёлам каменную капліцу, якая выконвала ролю пахавальні для мясцовых магнатаў. З маіх Пугачоў да Хоўхлава кіламетраў дваццаць…
* * *
5.10.2011. Сёння закончылі разбураць былы філфакаўскі інтэрнат. І цяпер па велізарнай кучы будаўнічага друзу і смецця лазяць экскаватары і пагрузчыкі, як жалезныя бамжы…
Праблемы…
6.10.2011. Праблемы са старымі бацькамі не даюць спакойна жыць і працаваць, таму і з’явіліся вось гэтыя радкі:
Як на чорнай галеры,
Да вясла прыкаваны,
Ты і сёння на працы.
І глядзіш на шпалеры,
Як на ціш акіяна,
Як праз краты, праз пальцы.
На адным з іх пярсцёнак
Залаты, як былое,
Калі ты быў дзіцёнак
І было залатое
Нават тое, што смеццем
Пад нагамі ляжала…
* * *
6.10.2011. «А я па праспекце не хаджу, а ўсё па завулках і тупіках…» — падумалася, гледзячы на людзей з аўтобуса на праспекце Незалежнасці…
* * *
6.10.2011. Калі вучыўся ў архітэктурнабудаўнічым тэхнікуме, некаторыя заняткі ў нас адбываліся ў бомбасховішчы. І мне, галоднаму студэнту, часам здавалася, што мы на вайне…
* * *
6.10.2011. Рэдактар сярод мёртвых рукапісаў, як Харон…
Не былі і былі…
8.10.2011. Пра імпрэзу «Зярно к зярняці…», якая была прысвечана 95годдзю з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Юрэвіча і прайшла ў Музеі Янкі Купалы, я ўжо запісваў у сваім дзённіку. Пра гэтую імпрэзу ў некаторых газетах з’явілася інфармацыя. «На вечарыне апроч пісьменнікаў і навукоўцаў Вячаслава Рагойшы, Міколы Аўрамчыка, Анатоля Бутэвіча, Навума Гальпяровіча ды іншых выступілі студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі» — так піша адна газета, але ж на вечарыне ні Рагойшы, ні Аўрамчыка, ні Бутэвіча не было. Гэта значыць, што інфармацыя напісана з прэсліста, які быў распаўсюджаны загадзя. У другой газеце чытаем: «Сярод гасцей былі і вядомыя літаратуразнаўцы, пісьменнікі: Навум Гальпяровіч, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Віктар Шніп, Мікола Аўрамчык, Вячаслаў Рагойша, Алесь Бадак». Зноў у перакліку ёсць пісьменнікі, якіх не было ў музеі: «М. Аўрамчык, В. Рагойша, А. Бадак». Дарэчы, карэспандэнтка з гэтай газеты прысутнічала і ўвесь час нешта запісвала. На вечарыне выступала Галіна Шаблінская, але, мяркуючы па прыведзеных інфармацыях, яе не было…
Читать дальше