* * *
3.08.2011. Застудзіўся. Цяпер баляць зубы. І наш папугай Северус лётае за мной па хаце, як зачараваны доктар Айбаліт…
Нарач. Першы дзень...
4.08.2011. На Маскоўскі аўтавакзал на таксі з Людмілай ехалі моўчкі (Максім наогул паехаў на метро), нібыта пасварыліся. Замест чаканага камфартабельнага аўтобуса, які быў абяцаны пры куплі самых дарагіх білетаў (40 тысяч) на Нарач, на прыпынку нас чакала звычайная маршрутка. Пасажыраў набралася 12 чалавек, з якіх два казахі і два лысыя п’яніцы. Казахі ўсю дарогу баяліся праехаць Мядзел, а п’яніцы пілі гарэлку, запіваючы мінералкай, і прыставалі да дзяўчыны, якая сядзела паперадзе іх. Першы прыпынак быў у Ільі. Гледзячы расклад, прыклеены каля білетнай касы, стары з нашай маршруткі сказаў мне: «А я ў Красным працаваў...» — «Там побач Ракуцёўшчына, дзе некалькі месяцаў жыў Максім Багдановіч...» — дадаў я. «Так...» — працягнуў стары размову, якая тут жа перарвалася, бо нас паклікалі ехаць далей. На прыпынку ў Мядзелі выйшлі казахі. І як толькі наша маршрутка скранулася з месца, больш шабутны п’яніца закрычаў: «Стойце! Казахаў забыліся!» — «Яны прыехалі!» — паведаміў шафёр. «Ага! Паглядзіце, казахі ўжо пад дрэвам моляцца! Відаць, да нас хутка Назарбаеў прыедзе!» — дадаў спакайнейшы п’яніца. У курортны пасёлак Нарач заехалі за дзве з паловай гадзіны. Гаспадыня кватэры, дзе мы сабраліся адпачываць, сустрэла нас на прыпынку. Жыллё нам спадабалася. Пераапрануўшыся і перакусіўшы, пайшлі да Нарачы, каля якой Максім прапанаваў паглядзець санаторый «Нарачанскі бераг», дзе мы адпачывалі восем гадоў таму. Падышоўшы да санаторыя, нібыта трапілі ў 2003 год — каля будынка на лавачках інтэлігентныя старыя, побач каля іх бегаюць шустрыя дзеці і стаіць гіпсавы Ленін. На танцпляцоўцы расійская папса, якую мы чулі і ў 2003 годзе. Дзяўчаткі танцуюць, а хлопцы глядзяць, старэйшыя кураць. Нічога новага. У кватэру вярнуліся, калі ўжо сцямнела...
Нарач. Другі дзень...
5.08.2011. Пакуль Люда і Максім спалі, зрабіўшы сняданак, схадзіў у краму. Купіў алею за 17 700, які ў Мінску каштуе 13 тысяч. Усё астатняе, здаецца, не даражэйшае...
З дому выйшлі ў 12 гадзін. Пайшлі па беразе Нарачы. Прыпыніліся каля старых пісьменніцкіх лецішчаў. Праходзячы каля нас, пажылы мужчына сказаў: «Гэта дачы нашых пісьменнікаў: Лынькова, Куляшова і Танка...»
Ужо другі дзень бачу на Нарачы човен пад белым ветразем. Адчуванне, нібыта на чоўне няма людзей...
Малькі ў чыстай вадзе каля берага, як брудныя льдзінкі...
Каля аддзялення «Беларусбанка» цэлы дзень чарга. У чарзе адныя і тыя ж людзі — скупляюць валюту. Праз дарогу каля будынка, дзе пахаронныя паслугі, лавачкі таксама не пустуюць — тут спыняюцца маршруткі з новымі адпачываючымі, якім прапануюцца кватэры, а я напачатку, гледзячы на кучу людзей, падумаў, што нехта памёр...
На пляжах стаяць знакі з папярэджаннем, што нельга карміць качак і лебедзяў. А гэтых птушак і не бачна...
Усе баяцца купацца, бо ў вадзе, кажуць, ёсць нейкая зараза ад птушак. Але многія купаюцца...
Нарач. Трэці дзень...
6.08.2011. Сніўся Анатоль Сыс. Ён мне чытаў свае новыя вершы. Казаў, каб пасылаў усіх падалей, хто будзе вучыць, як жыць...
Разбудзіў тэлефонны званок ад мастака Алеся Квяткоўскага. Ён цяпер з жонкай у сяброў у Вілейцы. Пахваліўся, што амаль усю ноч спявалі песні на вершы Сыса, Адамовіча, Рублеўскай і мае...
З акна праз дарогу бачу, як на сваю будоўлю на новенькай машыне прыехаў мужчына гадоў сарака. Фундамент ужо зроблены, а каля яго навернуты кучы пяску і цэглы. Пагаспадарску пахадзіўшы па будоўлі, мужчына сеў у машыну і паехаў...
Хадзілі ў вёску Нарач, якая раней называлася Кабыльнік. Нас цікавілі Храмы. Царква была збудавана ў 1875 годзе. Мураўёўка. Усе абвесткі паруску. Замкнутая. Касцёл быў збудаваны ў 1901 годзе. Адчынены. Усе абвесткі пабеларуску. Каля касцёла пахаваны ксяндзы. Адзін у 1922 годзе. Пражыў 27 гадоў. Другі пахаваны ў 1942 ва ўзросце 42 гадоў. Відаць, быў расстраляны. На тэрыторыі пры Храме стаіць скульптура Яну Паўлу ІІ.
У цэнтры вёскі Нарач, дзе мог стаяць гіпсавы Ленін, сціплы помнік землякам, якія загінулі ў партызанах і на фронце. Надпісы пабеларуску...
Вяртаючыся з вёскі Нарач, дзівіліся яе велічыні. Асабліва ўразілі шыкоўныя лецішчы, якія абляпілі вёску...
Прыпыніліся каля верталётнай пляцоўкі. Можна палётаць над Нараччу. 10 хвілін каштуе 700 тысяч...
Пад вечар хадзіў з Людай да Нарачы. Ветрана. Хвалі, як на моры. На чорным небакраі човен пад белым ветразем, як прывід...
Читать дальше