Крывавыя берагі Нямігі…
14.04.2011. Ідучы на працу, раптам у сабе пачуў радкі: «Зноў берагі Нямігі азмрочаны крывёй…» Узгадалася «Слова пра паход Ігаравы». Мінула сотні гадоў, а берагі Нямігі і ў нашым часе крывавяцца. Адзін бераг ракі — гэта станцыя метро «Няміга» — быў акрываўлены 31 мая 1999 года, а другі бераг — гэта станцыя метро «Кастрычніцкая» — 11 красавіка 2011 года...
* * *
16.04.2011. Чытаў пра загінулых у метро і плакаў…
Дзеці і Нарбут
18.04.2011. Быў у школе № 213 на сустрэчы з вучнямі 6—10 класаў, якія цікавяцца беларускай літаратурай. Прыйшло чалавек пяцьдзясят. Слухалі, пыталіся. Пасля ўсяго да мяне падышлі старшакласнікі і запыталіся, ці ёсць у мяне балада пра Людвіка Нарбута. Пачуўшы што няма, дзеці папрасілі напісаць твор, і я абяцаў выканаць просьбу…
* * *
19.04.2011. Сёння ў мамы дзень народзінаў. Ёй 81 год…
Бацькі і дзеці
21.04.2011. «У адных толку ад бацькоў і пры жыцці не было, а ў іншых і пасля іх смерці ганарары 50 гадоў налічваюцца…» Адразу ж падумалася пасля пытання дачкі аднаго з пісьменнікаў: «А ці будзе за кніжку ганарар?»
Дубцы і дрэвы
23.04.2011. Вяртаючыся з крамы, у сваім двары ўбачыў, як хлапчук, гадоў сямі, ламае куст, а два меншыя ўжо са свежымі дубцамі, разінуўшыся, стаяць побач. «Што ты робіш! Зараз я табе наламаю!» — пракрычаў я, і хлапчук тут жа адбегся ад куста. Каля пад’езда я азірнуўся і ўбачыў, што малы зноў спрабуе выламаць дубец. Я ўжо зусім разлаваўся: «Вон адсюль! Сёння ты, гадасць, кусты ламаеш, а заўтра пойдзеш метро ўзрываць!» Пачуўшы мой крык, дзеці тут жа паўцякалі з двара. Я ж, прыйшоўшы дамоў, задумаўся: «А ці трэба было так злавацца?» І ўзгадалася, як недзе ў гадоў дзесяць у гэткі ж вясновы дзень каля вясковай крамы, дзе толькі што ў час суботніка былі пасаджаны дрэўцы, я спрабаваў зламаць бярозку. Не паспеў зламаць, бо нейкі дзядзька, што ішоў міма, нічога не кажучы, даў мне па спіне дубцом. Праўда, каля крамы так і не выраслі дрэвы…
* * *
24.04.2011. Маё першае святкаванне Вялікадня, якое памятаецца, адбылося ў Лягезах, дзе я жыў у бабулі Ганны. Мне было гадоў пяць. З сябрамі, Людай і Сашкам, нас родныя адправілі ў жачкі на хутар да Такушоў. Гаспадары ўжо святкавалі, таму і нас, малых гасцей, адразу пасадзілі за стол. Далі нам выпіць віна. І я нічога болей не памятаю…
Кітайцы ў горадзе…
28.04.2011. У раёне станцыі метро «Інстытут культуры», чакаючы патрэбны аўтобус, за хвілін пятнаццаць убачыў каля пяцідзесяці маладых кітайцаў, якія вучацца ў нашых вузах. Часам на прыпынку іх было нашмат болей, чым мінчукоў, і мне здавалася, што наш горад стаў кітайскім…
Старая Грушаўка
28.04.2011. На Вялікдзень з Людай пайшлі ў раён старой Грушаўкі, які непадалёк, дзе мы жывём. Хадзілі, нібыта па забытым уладамі і Богам раённым цэнтры. Няспешна разглядалі драўляныя, зрэдку цагляныя даваенныя дамы пад велізарнымі дрэвамі. Прыпыняліся каля калонак з вадой, каля платоў, за якімі старыя сады. Побач з кучай смецця на бярвяне сустрэліся з учарнелым бамжом, што нажом лупіў, як кару з бярозавых дроў, этыкеткі з пляшак. Амаль на ўваходзе вялікага сквера на зямлі, разаслаўшы газеты, сядзелі дзве маладыя жанчыны і святкавалі Вялікдзень. Далей, узлезшы з нагамі на лаўкі, частаваліся маладзёны. Тамсям дзяўгалі сабакі, зрэдку праязджалі шыкоўныя машыны, нібыта раптам у савецкім часе з’яўлялася трэшчына, і яны праз яе трапілі з ХХІ стагоддзя. Ды і мы сябе адчувалі чужымі…
Вераціла
29.04.2011. Сёння паэту Сяргею Верацілу 50 гадоў. А пазнаёміліся мы з ім у снежні 1981 года ў Каралішчавічах на Рэспубліканскім семінары маладых літаратараў. Яскрава памятаецца зімовы вечар пасля вячэры, калі Сяргей паклікаў мяне на вуліцу пакурыць. На месцы стаяць было немагчыма, бо мароз не дазваляў, і мы кругамі хадзілі вакол дамоў і размаўлялі пра паэзію, чыталі вершы, дзівіліся з Анатоля Сыса, які ўжо некалькі дзён сядзеў, як манах, у сябе ў пакойчыку і вечарам нікуды не выходзіў. А потым… А потым праляцела амаль трыццаць гадоў. За гэты час я сто разоў казаў Сяргею, каб падрыхтаваў кнігу сваіх твораў. Ён слухаў, абяцаў і нешта нават рыхтаваў, але так да канца і не давёў пачатае. Магчыма, таму што Сяргей аднойчы вырашыў: «Хачу быць вядомым паэтам, які за сваё жыццё не выдаў ніводнай кніжкі!» Паглядзім. А пакуль што Сяргей Вераціла жывы і здаровы, і няхай і надалей будзе такім…
Падземны параход
29.04.2011. Ідучы з тралейбуса № 23 на прыпынак аўтобуса № 10, што ў раёне станцыі метро «Інстытут культуры», здалёку чую, як з падземнага перахода, з якога з усмешкамі выходзяць людзі, вылятае нейкае вухканне. Заходжу і я пад зямлю, і, убачыўшы велізарнага хлопца, які іграе на велізарнай трубе, выходжу, усміхаючыся, на другім баку вуліцы, нашэптваючы: «На параходзе музыка іграла…»
Читать дальше