Ахвяраванні на…
5.11.2010. У Чырвоным касцёле, дзе месціцца тэатр «Зьніч», у фае вісяць здымкі рэстаўрацыі Грунвальдскай бітвы. Разглядаючы дзею, некалькі разоў праходзіў каля вялікай скрыні для збору ахвяраванняў. Скончыўшы вандроўку па здымках, спыніўся каля скрыні. Чытаю: «Ахвяраванні на рамонт і абслугоўванне туалета...»
Усяго тры хвіліны…
6.11.2010. Пасля працы вырашыў з’ездзіць у ГУМ. Ледзьве ўціснуўся ў аўтобус № 1, бо перада мной два мужыкі гадоў па трыццаць пяць з вар’яцкімі вачыма, абступіўшы з двух бакоў дзяўчыну з сумачкай на плячы, стварылі ўражанне, што аўтобус перапоўнены. Дзяўчына паміж мужыкамі стаяла і глядзела некуды ў салон, а бліжэйшы да мяне, накрыўшы сумачку дзяўчыны сваёй сумкай, палез па грошы, і я нават пачуў, як ён маланку на сумачцы расшморгнуў. І хацеў я закрычаць, што грабяць, як другі мужык так паглядзеў на мяне, нібыта фінку мне ў жывот загнаў. А тут і кантралёрка раптам з’явілася. У хлопца, які стаяў за мной, папрасіла паказаць праязны. Глянуўшы на яго, я адразу падумаў, што ён таксама злодзей. І не памыліўся, бо хлопец дастаў дакумент пра нядаўні выхад з турмы. Закончыўшы справу, зладзеі выслабанілі з зажыму дзяўчыну і пачалі распытвацца ў нядаўняга турэмшчыка, дзе ён сядзеў. «У Магілёве…» — адказаў хлопец. «Ну як там цяпер?» — пацікавіўся той, што лазіў у сумачку. «Сядзець можна…» — «Ну пака, братан!» — сказалі злодзеі і выйшлі на прыпынку каля касцёла. Паміж прыпынкамі было ўсяго тры хвіліны язды…
У царкве…
7.11.2010. Учора маму прывезлі з Ракаўскай бальніцы да нас. Сёння з Людмілай хадзіў у царкву Пятра і Паўла. Мы маліліся, а каля нас амаль увесь час бегалі малыя дзеці, як херувімы…
Мае святы…
7.11.2010. У Пугачах у нашай сям’і былі два вялікія святы — Каляды і Вялікдзень. А таксама, хоць і сціпла, святкаваліся ўсе астатнія царкоўныя. Памятаю, як у Лягезах да маёй бабулі Ганны прыходзілі аднавяскоўцы, каб павіншаваць яе з Ганнамі. Кастрычніцкія святы мы ніколі не святкавалі. І наогул мая мама ўсё жыццё прапрацавала на кароўніку даяркай без адпачынкаў і амаль без выхадных дзён, і нават калі хварэла, ішла на працу. Дзень народзінаў у сям’і таксама ніколі не адзначалі. На Новы год ставілі ялінку, але не сядзелі да дванаццаці гадзін. Святкавалі Стары Новы год. Святы з застоллямі і падарункамі ў маім жыцці з’явіліся толькі тады, калі жаніўся. Праўда, і па сённяшні дзень ніяк не магу прывыкнуць дарыць кветкі…
Міхаіл Савіцкі
8.11.2010. Памёр Міхаіл Савіцкі. Гадоў пяць назад у выдавецтве мы планавалі выдаць пра яго кнігу. Ужо быў знойдзены складальнік выдання, было жаданне мець кнігу пра сябе і ў мастака. І тут раптам аб’явіўся сын Савіцкага Андрэй, які заявіў, што ён сам напіша кнігу пра бацьку і яму не патрэбны памагатыя. На гэтым усё і скончылася…
Тры гады
9.11.2010. Сёння тры гады, як не п’ю. Адчуванне, нібыта прайшло тры гады пасля вайны, з якой я вярнуўся жывым…
Казбярук і кнігі
10.11.2010. Уладзімір Казбярук, прынёсшы рукапіс кнігі пра Максіма Танка, пахваліўся малюнкам Караткевіча, які ён яму падарыў у 1969 годзе. Цікавы малюнак. Гаворачы пра здароўе, Уладзімір Міхайлавіч паскардзіўся: «У мяне ў хатняй бібліятэцы больш за тры тысячы кніг. Хацеў было здаць куды-небудзь, мне ж ужо 88ы год ідзе, але ніхто не бярэ. Кажуць месца няма для кніг…»
Крадуць!
10.11.2010. Вяртаючыся ў перапоўненым аўтобусе № 57 дамоў, стаў сведкам, як хлопец гадоў дваццаці пяці ўкраў у жанчыны кашалёк. «Аддай грошы! А то міліцыю выклічу!» — крычала жанчына. Злодзей нешта бубнеў, усе маўчалі, і толькі нейкі п’яны граміла заявіў: «Аддай бабе грошы! А то морду наб’ю!» На прыпынку злодзей і абрабаваная выйшлі, а ўсе астатнія паехалі далей…
Пабыў бацькам і жонкай
11.11.2010. У Музеі гісторыі беларускай літаратуры сёння адбылася вечарына, прысвечаная 85годдзю беларускага радыё. Вялі Галіна Шаблінская і Алег Вінярскі. Людзей было шмат. Выступленні былі цікавымі, асабліва ўспаміны пра кур’ёзныя выпадкі на радыё. Я ведаў, што і мне дадуць слова, таму быў гатовы ў любую хвіліну выйсці да мікрафона. Недзе праз дзве гадзіны Галіна Шаблінская аб’явіла: «А зараз выступіць вядомы паэт Анатоль Шніп!» Нехта з залы паправіў: «Віктар Анатольевіч…» А пазней, пасля выступлення, Валянціна Коўтун, каб даведацца пра лёс сваёй кнігі ў выдавецтве, аклікнула мяне: «Людміла…»
Конкурс прыгажосці
11.11.2010. Заўтра іду на вечарыну, дзе буду ў журы выбіраць прыгажунь сярод паэтак. «А хто там будзе ў журы акрамя цябе?» — пацікавіліся ў мяне на працы. «Ну, Пятро Васючэнка!» — адказаў я. «Дык ён жа дрэнна бачыць!» — «Ну і што! Крот жа хацеў жаніцца на Дзюймовачцы!» — адказаў я…
Читать дальше