Авяр’ян Дзеружынскі і дачка
29.04.2010. У выдавецтва прыходзіла дачка дзіцячага паэта Авяр’яна Дзеружынскага. Адразу ўспомніўся Дом творчасці «Іслач», дзе неяк мы разам адпачывалі. Паэта часта можна было застаць у лесе за спевамі. Голас у яго быў цудоўны. Ды і чалавек ён быў някепскі. Любіў пагаварыць і пажартаваць. Дачка пыталася, што рабіць з рукапісамі, якія засталіся ў кватэры пасля смерці бацькі. Параіў недрукаванае паказаць нам, астатняе здаць у архіў да Ганны Запартыкі. Ужо на парозе Дзеружынская сказала: «Мінула шмат гадоў як бацька памёр, а помніка яму я ніяк не магу паставіць. Бедная зусім…»
ТРАВЕНЬ
Крупы і макароны
1.05.2010. Кватаруючы ў дзеда з бабуляй на вуліцы Герасіменкі ў доме № 1, гаспадарам казаў, што вучуся (чытаў кніжкі і пісаў вершы), а бацькам і ўсім астатнім — працую на будоўлі. Усе верылі, і нават цяпер некаторых не магу пераканаць, што я сем гадоў жыў у Мінску без прапіскі і без працы. Мае падпрацоўкі грузчыкам на лікёрагарэлачным заводзе «Крышталь» давалі магчымасць плаціць за кватэру 15 рублёў і купляць крупы і макароны. Былі і ганарары за вершы. Калі не падпрацоўваў, то мой кожны дзень быў запоўнены бадзяннем па горадзе. Выходзіў з дому ў дзевяць гадзін і вяртаўся ў гадзіны чатыры. Зімой сядзеў на вакзале або на Галоўпаштамце. Чытаў і пісаў. У цёплую пару года мяне можна было ўбачыць і на вакзале, і на Галоўпаштамце, і ў парках, і ў скверах на лавачцы. Хадзіў на ўсе і ва ўсе рэдакцыі на літаб’яднанні. Ніколі не адмаўляўся, калі нехта мяне запрашаў да сябе дамоў. Была магчымасць хоць раз на тыдзень добра паесці. І, відаць, з таго часу ў мяне захавалася звычка мець запас круп і макаронаў. Гэтага прадукту і сёння ў мяне прыхавана па некалькі кілаграм на чорны дзень…
* * *
2.05.2010. Усю ноч ішоў дождж. І ён размыў мае ўчарашнія планы на сённяшні дзень...
Неяк сумна
2.05.2010. Раптам заўважыў, што жыву больш успамінамі, чым планамі на будучае. Ва ўспамінах усё пэўнае і зразумелае, а ў будучым толькі назвы дзён, месяцаў і гадоў нязменныя…
Касмічная глыба
5.05.2010. Сёння на працы трапіўся пад рукі нейкі часопіс, у якім я вычытаў, што ў хуткім часе ў нашу Зямлю можа ўрэзацца касмічная глыба вагой у тысячы тон. Ад сутыкнення ў зямлі ўтворыцца варонка глыбінёй у кіламетр і дыяметрам больш трох. Калі ж касмічная глыба шарахне ў акіян, то варонка будзе глыбінёй ў два з паловай кіламетры і дыяметрам больш дзесяці. Хвалі ўздымуцца на сотні метраў і пырскі схаваюць на цэлы год сонца. Нават у Афрыцы будзе холадна. Да канца артыкул не дачытаў, бо, нягледзячы на дождж, прыйшоў невядомы паэт і прынёс каля трох кілаграмаў вершаў…
Сярэбраныя галасы
6.05.2010. У «Нашай Ніве» за 5 траўня гісторык Андрэй Вашкевіч піша: «Ніколі не быў аматарам творчасці паэтаў, якія жылі ў БССР у міжваенныя гады. (…) Так я думаў да той пары, пакуль у рукі не трапіла выдадзеная колькі год таму выдавецтвам «Мастацкая літаратура» кніга вершаў рэпрэсаваных беларускіх паэтаў «Сярэбраныя галасы. Душа мая тужлівая…». Творы, змешчаныя ў гэтай кнізе, сталі адкрыццём, дзвярыма ў душы людзей, якія ў пераважнай большасці пайшлі з жыцця ледзьледзь дажыўшы да трыццаці год». Прыемна, што кніга, якую я ўкладаў, змяніла думку гісторыка пра паэзію ў БССР у міжваенныя гады. Аднак, дзякуючы спадару Вашкевічу, я пераканаўся яшчэ раз, што ўсёткі мы бываем не аматарамі таго ці іншага творцы, ні разу не чытаўшы яго…
Мой дзед і Перамога
8.05.2010. Майго дзеда Юзю (Іосіфа Іванавіча) забралі ваяваць у 1944 годзе. На жаль, калі дзед быў жывы, я не распытаўся, што ён, як былы падхарунжы войска польскага, які ўцёк вясной 1941 года з савецкага палону, рабіў тры гады пры немцах. Аднак, дакладна ведаю, што ў паліцыі і ў партызанах ён не быў. Забраны на фронт, дзед адразу ж трапіў на штурм Кёнігсберга, за што і атрымаў адпаведны медаль. Потым гнаў немцаў па тэрыторыях Польшчы і Германіі. Быў кантужаны. Пасля Перамогі ўсё лета ехаў ваяваць з Японіяй. Не даехаў, бо вайна закончылася. Дамоў вярнуўся толькі пад Новы год. У Дзень Перамогі дзед заўсёды чапляў на пінжак узнагароды. Памёр 5 лістапада 1982 года на 72м годзе жыцця...
Святло Вільні
12.05.2010. На мінулыя выхадныя Міхась Казлоўскі быў у Вільні. Учора вярнуўся ў Маладзечна, а сёння мне патэлефанаваў і расказаў, як цэлы дзень хадзіў па могілках, дзе пахаваны нашы слаўныя людзі. І ў маёй памяці, як у начы агонь, засвяцілася Вільня... І захацелася пайсці купіць білет на цягнік і паехаць да Вострай брамы...
Читать дальше