Думаць вершы
22.02.2010. Вясновая паводка. Якраз у гэты час у школе вакацыі. Абуўшы бацькавы гумовыя боты і ўзяўшы блакнот, іду ў затоплены Гаік. Дабіраюся да купіны, на якой расце бярозка, і саджуся, як пісаў Алесь Пісьмянкоў, думаць вершы. Навокал вада, і я гляджу ў ваду і бачу неба, у якім плывуць аблокі, чапляючыся за леташнюю мёртвую траву. У школе вывучаем «Новую зямлю», і мне хочацца напісаць нешта падобнае, але сваё. Нічога ў галаву не прыходзіць, і я, прасядзеўшы гадзіны дзве сярод паводкі і потым яшчэ набраўшы вады ў боты, вяртаюся дахаты...
Выздараўленне
23.02.2010. Два тыдні не хадзіў у школу — хварэў адзёрам і свае чатырнаццаць гадоў сустрэў у ложку. Ляжаў з высокай тэмпературай, і часам думаў, што памру. Вокны ў хаце былі завешаны, каб у мяне ад святла не псаваўся зрок. Мне было страшна і хацелася жыць. І калі я ачуняў, і ўпершыню выйшаў на вуліцу, дзе навокал ужо амаль растаў снег і ў агародзе ў аблітай брудам траве капаліся чарнюткія, аж бліскучыя, шпакі, я заплакаў. Пастаяўшы хвіліну, сеў на лаўку каля хаты. Паветра пахла жыццём. У чыстым небе, як у калодзежнай вадзе, плавала залатое сакавіцкае сонца. Паглядзеўшы на яго, я чыхнуў, і ў мяне з носу пайшла кроў. На нейкі момант спалохаўшыся, заціснуў пальцамі нос. Кроў чырвонай змейкай папаўзла па руцэ і схавалася пад рукавом, пакінуўшы за сабою чырвоную палоску, нібы святочную стужку...
Вылучэнне ў дэпутаты
25.02.2010. Тэлефанавалі з вёскі з просьбай да мяне балатавацца ў дэпутаты ад мясцовай выбарчай акругі. Адразу ж узгадалася падзея дваццацігадовай даўнасці, калі мяне ад Саюза пісьменнікаў адправілі ў адну з мінскіх школ на сход выбаршчыкаў агітаваць за вылучэнне Ніла Гілевіча ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Поўная вялікая зала чакала самога старшыню СПБ, і першым было пытанне: «А чаму сам Гілевіч не прыйшоў?» Давялося тлумачыць і адказваць на ўсе пытанні, якія настаўнікі збіраліся задаць Гілевічу. Адказваў доўга, а потым выйшаў на сцэну самы гаваркі настаўнік і сказаў: «Я прапаную вылучыць кандыдатам у дэпутаты ад настаўнікаў Віктара Шніпа! Ён малады, талковы хлопец, паэт не горшы за Гілевіча! Хто за?» У зале ўсе паднялі рукі. «Хто супраць? Хто ўстрымаўся?» Ніхто! «Я не магу! Я прашу вас вылучыць Ніла Гілевіча!» — пачаў прасіць я. «Не! Мы вылучым цябе!» — «Не хачу!» Скончылася тым, што я ўцёк са сходу. А Ніла Гілевіча вылучылі, здаецца, ад Маладзечанскай выбарчай акругі…
* * *
27.02.2010. «Давайце жыць дружна!» — хочацца сказаць, гледзячы на ўсё, што адбываецца ў нашым штодзённым жыцці. І я кажу, але мяне ніхто не чуе, як і я многіх і многае не чую…
Сутарэнні Ромула
27.02.2010. На гэтым тыдні заходзіў да мяне на працу сябра з Маладзечна Міхась Казлоўскі, які быў другім, пасля мяне, чытачом рукапіса новага рамана «Сутарэнні Ромула» Людмілы Рублеўскай. Міхась прывёз выразку з газеты, дзе незнаёмая настаўніца піша: «Я не разумею, чаму ніхто з чыноўнікаў не заўважае таго, што робіць Людміла Рублеўская? Гэта ж Уладзімір Караткевіч сённяшняга дня! Дастаткова даць дзіцяці пачытаць толькі адзін раздзел з яе любога рамана, і ўсё — дзіця не адарваць ад беларускай кнігі. На сённяшні дзень Рублеўская — самая дастойная кандыдатура для такой (дзяржаўнай) прэміі».
Старыя
28.02.2010. На вуліцы змрочна і няўтульна. Каля дома, што насупраць нашага, ходзіць тудысюды захутаная ў вялікую цёплую хустку і ў доўгім вясковым кажуху бабуля. Мая мама, угледзеўшы старую праз акно, нешта пачала мармытаць сабе пад нос. Пытаюся: «Хочаш на вуліцу?» Мама нічога не адказала, а, махаючы рукамі і пакульгваючы, вярнулася да сябе на канапу і накрылася коўдрай аж па вочы…
САКАВІК
* * *
2.03.2010. Учора вечарам па АНТ у прэзентацыі гурта «3+2» прагучалі мае «Анёлы». А сёння на працы супрацоўнікі мяне віншавалі з песняй, англійскі варыянт якой будзе гучаць у Осла на Еўрабачанні. Гадзін пяць у мяне быў цудоўны настрой. Потым, калі застаўся ў кабінеце адзін, у галаве зашкрэблася пытанне: «Ну і што?»
Празаік Цодзік Кацман
2.03.2010. Канец працоўнага дня. Я ўжо думкамі ў дарозе дахаты. Тэлефонны званок вяртае да рэальнасці: «Вас турбуе празаік Цодзік Кацман! Мне патрэбен Віктар Шніп!» — «Я вас слухаю…» — адказваю, успамінаючы, хто гэта такі — Цодзік Кацман. «Ці прачыталі мой рукапіс?» — хрыплым голасам пытаецца празаік. Не паспяваю нічога сказаць, як чую: «Я там вам двухтомнік здаваў! Спадзяюся, вы яго не згубілі!» — «А чаму не трохтомнік?» — «Трохтомнік да майго юбілею выходзіць у Маскве. А вы абяцалі два тамы!» — «Нічога я не абяцаў!» — «Дык вы, відаць, рукапіс згубілі!» Я пачынаю думаць, як не пасварыцца з Кацманам, а ён заяўляе: «Гадоў пяць назад мы ў адной кампаніі выпівалі і я тады вам даў свой рукапіс. Вы яго не згубілі?» — «Не… Не згубіў… здаецца…» — «Тады я вам прызнаюся. Я ў вас даўно закаханы!» — кажа Цодзік Кацман. «Няўжо?» — разгублена пытаюся я. «Прыязджайце да мяне ў гасцініцу…» — кажа незнаёмец і… пачынае рагатаць, і я пазнаю свайго даўняга сябра з Маладзечна Міхася Казлоўскага.
Читать дальше