Федаровічы…
18.05.2012. Даведаўся ад сваяка Леаніда Жыткевіча, што мая бабуля Параска (27.06.1909—24.06.1992) у дзявоцтве мела прозвішча Федаровіч і яе бацька Андрэй быў са шляхетнага роду, які меў свой герб. Дарэчы, з гэтага ж роду быў і Вацлаў Пятровіч Федаровіч (25.09.1848—25.01.1911) вядомы ў свой час як краязнаўца, калекцыянер, членкарэспандэнт Кракаўскай АН. Нарадзіўся Вацлаў Пятровіч у Магілёве. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. З 1872 года працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. З 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Быў намеснікам старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Дапамагаў у раскопках археолагам, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы. Набыў у сваю калекцыю матэрыялы віцебскіх калекцыянераў Бергнера і Валковіча. У яго бібліятэцы (больш за тысячу тамоў) былі кнігі па гісторыі Беларусі і Літвы, беларускія і літоўскія выданні XVIII—XIX стагоддзяў. Свае артыкулы па гісторыі Вацлаў Федаровіч друкаваў у «Витебских губернских ведомостях». Быў складальнікам і ініцыятарам выдання літаратурнакраязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (Віцебск, 1912). Распрацаваў статут Беларускага вольнаэканамічнага таварыства. У 1920 годзе на базе яго калекцый арганізаваны своеасаблівы музей старажытнасцей імя В. Федаровіча, які ў 1924 годзе стаў часткай Віцебскага абласнога краязнаўчага музея…
* * *
19.05.2012. Упершыню за час кватаравання вывеў бацьку на вуліцу. Пахадзілі па двары з паўгадзіны, і бацька сам захацеў у кватэру, а я ж баяўся, што назад яго і сілай не завалаку…
* * *
21.05.2012. Заходзіў Сяргей Вераціла. Пачуўшы нашу размову наконт рукапісу Верацілы, адна з супрацоўніц выдавецтва зрабіла заўвагу: «Як гэта вы, Сяргей, размаўляеце з нашым начальнікам!» Вераціла тут жа адказаў: «Гэта для вас Шніп начальнік, а для мяне паэт! І я з ім размаўляю, як з паэтам!»
* * *
22.05.2012. У кнізе «Памяць» Валожынскага раёна вычытаў: «С 17 января 1948 года открылось регулярное сообщение Минск — Ивенец и обратно. Самолеты производят перевозку пассажиров и грузов».
* * *
22.05.2012. На Валожыншчыне, у Вішневе ў 1923 годзе нарадзіўся вядомы ізраільскі палітычны і грамадскі дзеяч Шымон Перэс (Шымон Перскі). На той час у мястэчку было 149 будынкаў, у тым ліку касцёл і дзве сінагогі. Жыло 442 палякі, 428 яўрэяў і 85 беларусаў. У 1992 годзе Шымон Перэс прыязджаў у Беларусь і пабываў на сваёй радзіме — у вёсцы Вішнева. Нядаўна мастак Алесь Квяткоўскі намаляваў карціну, прысвечаную нашаму земляку і цяпер спадзяецца, што Шымон Перэс яшчэ прыедзе ў Беларусь і ацэніць ягоны твор…
* * *
22.05.2012. Сёння трэці раз у гэтым годзе бацька са мной выйшаў на вуліцу. Былі пад сонцам паўгадзіны, прайшлі метраў дзвесце. А мама са мной хадзіла па кіламетру…
* * *
22.05.2012. Дзяўчына, відаць, яшчэ школьніца курыць каля пад’езда. Курыць няспешна, як гаспадыня нашага двара…
* * *
23.05.2012. На пачатку вёскі Выганічы Валожынскага раёна, злева ад гасцінца Ракаў — Пярэжары, стаіць мемарыяльны знак у гонар расійскага дзекабрыста Аляксандра БястужаваМарлінскага, які ў 1821—1822 гадах знаходзіўся тут па абавязку вайсковай службы. Знак быў пастаўлены ў 1987 годзе. Выганічы з’яўляюцца роднай вёскай беларускапольскага кампазітара ХІХ стагоддзя Міхала Грушвіцкага, які пахаваны на Ракаўскіх могілках. Пра кампазітара аніякага знака ў Выганічах няма…
* * *
24.05.2012. Жыццё без мамы, як паданне з абрыву ў прорву…
* * *
24.05.2012. Толькі цяпер, калі застаўся без мамы, адчуваю сябе дзіцём, якому патрэбна мама...
* * *
24.05.2012. Алена Ваенга спявае: «Моя почти святая мама, прости отца!» І гэтыя словы я паўтараю для сваёй мамы…
* * *
25.05.2012. Нашы зноў праляцелі на «Еўрабачанні». Саліст гурта «Лайт Саунд» сказаў: «Мне было безразлично, пройду я в финал или нет». Дык для чаго тады трэба было ехаць у Баку?
* * *
25.05.2012. У серыі «Беларусь мастацкая» выйшла кніга «Валентин Губарев. Важно всё». Некаторыя выдавецкія жанчыны, гартаючы кнігу, прыйшлі да думкі: «Відаць, у маладосці нейкая жанчына пакрыўдзіла мастака, і ён цяпер ёй помсціць, малюючы жанчын стокілаграмовымі!»
* * *
27.05.2012. Вярнуўся з VІІІ абласнога семінара маладых паэтаў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча», які арганізавала і правяла Мінская абласная бібліятэка імя А. Пушкіна. У семінары ўдзельнічала 29 літаратараў узростам ад 16 да 30 гадоў. Акрамя мяне з семінарыстамі займаліся Раіса Баравікова, Галіна Каржанеўская і Рагнед Малахоўскі. Усё было добра, але ўсё ж засмуціла мяне тое, што амаль усе пішуць рэдка і нават вельмі рэдка і тое, што з 29 паэтаў было толькі тры хлопцы. Парадавала, што амаль усе семінарысты добра валодаюць беларускай мовай…
Читать дальше