Сядзеўшы найніжэй Якаў чагосьці паглянуў уніз і ўбачыў, што па дрэве ў верх паўзе вуж. Заверашчаў і саскочыў з дрэва. Цімафей, які не ведаў у чым справа запытаў: "Чаму ты саскочыў з дрэва!?" А Якаў з зямлі: "Ты таксама зараз сасакочыш, або вуж цябе ўкусіць!" Цімафей вырачыў вочы са страху і пачаў прасіць Якава, каб той забіў вужаку, бо яна яго ўкусіць. А Якаў адказаў: "Я скакаў, то й ты скачы". Цімафей саскочыў і звіхнуў нагу, плакаў з болю, але праз слёзы хіхатаў бачачы, як старэйшы і найстарэйшы ўбачыўшы вужа верашчалі, просячы каб тыя, што на зямлі забілі вужа, або хоць скінулі яго з дрэва, а той усё вышэй поўз. Тыя з зямлі гаварылі смяючыся: "Мы саскочылі, то і вы скачыце". Трэці, калі гупнуў з вышыні дрэва то аж застагнаў, але ўстаў на ногі і са смехам далучыўся да меншых. Найстарэйшы баяўся скакаць і вуж усё бліжэй язык паказваў. Прасіў братоў на мілы Бог, каб нешта рабілі дзеля ратавання яго а тыя дружна хіхаталі і раілі яму: "Скачы, як мы скакалі, бо калі не, то здохнеш ад вужа!". Апошняму нічога іншага не аставалася. Скочыў. Але гэты скок адпакутаваў трохмесячным ляжаннем у пасцелі.
Аб гэтым усім расказаў мне Васіль Сапёлка. Я толькі ад сябе дадам надта ўжо ва ўсім свеце знаную фразу, што чым вышэй сядзіш, тым ніжэй звалішся. А такіх сем'яў в Польшчы, як сям'я Гаворкавых было шмат за цара і за польскай паншчызны, калі вёскі былі перапоўненыя рознымі, у тым і не надта разумнымі спагадлівымі людзьмі. А ўжо напэўна неадукаванымі. Канклюзія сумная, але праўдзівая.
1993 г.
Я браткі, дажыўся да таго што мой народ не ведае, як мяне называць і як да мяне звяртацца.
Калісьці, як я быў яшчэ малым (хаця дзіцём цяжка было мяне назваць), людзі ў вёсцы называлі мяне Васем і без ніякіх цырымоніі выкарыстоўвалі мяне. Калі, напрыклад трэба было камусьці пасеяць жыта, то ён не браў у дапамогу свайго сына, а пераступаў мяне на вуліцы і гаварыў: "Узаўтра раненька прыбягай да мяне, паедзем жыта сеяць". Я зрываўся рана, каб барані Божа гаспадар не чакаў, уцякаў з дому і бег да яго, бо "ведаў", што дадуць павячэраць.
Усе ведалі, што могуць мяне паслаць куды хочаш і я не адкажуся, бо ўсё ж спадзяваўся, што накорміць. І вось, народ так да таго прывык, што і цяпер успрымаюць мяне за свайго парабка. Але ж не ведаюць, як мяне назваць: "Васіль", "Пане Васіль", ці проста "ты".
Прыкладаў магу вам сыпаць, як з рукава, але прывяду усяго некалькі, найбольш характэрыстычных нашай хітрасці рабіць з кагосьці дурнейшага, чым ён ёсць на самай справе.
1. Атрымаў я з Карыціскаў пісьмо ў якім кума майго сваяка, прасіла купіць свайму сыну месячны білет на аўтобус Ліст быў кароткі і станоўчы. Прыказ пачаў я выконваць зараз жа. Дзень патраціў на рэгістрацыю пасвядчэння, а другі — на пакупку білета. Але калі ўжо далез да касы, падумаў, што куплю білеты на ўсе чатыры месяцы да канца года. Купіў, адаслаў і... усё. Пасля некалькіх гадоў, калі ўжо сын гэтай пані закончыў ліцэй, ажаніўся і стаў вайскоўцам, я сустрэў яго на вяселлі у маёй хроснай дачкі (мне падказалі хто ён) і пачаў расказваць, як было з білетамі, ён вельмі смяяўся ды і толькі хаця сказаў, што ўсё разумее.
2. Глухая ноч. Зазвінеў званок у пярэдняй. Жонка дрыжыць са страху: "Што здарылася?" І ў мяне сэрца пад горлам ад хвалявання. Яна з таго ўсяго не можна знайсці шлафрока, хоць трымае яго ў руках, а я ваюю з піжамай, бо пераблытаў калошыны... а із званка іскры сып-люцца. Кінуў я піжаму і дабег да дзвярэй у пачтанніках, каб ратаваць сітуацыю, бо суседзі абудзяцца і збягуцца... А тут бачу... Кірылачку з сынам.
— Што здарылася? — пытаю.
— А нічога такога — адказвае задавалёны госць, — вып'ем паўлітроўку, пагаворым...
— Ну, калі ты ўжо ноччу едзеш у Беласток, — не паддаюся я, то хіба не таго, каб са мною выпіць гарэлку, у чым справа?
— Браточку, то ж мяне за лес у турму пасадзяць! Ратуй, я табе хоць цяля, хоць вепрука не пашкадую.
— Добра, едзь спакойна да дому, я пабачу, што змагу зрабіць, каб хутчэй пазбыцца непрошанага госця, бо святая ноч, а той думае што мяне гарэлкаю ушчаслівіць.
Кірылачку не засудзілі, а мне слінка не перастае цячы ўжо некалькі год.
3. Раптоўны ломат у дзверы, бо я званок выключыў, гляджу: ля парога малады чалавек.
— Я шукаю Петручука.
— А хто вы такі?
— Я з Рудкі.
— А я — Петручук, заходзьце.
— О, браток, як то добра, што я знайшоў... Але не ведаў, як сказаць: "вас знайшоў", ці "сябе знайшоў". Бо скажы "ты" — можа абразіцца і не паможа, а "вы" гаварыць не хочацца, бо Грабавец з Руткай побач, а ён жа шафёр.
Читать дальше