Я падыйшоў да стала і, водзячы па прысутных марсавым пог-лядам, таксама крыкнуў: "Прызнайцеся, хто з вас хоча вайны?!" — і ваджу вачыма па зале. Адны пабялелі чамусь, а другія чамусь пачыр-ванелі. Хто іх зразумее? Але ўсе далей маўчаць. Давай я тады на сваёй гаворцы: "Вы думаетэ, шчо імперыялізм амэрыканскі спыт і нычого нэ робыт, коб довэсты до третеі світовоі вуйны?! Побачтэ, ужэ на Белосточчыні штыры рокі тому, як настала наша роботнычо-хлопська власьць, а бандыты шчэ ходят! Чого воны ходят? Воны поховаліся в лес і ждут, колі то до нас прыдут амэрыканці. Тогды выдут з леса і всех вас як нэ выб'ют, то поробят парубкамы, рабамы. Наша народная власьць дала ўсым можлівосьці учытысь, працёваты, дэ оно хто хочэ... Побачтэ на мэнэ. Я ж пэрэд вуойною аны разу нэ був у школі, а тэпэр кончыў пудофіцэрку і стаў капралём. Хто з вас, служывшых і войську пэрэд вуйною, добывся капраля, га?
У зале стала ціха. "А калі так, дык, значыць, будуць пытанні", — падумаў я на вайсковы манер і крыкнуў: "Пытаня будут?!" Чырвоныя пабялелі, а белыя пачырванелі і не задаюць аніякіх пытанняў. Тады я да Паўлюська: "Дядьку Павол, трэба здобыты лісту і нэхай кажны пу-дходыт, будэм пысаты." Але Паўлюсёк пры сабе не меў ніякай паперы, бо і адкуль яна ў яго, і запрапанаваў: "Няхай падымуць рукі хто ўступае ў колхоз, а ўзаўтра спышэмо..."
У той момант устаў з месца Адамішын Хведар і кажа: "Браткі, я нэ знаю, як ветэ, але я, як почув Ваську і подывывся на ёго, шчо з ёго выросло, то ныхай будэ шчо хочэ, але я пэршы пышусь в колхоз і обіцяю, шчо буду працёваты ў ёму з целого сэрца!"
Хведар сеў, а ўстаў Паўлюсёк і, павёўшы па зале вачыма, сказаў: "Ну, хлопці, пэршого охвотныка маемо, хто будэ другі?" Але хлопцы як сядзелі, так сядзяць. "То шчо, больш ныкого дзісь нэ будэ?" — запытаў зноў Паўлюсёк. Хтосьці крыкнуў: "Павол на дзісь хватыт, бо трэба ж Іты на обед, а заўтра побачым."
Павал устаў з-за стала і сказаў: "О, ужэ зголодыэў? Ідыэтэ к чор-товуй матэры на обед, бо шчэ поздыхаетэ з голоду." Народ высыпаўся, нібы з мяшка, і чым хутчэй падаўся дамоў. Паўлюсёк кажа: "Бачыш кулаччо, аны одын кроме Хвэдора нэ запысався". "А чом воны так бояцца того колхозу?" — запытаў я ў яго. "А халера іх ведае. Але я думаю, шчо мы кепсько агітовалі, — сумна канстатаваў солтыс, — тобе мова ішла добрэ, але трэба було яе пудпэрты, выложывшы на стол пыстолет. Знаеш нашы людэ, як нэ чуют над собою быча, то ныкого нэ бояцца. А як зобачылі б, што пыстолет звэрнуты в іх бок, то так пысаліся б, шчо одын на другого лез бы..."
— Э, дядьку Павол, так мне нэ можна, бо за тое карают...
— То мать іх туды, колі такіх як ты карают за тое, шчо хочут державе добра. То ныхай прыіжджают і самы закладают тыі колхозы. Як ты з пыстолетом оно одного пудмовыв, то шчо я могу зробыты бэз пыстолета?
Падалі мы адзін другому рукі і разышліся без чаркі. Але, за кару, Грабавец па сённяшні дзень астаецца без калгаса. Добра ім так!
1991 г.
У пачатковых гадах нашага XX стагоддзя, у Елянцы жыла сям'я Гаворкавых. Было у ёй чатыры сыны: Міхась, Марцін, Цімафей і Якаў. Гэта былі хлопцы нагулаватыя адчаюгі, жылі яны вельмі дружна, калі трэба было напіцца чужой гарэлкі, або кагосьці адлупцаваць, — стаялі мурам адзін за адным. Але калі камусьці з іх рабілася крыўда у якогасцьі іншага поваду, чым бойка з сябрамі, то ўжо спагады не было. Упаў з каня і пабіўся — твая справа, прабіў цьвіком ногу, таксама нікога гэта не балела, не ратавалі апошнія. Назаўтра другому штосьці сталася то ўчарашні гаварыў: "Я цярпеў, то цярпі і ты, чаго плачаш?"
Вось адзін дзіўны выпадак, які быццам бы выняты з казкі, а ён ім здарыўся ў самай справе. Трэба яшчэ дадаць, што сярод тых чатырох братоў была захавана цесная іерархія; найстарэйшы ўсімі камандаваў, прыказваў, вымагаў, лупцаваў і сабе браў найбольш. Меншыя маглі плакаць ад крыўд, але важаты аставаўся, хоць помста заўсёды была прадбачана і то помста бязлітасная ўсіх супраць усіх.
Браты вельмі любілі гойдацца на адной выбранай імі восьсі, якая была пахілянай. А як людзі гавораць, што на пахілае дрэва то і козы скачуць. Кожнага дня залазілі на яе, але захоўваючы старшэнства і нічога не баяўшыся, што могуць пападаць, гойдалі бедную ольху аж карэнне трышчэла. Аднойчы здарылася... Пабачым, што здарылася пазней, а цяпер пагляньма, як яны тарабанілі на дрэва. Крыху малодшы, за найстарэйшага Міхася, Марцін паспрабаваў першы ўлезці на дрэва але зараз той яго сцягнуў і хляснуў па мордзе за парушэнне парадку, ды сам палез найвышэй, за ім іменна Марцін, за Марцінам Цімафей, а наймалодшы Якаў завіснуў пад нагамі Цімафея і так верашчаўшы гойдаліся.
Читать дальше