* * *
— Жыву ў імгле, — падумаў інжынер Барыс Руско.
Прасеяў імглу і стаў паэтам.
* * *
— Не багі гаршкі лепяць, — сказаў гаршэчны майстар і ўключыўся ў конкурс на замяшчэнне пасады начальніка саганнай гільдыі ў пекле.
* * *
Не цярпеў спеху. Перш чым адправіцца на той свет, загадзя правёў разведку.
* * *
За памяркоўную цану згадзіўся ачысціць ад шкоднай энергіі пекла.
* * *
— Праблема будзе вырашана, калі мы ўсе вырашым яе вырашыць, — сказаў наш палітык і ўвайшоў у цытатнае абарыгенных шчалкапёраў.
* * *
— Усе мы жывем у свеце ілюзій, — сказала Алачка Азаронак і выйшла замуж за падношанага бізнесмена.
* * *
Навязаць камусьці сваю думку — хварэць на пана.
* * *
Перамовы з каменем за пазухай — сіндром слабасці.
* * *
Адмовіцца ад свайго — палёт у бездань з нераскрытым парашутам.
* * *
Адкрыць свой боль — прынесці камусьці радасць.
Змрочныя хмары завіслі над мовамі. На Зямлі каля б тысяч моў. І 90 працэнтаў асуджана на знікненне ў самым недалёкім будучым. Штогод знікае ў сярэднім 12 моў, а ад 25 да 50 працэнтаў практычна не выкарыстоўваюцца ў штодзённым жыцці Так кажуць мовазнаўцы. Такі рухальны працэс сродка чалавечых зносін. Якое месца ў ім займаем мы?
* * *
— Татальны крызіс стабілізаваных азадкаў выціснуў у крэслы дух нацыі, — заўважыў наш сацыёлаг і прапанаваў дэстабілізаваць азадкі.
* * *
Заціснуты ў сябе, маўкліва сядзеў сіднем. І выседзеў гемарой.
* * *
Шмат ідэй раілася ў ягонай галаве. Выраілася галавакружэнне.
* * *
Пісаў крывёю і слязьмі. Атрымалася шэрая дылогія.
* * *
Па настаянні ўласнага одуму напісаў данос на сябе.
* * *
Ваенных задаткаў не меў. Стаў міністрам абароны.
* * *
12 сакавіка 1999 г. у бібліятэцы Трумэна размарозіўся міністр замежных спраў Б. Герэмак:
— Dla nas dopiero teraz zakończyła się zimna wojna! — аб'явіў раскутаму свету.
Цікава, калі размарозіць сваё сэрца наш В. Стахвюк? Вусны ўжо расшнураваў.
* * *
Каб стаць вялікім, даказваў, што ён з пігмеяў.
* * *
Ішоў на Галгофу, узышоў на п'едэстал.
* * *
Сціплы чалавек — шэры, без прэтэнзій на яркасць.
* * *
Маньяк у эйфарыі — чакай паклёпу.
* * *
Ашалом на трыбуне — чакай бяды.
* * *
Сустрэча тэт-а-тэт — уцёкі ад лупатых вачэй суседа.
* * *
Страціць розум — раўнаваць, як Атэла.
* * *
Мроя паклоннікаў Мэрылін Манро — павялічыць габарыты бюста да сусветных памераў.
* * *
Яна ўцягвала яго ў свае сны. Прачнулася на дзевятым месяцы.
* * *
Ён жыў зусім у іншым свеце, чым яна. І ад іх нарадзіліся астранаўты.
* * *
— Кожнае каханне павінна дайсці да свайго абсурднага канца, — даказваў наш сексуолаг і стаў аўтарытэтным правідцам.
* * *
З-за недахопу ходкіх тавараў гандляваў сваім сумленнем.
* * *
Дэпеша з таго свету: „Не памыляюцца толькі тыраны”.
* * *
Вучыся на чужых памылках, на тваіх — хай вучацца іншыя.
* * *
Калі не можаш стаць майстрам, стань прэзідэнтам.
* * *
Вялікі чалавек, які не можа смяяцца з сябе, з'яўляецца малым чалавечкам.
* * *
Тэатр пачынаецца з вешалкі, паэзія з рытмікі, а нас бусел прынёс.
* * *
Зблякла фантастычная белетрыстыка. Найбольшымі фантастамі сталі вучоныя. Як сцвярджае амерыканскі прафесар А. Балонкін, вялікімі крокамі надыходзіць час, калі чалавек набудзе неўміручасць. У выглядзе электроннай Е-істоты. Існуе закон узрастання складанасці сістэм. Яны самакапіруюцца, пры пастаянных вонкавых умовах. У дадзены момант размяшчаем на квадратным сантыметры чыпа сотні тысяч і мільёны электронных элементаў. У бліжэйшыя гады гэта лічба ўзрасце ў тысячы разоў. І будзе расці далей. Чалавечы мозг мае 10 мільярдаў нейтронаў. Яны лёгка мадэліруюцца. Як толькі зможам змадэліраваць усе нейтроны і навучымся перапісваць іх сувязі ў чыпы, чалавек стане неўміручым. Чалавек як асоба — паясняе прафесар — гэта не больш, чым памяць, праграмы, звычкі. Перапісаўшы ўсю гэту інфармацыю ў чыпы, мы даем яму магчымасць існавання ў новым, электронным абліччы.
— Чалавек у выглядзе чыпа альбо скрынкі, начыненай электронікай? — скрывіўся Сідар.
No problem! Вы зможаце выбраць свой воблік па жаданні — ад Шварцэнегера да Мэрылін Манро. Вы не будзеце мець патрэбы ў ежы, жытле, паветры. Будзеце непадвержны любой зброі. Запіс мозгу можна захоўваць у чыпе і ў выпадку катастрофы ўзнавіць у новым целе.
— Як у той песні! — увайшоў у захапленне Сідар. — Надавишь кнопку — чик-чи-рик — и человек готов!
У электроннага чалавека будуць неабмежаваныя магчымасці ў сэнсе яго навучання і развіцця. Навучанне будзе займаць секунды. Роўна столькі, колькі займае перапіс інфармацыі з чыпа ў чып. Спатрэбілася кітайская мова — цераз пару хвілін вы ўжо размаўляеце лепш за біялагічнага кітайца. Неабходны суперкамп'ютэр магутнасцю ў адзін тэрафлоп — тысяча мільярдаў аперацый у секунду. Зроблены першыя крокі. Фірмай „Інтэл” створаны першы чалавека-эквівалентны камп'ютэр (ЧЭК). Прыкладна да 2030 года будзе створаны суперкамп'ютэр, магутнасць якога пераўзыдзе магутнасць мазгоў усяго чалавецтва. Прагноз: у 2020-2030 гадах неўміручасць стане даступнай для жыхароў развітых краін, а яшчэ праз 10-20 гадоў і для асноўнай масы чалавецтва.
Читать дальше