* * *
Знаўцы пішуць, што надыходзіць эра войнаў інфармацыйных. Інакш — тэхнатронных або псіхагенных. Будзе разбурацца душа чалавека. Уключыць наваяўлены кесар які-небудзь генератар пэўных ваганняў і задзейнічаныя жыхары аддадуць захопнікам усё, што трэба, самі.
Во будзе забава!
* * *
Падкраліся ваўкі пад вёску і наставілі вушы на гаворку людзей. Ажно чуюць: „Чалавек чалавеку — воўк”. Абражаныя, вырашылі абярнуць пачутае. Нічога талковага не выйшла, бо воўк і чалавек непараўнальныя. Воўк ваўку не зробіць таго, што чалавек — чалавеку. Укантэнтаваныя высновай, ваўкі завылі любасна і, аджартоўваючыся, пакіравалі ў лес.
* * *
Дзікія зверы найбольш ненавідзяць людзей, людзі — сваіх суседзяў.
* * *
Вязень, сузіраючы свет праз турэмнае акенца, верыць,
што сонца ўзыходзіць і заходзіць.
* * *
Афрыканскі царок дазволіў гаварыць праўду. Гэтым парушыў адвечны закон уладароў: „Хто гаворыць праўду, не памрэ ад хваробы”.
* * *
— Эх, каб уставіць людзям у мазгі, замест першабытных звілін, электронныя! — разважаў у доўгія бельведэрскія ночы Вялікі Электрык. — Ведаў бы, аб чым народ думае.
* * *
Прэм'ер люстраваў творцаў: пакутуюць ад палавога бяссілля і курынай слепаты — не ўбачылі шанцаў, якія адкрыла ім новае прышэсце, не ўславілі з'яву. І ўшанаваў ордэнамі мастацкіх лізаблюдаў старога рэжыму.
* * *
Пакідаючы прэзідэнцкі палац, Валэнса напісаў запавет:
„Нельга крыўдзіць тых, хто не заслужыў на крыўду”.
Паставіўшы кропку, падумаў і дапісаў:
„Я за, і нават супраць”.
На другі дзень вярнуўся і патлумачыў:
„Я аптыміст, і нават песіміст”.
* * *
Чэслаў Кішчак аб перамовах з апазіцыі!:
„W pełni zdawałem sobie sprawę z tego, że wypuszczamy diabła z butelki, do której nikt go z powrotem nie zagoni, że Polska po Okrągłym Stole będzie już inna, lepsza”.
Валенрод у скуры шэфа МУС?
Жыццяпіс — апісанне найлепшых бакоў свайго жыцця.
* * *
— Пара канчаць польска-польскую вайну! — усміхаючыся да лідэра АWS, прапанаваў лідэр SLD. — Давайце, заключым мір! Нават з хрэсным цалаваннем, — падкрэсліў.
— Я за мір! — з ухмылкай адказаў дучэ AWS і, узняўшы катэгарычна валявы падбародак, дадаў: — Але SLD трэба знішчыць!
* * *
Лозунг дня: Жыць па-брацку, як Каін з Авелем!
* * *
— Чамусьці для нас Бог паскупіўся на цвярозыя галовы,— пажаліўся стражніку спікер думы эннага склікання.
— Трэба закрыць буфет, — параіў стражнік.
* * *
Учарашнія цэрберы развітога сцірання нацыянальных граней абярнуліся ў ахоўнікаў гонару лайдачкай нацыі.
* * *
Маральны аўтарытэт — асоба, якая стаіць на „праведным” баку.
* * *
— Мінулае цягне ў крайнасці,— сказаў учарашні старшыня аб'яднання атэістаў, ачоліўшы паломніцтва на святую гару.
* * *
Стражнікі „рэвалюцыйнай чысціні” пільныя. У выгадны для сябе момант гавораць „Стоп!” І часта становяцца сумленнем нацыі, рэдка — прайграюць.
* * *
Змагацца з цемрай немагчыма. Яна непраглядная і неахопная.
* * *
Адвеку спіць — тутэйшы народ.
* * *
Стаіць на раздарожжы — беларус. Чаго ён хоча? Чалавекам звацца?
* * *
— Час працуе не на карысць самастойнага этнасу, — сказаў наш даследчык і, падумаўшы, дадаў: — Трэба спыніць час.
* * *
— Беларус па ўласнаму жаданню не стане беларусам, — сказаў наш патрыёт і пачаў караць правініўшагася сына „белавежцамі” — прымушае чытаць іхнія творы ў арыгінале.
* * *
— Усё вялікае пачынаецца з малога, — сказаў клешч, упіўшыся ў цела генія.
* * *
— Калі Зеўс гневаецца, значыць, Зеўс не мае рацыі, — гаварылі старажытныя мудрацы.
Бы сказана пра нашых Зеўсаў.
* * *
Нашы арлы ўгнездзіліся на маральнай вышыні і з пачуццём уласнай перавагі над задрыпанымі невукамі з праваслаўнай вёскі, на ўсё глухія, вушы наставілі толькі на воплескі.
* * *
Кусай сваіх, каб юргелі баяліся.
* * *
Былы старшыня ГП БГКТ, пакідаючы ганаровы пост, забраў з сабою і былыя ідэі.
* * *
— Ні ўзад, ні ўперад! — назіраючы проціборства шчупака і рака, паківаў галавою лебедзь і, уключыўшы ў крылы рэактыўную цягу, перанёс драўляны воз са сварліўцамі ў завоблачны скансэн.
* * *
— Меншым наканаваны лёс спадарожнікаў вялікіх, — успомніла закон прыцягнення калючка і атабарылася на хвасце вярблюда.
* * *
— Уладарамі дум сталі футбалісты, — зрабілі выснову нашы мысляры і стварылі футбольную дружыну .Дума дум”.
* * *
— Каб быць арыгінальным, трэба многа думаць і мала чытаць, — схапіў думку Байрана наш пачатковец і, каб стаць суперарыгінальным, перастаў наогул чытаць, нават сябе.
Читать дальше