А хто там ідзе, а хто там ідзе
У хвацкай такой грамадзе?
— Шушкевіч.
А што ён нясе на плячах худых,
А што ён узняў на руках сухіх?
— Крыўду сваю.
А куды ж ён нясе гэту крыўду ўсю,
А каму ж ён нясе на паказ сваю?
— Свету вольнаму.
А хто ж яго гэта — які кат і закон —
У лёху ўзняў на дарожны сон?
— Лука-гора.
А чаго ж захацеў ён — стымул які —
Век пражыў у турме, сляпы і глухі?
— Прэзідэнтам звацца.
Мы — пітэкантрапы будучыні,
Гісторыі новай цягло.
Вароты ў дзеі адчынены.
У дарогу! Да зорных сцягоў!
Гы-гы-гы! Го-го-го!
Мы да зорных йдзем сцягоў!
Доўга пуцямі блуднымі
Хадзілі нашы дзяды.
Дзярмом кантынент залюднілі
І род завялі ў нікуды.
Гы-гы-гы! Ды-ды-ды!
Завялі нас у нікуды!
Далоў эпохі пройдзены,
Далоў Адамаў род!
З вечнай мярзліны адродзім мы
Пітэкародны плод.
Гы-гы-гы! Лоп-лоп-лоп!
Мы адродзім мёртвы плод!
І будзе адзіная нацыя,
Грымі перамогі гром!
Жыве пітэка-рацыя,
Жыве пітэка-дом!
Гы-гы-гы! Ком-ком-ком!
Шырэй крок у пітэка-дом!
* * *
Абсурд — рухаючая сіла прыроды.
* * *
Клінтан, караючы Мілошавіча, раструшчыў бомбамі Югаславію і адказнасць за ўчыненае варварства ўсклаў на цвёрдахрыбетнага неслуха.
Стварыў новую дактрыну.
* * *
Як ляпнула амерыканская „Свабода”, хто спачувае сербам, той здраднік цывілізацыі.
Ужо і цывілізацыю клінтанізавалі.
* * *
Пашырыўшы НАТА, мы атрымалі чэшскі флот і польскую авіяцыю, — лічыць амерыканскі падаткаплацельшчык.
* * *
Амерыка выбірае тых, хто ім падабаецца, а не тых, хто карыстаецца папулярнасцю ў асобна ўзятай краіне,
— зрабілі выснову амерыканскія палітолагі.
* * *
З выпадку дня нараджэння Ельцына амерыканскі прэзідэнт прэзентаваў яму каўбойскія боты. Барыс Мікалаевіч не ўлавіў падвоху, прыняў прэзент з душэўнай радасцю і запрасіў заакіянскага лідэра ў рускую лазню (найвышэйшы знак прыязні). А Клінтан намякаў: ты не прэзідэнт, ты — каўбой.
* * *
Ельцын падзякаваў Сцяпашыну за добрую работу (80 дзён) і адправіў спраўнага прэм'ера ў адстаўку.
— Служу Ельцыну! — сказаў Сцяпашын.
Служы пану верне, то ён табе перне.
* * *
— Камандаваць парадам буду я! — гаварылі сціпла легендарныя маршалы, ідучы на чарговую ваенную гульню забавалюбнага генералісімуса.
* * *
Ужо старажытныя грэкі лічылі юродзівасць кантачаннем з багамі. Было яно пакараннем або ўзнагародай. На думку Сакрата, паэтычная творчасць — выразная праява псіхічнай хваробы. Сярод выдатных мысляроў і вучоных нямала чокнутых.
* * *
— Кожны пісьменнік з'яўляецца ў нейкай ступені яўрэем, — сказаў ізраільскі літаратар Д. Гросман, і патлумачыў:
— Яўрэйская схільнасць да абстракцыі спрыяе літаратурнай працы. З гэтай схільнасцю вяжацца пачуццё вечнага адчужэння, нават ва ўласнай сям'і, і перакананне, што наша гісторыя была сапраўды вялікай эпапеяй, нашым скарбам і адначасова няшчасцем.
* * *
— Чалавек — твор і творца хлусні, — цвердзяць генетыкі. — Мы толькі абгортка для нашых генаў.
* * *
— Жывем у бясконцай ночы, — сказаў крот, адкрываючы нам вочы на зямное ваколле. Стаў астрафізікам.
* * *
— Якую ноч успамінае Ельцын?
— Белавежскую.
* * *
— Калі Бог хоча каго пакараць, ажыццяўляе яго мары, — сказаў павернуты марксіст і перастаў марыць.
* * *
— Атэіст, але не ваяўнічы, — ачышчаўся на споведзі Барыс Мікалаевіч.
* * *
— Хараство часта суседнічае з цемрай, — сказаў Бальтасар Маралес, навучаючы дзікуна на безыменнай выспе іспанскай мове.
* * *
— Дарвін вельмі падобны на нас, толькі без хваста, — сказала малпа, назіраючы за даследчыкам.
* * *
Гісторык — прафесійны скажальнік фактаў.
* * *
Пастыр народа — рэлікт эпохі стаднага жыцця.
* * *
Бізун і пернік — прэтэндэнты на вечнасць.
* * *
— Пагана без зубоў, — сказаў стары канібал і, варочаючы крутымі сківіцамі, пачаў марыць аб стальных клыках.
* * *
— Чаму так жорстка абыходзяцца людзі з людзьмі? — здзіўляўся шакал, даследуючы пасля адгрымеўшай бітвы поле бою.
* * *
Калі Эйнштэйн уцяміў, у якую знішчальную сілу ўпрэгчы могуць ягонае Е = mc2, сказаў: „Лепш бы я стаў кавалём”.
* * *
Паводле аналітыкаў мазгавога трэста ЗША, вайна з'яўляецца агульным сацыяльным сродкам для рассейвання ўсеагульнай нуды.
Читать дальше