Прысутныя сумна ўздыхнулі.
— А чалавек, — працягваў святар, — аказаўся разбойнікам: хапае, ірве, нявечыць, знішчае… Усё гвалтам і гвалтам. Плуг прыдумаў, машыны… Распорвае жалеззем грудзі зямлі, кідае туды зерне: «Хочаш — не хочаш, зямля, а гадуй!» Вырасце тое збожжа, ён ізноў жалеззем яго пад корань!
Прускавец ніколі не думаў, што можна разважаць вось так.
Пасля непрацяглага маўчання чалавек з пакамечанай барадой сказаў:
— Мы жывём у дабрачэсціі, заставайся ў нас. У нас будзеш здаровым і багатым. Багацце — узнагарода за ўзорнае і бязгрэшнае жыццё.
Прускавец уважліва слухаў, а ў адказ сказаў:
— Для мяне новае, што я ад вас пачуў. Адразу адважыцца цяжка.
Вусны святара кранула ўсмешка.
Развітаўшыся з гасціннымі квакерамі, Лявонка падумаў пра тое, які разнастайны і шматаблічны свет. Квакеры чымсьці нагадалі яму дзівака Кузёмку з яго развагамі пра людзей, іх жыццё і норавы.
Калі станавілася асабліва самотна, успамінаў Пруску. Напісаў ліст.
«Дарагія мае мама, дзядуля і сястрычкі! За апошнія гады я шмат дзе быў, а цяпер зноў на той самай ферме, на якой працаваў раней. Не пісаў, бо пакуль пераехаў з азёраў, дзе меў сталую працу на караблі з рыбакамі. Таго гаспадара няма, памёр, гаспадарку вядзе яго сын Іван. Вядзе спраўна і жыве няблага. Я паназіраў. Адны тут жывуць добра, а другія — па гарадах — надта ж бедна, у вельмі цяжкіх умовах, але кожны імкнецца разбагацець. Дзеля гэтага людзі ідуць на ўсё. Але не кожнаму гэта ўдаецца…»
Ён успомніў капітана смака — няшчаснага Лукаса. Ці выплыў ён? А Спайдэр?
Напісаў пра сябе:
«…Шанцуе тут мне, як Кузёмку на попрадках. Прызнаюся, думаў нават ехаць у Канаду — там, кажуць, работу можна знайсці. Хутчэй. Тут з працай дрэнна. Колькі месяцаў працуеш, а потым ізноў без працы. Перадайце, хто збіраецца сюды, што я не раіў бы пакуль што кранацца з месца. Стала цяжка з работай. Ля біржы працы вялікія чэргі. Ноччу на адной з вуліц давалі галодным беспрацоўным па шклянцы кавы і па кавалку хлеба, але жадаючых збіралася столькі, што не даступішся. Часам за тым падмацункам даводзілася стаяць усю ноч, і часта ўсім не хапала. Пішу вам не тое, што чуў, а што сам ведаю. Тут у каго больш грошай — у таго і сіла. Беднаму не толькі не спачуваюць — ім нават пагарджаюць. Тут мне прапанавалі грамадзянства, бо я ўжо жыву ў Амэрыцы больш як пяць гадоў, але нашто яно мне, калі я знудзіўся па вас.
Напішыце, як там Ганна Васілішына? Перадавайце ёй прывітанне…»
У завяршэнне ліста ішлі шматлікія паклоны. У канцы прыпісаў:
«…Учора мне снілася Пруска. Наша поле ля Бярэзіны. Будзьце здаровенькі і шчаслівыя.
Ваш Лявонка 29.VII.1913 г.»
У разгар лета прыехала Анет. Адбылося гэта ў нядзелю раніцай. Ён прыбіраў пасцель у сваім павільёне і пачуў, як Мелані сказала:
— Ой, Ганначка! Каб ты ведала, хто ў нас! Лявон!
Ён не чуў, што адказала дачка.
Селі снедаць. Анет за сталом не было. На снеданне, як і раней, гаспадыня пякла аладкі, смажыла яечню, варыла аўсянку, густую і вязкую. І ўсё — смачнае.
Праз нейкі час, адпачыўшы пасля дарогі, выйшла Анет. Апранула, напэўна, лепшую сваю сукенку, падфарбавала вусны, прынесла ў пакой свежы водар чыстага дзявочага цела. Ён бачыў, як наліліся і акругліліся яе бёдры і плечы.
Павіталіся. Яна прыязна пасміхнулася. Лявонка заўважыў, што Анет шмат у чым змянілася з таго часу, здаецца, нават падрасла, але па-ранейшаму такая ж рухавая і жыццярадасная. У размову не ўмешвалася.
Гаварыў Іван:
— Вучоныя, кажуць, прыдумалі штучную яду. З'еў таблетку і цэлы дзень сыты. І ў поле не трэба абед браць. Знай сабе працуй…
— Не можа такога быць! — не паверыла Мелані.— Няўжо жанчыну калі-небудзь вызваляць ад кухні?
Іван паціснуў плячыма — на гэта ён не мог нічога адказаць…
Пад вечар Анет падышла да яго, калі ён сядзеў на лавачцы. Пасміхнулася. У вачах замітусіліся гарэзлівыя іскрынкі. Адчуўся ледзь улоўны пах парфумы. Мужчынская прырода, вядома, патрабавала блізкасці з жанчынай. Але вось цяпер, сустрэўшы яе, ён чамусьці не адчуў ніякага хвалявання.
— Як жылося ў Дэтройце?
— Па-рознаму. Я не толькі ў Дэтройце быў.
— А дзе яшчэ?
— Рыбачыў на Вялікіх азёрах.
— Вось як!
— А ты настаўніцай працуеш?
— Настаўніцай.
— Дзяцей вучыш?
Анет кіўнула галавой.
— Цікава?
— Вельмі.
— Рады за цябе. А я тут паспеў наведаць квакераў.
— Квакераў ці яшчэ каго-небудзь у Маршалтаўне? — усміхнулася Анет, цярэбячы ў руках белую батыставую хусцінку.
Читать дальше