О, у гэтым ты са сваёй сямейкай разбіраўся добра! Помніш, была ў вас сучка, Сцяпан? Якую вы не адвязвалі ніколі? І потым кожную вясну вашае хобі, забаўка вашая, нават хутчэй не забаўка, а будзённы занятак такі ж, як для нармальных людзей ускопваць грады, садзіць соткі, даглядаць сад… З заклапочанымі, сур’ёзнымі тварамі вы абносілі сабачую будку надзейнай агароджаю (не ленаваліся ж, і часу гарачага, веснавога не шкадавалі, бо гэта ж трэба было ў лес цягнуцца, ды слупкі з жэрдкамі нарыхтоўваць, ды потым, дома, усё гэта да ладу даводзіць), самі хаваліся за хлеў тры дарослыя амаль дзецюкі і адзін сталы мужчына, і цярпліва, як на рыбалцы ці на паляванні ў засадзе, чакалі… Пакуль якісь небарака, прываблены юрлівым сучым скавытаннем, не ўбягаў перш у гасцінна расчыненыя вароты, а потым і ў пастку. Імгненна шморгалася вяроўка, зачыняліся вароты, і вы ўчатырох бацька з віламі, вы з палянякамідубінамі, выляталі з засады і з гіканнем урываліся ў загарадку…
Быў у тым забойстве, аказваецца, і інтарэс практычны. «Яблыкі будуць смачныя, тлумачыў ты, калі сабак закопваць пад яблыню», прычым, дадаваў ты, пажадана сабак, пазбаўленых жыцця пад час злучкі.
Колькі яблык вы пераварылі ў сваіх чэравах, колькі перавялі «жывога ўгнаення» для іх хто падлічыць?.. І не магу згадаць ніводнага выпадку, каб хто пасварыўся з вамі, каб хто заявіў у міліцыю; баяліся вас, як чорт крыжа і нездарма, бо былі вы акружаныя блатам, аплеценыя сваякамі, вялікай і дробнай начальніцкай раднёю, як павуціннем; ніткі гэтыя ліпкія цягнуліся ад вас і ў сельсавет, і ў школу, і ў міліцыю, і ў райана, і ў гарана; так што скардзіцца на вас, шукаць якой рады ад вас было сабе ж даражэй.
* * *
Подласць твая сталела разам з табою і чым далей, тым больш набывала дасканаласці, рабілася не грубапрымітыўнай, не лабавой, а нейкай вытанчанай, усё часцей скіроўвалася не на канкрэтнага чалавека, а на штосьці самае дарагое яму: на любімую рэч, якую можна было зламаць ці ўкрасці, на сябра, на якога можна было ўзвесьці паклёп, на бацькоў, сваякоў, настаўнікаў, у якіх абсмейваліся фізічныя недахопы, на каханую дзяўчыну, якой давалася брыдкая мянушка і г.д. і да т. п.
Цяпер, ездзячы з сваім уласным «шохверам», ты, відаць, рэдка ўспамінаеш, калі ўспамінаеш увогуле, пра свой даўні, самы першы транспартны сродак: зялёнага колеру матацыкл «Мінск». Навюсенькага, набылі яго табе з рук, за паўцаны, у суседняй вёсцы ў нейкай жанчыны, адзіны сын якой перад гэтым трагічна загінуў, так ні разу, здаецца, на тым «Мінску» не праехаўшы… ізноў, зноўтакі і ў гэтай пакупцы элемент чагось цёмнага, непрыемнага, на чужым горы замешанага; ты проста народжаны быў пад нейкай паганай зоркай, табе проста наканавана было ўсё жыццё выступаць у ролі Мідаса, з тою розніцай, што ў Мідаса ўсё, чаго ён ні кранаўся, ператваралася ў золата, а ў цябе, выбачай, сам ведаеш, у што…
Але не пра тое рэч. Карацей, матацыкл у цябе з’явіўся. У класе восьмым ці дзевятым, калі забытыя былі ўжо і Цімур з камандаю, і рабінзоны з Палесся, калі цягнула ў суседнія вёскі да дзевак гуляць, а з іншага боку і дзяцінства не да канца адпускала яшчэ, трымала каля сябе грыбамі сваімі нязнойдзенымі, рыбамі нязлоўленымі, арэхаміягадамі нявыбранымі, галамі не забітымі, кніжкамі не прачытанымі… Ды яшчэ такім мілым, даўнім тэрмінам як «дай пакатацца!». На кані, на лісапеце, на мапедзе і нарэшце на гэтай зялёнай спакуслівай штучцы, гаспадаром якой ты з’яўляўся…
«Дай пакатацца…»
Ты даваў. Само сабою, не за бясплатна. Браў выпіўкай, цыгарэтамі, грашыма… Помню, нібы прадчуваючы тое, што здарыцца, я авансам заплаціў табе адразу трайны тарыф: пляшку самагонкі, пачак цыгарэт і рубель грошай. І вось яна, музыка руху, гул матора, напятая ветрам кашуля як ветразь, як крылы за спінаю! Чацвёртая перадача, газ да ўпору… Ямка, перакошаны руль, кульбіт «галаваногі»… Ватная цішыня ў вушах, потым знянацку рэзкі, высокі, як ў бензапілы на халастым ходзе, плач матора… І твае вочы, калі ты падбег і павярнуў ключ запальвання, і ўсё сціхла, а я падняўся, абмацваючы сябе і азіраючыся, твае вочы, у якіх былі боль, страх, адчай, бяда, а потым, калі ты нарэшце больш пільна паглядзеў на мяне, яшчэ і квёлая надзея: а раптам пакалечыўся?!
На мне не было ні драпінкі. Затое матацыкл… Пагнутае пярэдняе крыло, разбітая фара, скурочаны правы паварот… Пакуль ты з ключом і пасаціжамі кешкаўся каля параненага свайго жалезнага сябра, марна стараючыся вярнуць «усё на месца», я лез табе пад рукі, перашкаджаў і зноў усё стараўся зазірнуць табе ў вочы; зазіраў і страшыўся таго, што ў іх бачыў слёз. Ты плакаў, Сцёпа, ад гора, і адначасова спяваў. Цадзіў праз зубы, звякаючы металам аб метал:
Читать дальше