«Што ты хацеў гэтым сказаць?»
«Нічога, бо гэта не я», — напачатку смела, нават весела адказваў Іван. Яму нават шкада крыху было, што хутка, праз якую хвілінку-дзве, максімум да канца перапынку недарэчнасць развеецца, праўда возьме верх і ён выйдзе з настаўніцкай такім жа самым, якім пераступіў парог. Апраўдацца яму было лягчэй лёгкага. Па-першае, надпіс зроблены чарнільнай ручкаю, а ў яго шарыкавая. Па-другое, почырк — не яго каракулі, а прыгожыя, каліграфічныя літаркі — яўна якогась зубрылы-выдатніка ці шасцёркі-харашыста. Па-трэцяе, надпіс зроблены нізка, а Іван росту высокага, значыць, калі б і прыйшло яму ў галаву пяром высечы гэты нявінны мушкецёрскі дэвіз, дык нашто б ён гнуўся ў тры пагібелі?
Але яго жалезныя апраўданні нікому і непатрэбныя былі. Пытанне зусім не ставілася, ён гэта, ці хто іншы:
«Што ты хацеў гэтым сказаць?» — вось як з настырнай зацыкленасцю ставілася пытанне. Дыялог сляпога з нямым.
«А што ў гэтых словах такога? — паціснуў плячыма стары матэматык. Нават праз шкельцы акуляраў у добрых яго вачах чыталася няўцямнасць. — Калі нават і ён — дык што такога?»
«І вам яшчэ трэба тлумачыць, — ужо ў матэматыка ўперыла ледзяны пагляд Таццяна Парфіраўна, — што тут такога?!»
Запахла крамолаю. Справа пачала набываць небяспечную, двухсэнсоўную, ледзь не палітычную афарбоўку. Івану стала не да смеху. Сярод мёртвай цішыні істэрычна віскнула гістарычка:
«Выключыць зь піянераў!»
«Бацькоў штрафануць — і баста!», — басам сказаў фізрук.
«Ды што там — са школы гнаць», — ці то з іроніяй, ці то ўсур’ёз, нічога не зразумець было, азваўся географ.
Спалоханы Іван заплакаў…
І гэта часткова выратавала яго. Часткова, бо з піянераў яго не выключылі і са школы, канечне, не выгналі, — але адбітак на ім чагось непрыстойнага, замешанасць яго ў нечым саромным так на ім і засталіся. Не памагло нават і тое, што ўжо назаўтра аб’явіўся сапраўдны віноўнік: малакроўная ціхоня-дзяўчынка з паралельнага класа, з каснікамі, большымі за галаву, падобная на Мальвіну і на Пьеро адначасова… «Мы цэнім тваю салідарнасць, — выслухаўшы яе пакаяннае лепятанне, сказала Таццяна Парфіраўна, — аднак нельга ж так літаральна разумець, і да дзеяння прымаць, сэнс дэвізу!» Яна, мабыць, падумала, што дзяўчынка закаханая ў Івана, і знарок бярэ віну на сябе.
Калі б Іван быў большы і разумнейшы, дык мог бы супакоіць душу тым, што не за адно, дык за другое кару нясе. Вадзіліся ж ў яго і сапраўдныя грахі: цыгарэт паленне, шыбка, футбольным мячом высаджаная… Якая розьніца, за што трымаць адказ? Аднак ён быў у тым самым лепшым і самым небяспечным, узросце, калі пачуццё справядлівасці гіпер-развіта, калі немагчымасць даказаць сваю праўду ўспрымаецца цэлай трагедыяй… Хаця, з іншага боку, усё праходзіць, усё забываецца. Забылася б і тая гісторыя — каб не працяг яе. Пусты гэты выпадак прыліп да Івана — жуйкаю да падэшвы, радзімай плямаю — пачаў жыць разам з ім і міжволі ўплываць на яго характар, паводзіны і нават на лёс. Мянушка ў яго з’явілася — Пісака, і калі ў час звычайных хлапечых разборак, дражнячыся, хацелі мацней, больш балюча яго ўкалоць, дык са злосці замест сярэдзіннага «а» выкрыквалі «я».
Мяняліся настаўнікі, на змену старым прыходзілі новыя, і ім, характарызуючы вучняў, пра Івана, нібы эстафетную палачку, перадавалі: неблагі, старанны хлопец, але вось ручкі нячыстыя… Так дабыў ён да восьмага класа. І калі прачытаў на сябе характарыстыку — у цэлым станоўчую, з маленькай прыпісачкай у канцы: «схільны да псавання школьнай маёмасці…», ён успрыняў яе амаль спакойна. Тым больш гэта была ўжо праўда. Папсаваў ён за апошнія гады і школьнага інвентару, і настаўніцкіх нерваў.
Хапала і пасля ўсяго ў жыцьці. І ён крыўдзіў, і яго крыўдзілі — і заслужана, і не заслужана, і па ўсялякаму… Але нічога падобнага на той першы выпадак, на тую горыч, прыкрасць, адчай ён ужо не адчуваў…
Нядаўна, стоячы ў чарзе ў гастраноме перад сівенькай гарбаценькай бабулькай, Іван раптам прызнаў у ёй… дырэктарку Таццяну Парфіраўну! І яна яго. Адыйшліся ўбок, разаўспаміналіся. Бабулька пусціла слязу — яе ўсе старыя настаўнікі пры сустрэчы з былымі вучнямі пускаюць.
«А помніце той выпадак, Таццяна Парфіраўна? — не стрымаўся Іван. — Ну, калі вы мяне абгаварылі?..»
Бабулька высмаркалася і адказала ціхім і разам з тым цвёрдым голасам:
«Я цябе вельмі люблю, Іваня. Але зрабіў тое ты», — і відаць было, што гэтае перакананне яна забярэ з сабою ў блізкую магілу.
Читать дальше