Мы з Сержыкам цягнемся ў самы дальні, глухі куток двара і натыкаемся на кампанію чалавек з дзесяці. Сярод іх і нашая бялявенькая «штунда», што так зачаравала дзядзьку Сідара. У адной руцэ ў яе цыгарэта, у другой чарка. На нас ніхто не звяртае ўвагі. Толькі гэтая бялявая.
— Вазьмі да сябе начаваць, — просіць яна раптам Сержыка п’яным голасам.
Што такое!? Сябар мой, ды ты разгубіўся?! Не пазнаю цябе! Можа, ты нават пачырванеў? Шкада, не ўбачыць гэтага ў цемры…
— У мяне сваіх, такіх, як ты, поўная хата, — знаходзіцца Сержык нарэшце.
— Якія вы шчаслівыя, што нарадзіліся хлопцамі, — кажа яна з уздыхам. — Як я вам зайздрошчу…
Мы нічога не разумеем.
А час ідзе. Пакрысе пусцее клуб, разбрыдаюцца па хатах старыя. Усё даўжэйшымі робяцца паўзы паміж танцамі. І ўсё прыбывае агрэсіўнага, гарэлкаю і адэскімі скокамі заведзенага народу ў двары.
Хутка фінал! Ужо нецікава. Як ні не ўвязваецца з хрысціянскім Святам усё папярэдняе, але канцоўка ў яго ўжо проста пачварная. І дзеўкі! — нават малыя дзеўкі не разыходзяцца, а назіраюць — з прагнасцю, з шалам у вачах, аблізваючы вусны… Крыкі, трэск платоў, удары, падзенне целаў, мацюкі, жаласлівыя просьбы не біць больш і жывёльнае манголататарскае гіканне пераможцаў…
— Э-эх ты… тваю Госпада Пятра-Паўла-Камчацкую… маць перамаць Святую Дзеву!..
Вылятае з клуба на ганак спіною да людзей дзядзька Сідар — і не ўстойвае на нагах. Пакаціўся па прыступках, як Чарлі Чаплін у кіне, стукаючыся задніцай. Пад ганкам лёд, цвёрды, бетон, а не лёд… Бух!
Тыя, хто бліжэй, выразна пачулі, як з трэскам сухой палкі хруснула костка.
— Сват, я вас ж прасіў — не гнявіце ў Бога!..
Мікола Піцерскі мітусіцца вакол шалапутнага сваяка, не ведаючы, што рабіць, чым памагчы.
Сідар падняўся сам. Пераламаная мёртвая рука вісіць, як пустое рукаво. Па няголеных шчоках коцяцца слёзы. Ад болю ён цверазее на вачах. Для яго свята скончана.
Ды і нам пара ўжо, уласна кажучы, па хатах… Да новай зімы, да новага снегу, да новага Міколы!
Мы ўвесь час будзем паўтараць — нам, у прынцыпе, цікава («а хоць цікава?», як пытае адна рэдактарка ў аўтараў) — нам цікава, як маленькі дзікун, з такім эмацыйным, неўраўнаважаным характарам, з такой схільнасцю да авантур, без такога цара ў галаве, без малейшага разумення таго, што жыццё — гэта не вясёлая пагулянка, а латэрэя, што яно небяспечнае, гэта хаджэнне па лязу, балансаванне, і ў любую секунду, у кожны міг можна сарвацца ўніз, у нікуды — як ён умудрыўся проста фізічна выжыць, не кажучы пра тое, каб данесці да 45-цігадовай мяжы яшчэ нейкую Божую іскру-жарынку?!.
Трэба была моцная процівага, каб выправіць гэты крэн у галаве. Трэба быў неардынарны чалавек, постаць, філосаф, бацька, дзядзька, брат, сват — карацей, настаўнік.
І такі з’явіўся. Новы герой ўступае на старонкі рамана — настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Вучыў ён не так, як іншыя, вучыў не столькі свайму прадмету (не зубрыць «пан сахі і касы» — касавокі), колькі ўменню выжываць, жыццю ўвогуле, уганяючы ў нас прапісныя ісціны ледзь не сілком, так і кажучы — «дубінаю трэба ўбіваць у вас веды!»
І як жа гэта прыемна, заблукаўшы ў лабірынтах формы і зместу, дайшоўшы ледзь не да абсурду, вяртацца да старых, добрых, вечных сентэнцый і проста лішні раз паўтарыць іх: дуб — дрэва, Андрэй — імя, лета — пара года, Беларусь — наша Радзіма…
«Слова — срэбра, маўчанне — золата».
«Дзве бочкі ехалі, поўная маўчыць, парожняя — бу-бу-бу…»
«Пакорнае цяля двух матак ссе».
«Пішыце так, каб свой почырк маглі рабіраць толькі вы».
Мы помнім («Кнігі»), як ашчаджалі нашы мазгі ад перагрузкі кнігамі; гэты ж наадварот: «Толькі чытанне зробіць вас людзьмі. Чытайце хоць праз сілу, упітвайце, утоптвайце, пакуль мазгі маладыя!»
І, бедны, намучыўшыся з намі, і такое:
«Часала сякера сукаватае бервяно і сама стала тупой!» Сякера — ён, бярвенні — мы…
Усё гэта на цяперашні розум, а тады яго навука здавалася нам непатрэшчынай, дзівацтвам.
Увесь клас ведае, што яна кахае яго, і гэтага не могуць ёй дараваць.
Яна, сямікласніца Таня, — стройная, цемнавокая, выдатніца, на якую заглядаюцца хлопцы са старэйшых класаў, калі выпадае сумесны ўрок фізкультуры і яна паказваецца перад усімі ў сваім трыко і ў белай з зялёным маечцы; яна, якую яшчэ гэтым летам увечары на лаўцы можна было пацалаваць, «пажмакаць» і якая нікога цяпер да сябе не падпускае… Яна — і Міхаіл Іванавіч!
Читать дальше