Аднак Пісталета забылі. е) — вось хоць бы і гэты сын з Варапаева. Ніколі ніхто яго ў вочы не бачыў, як і ніхто не чуў, дзе гэтае таямнічае Варапаева?.. У тыя далёкія, дарагія гады я і падумаць не мог, што сам некалі буду мець да гэтага горада дачыненне. У 80ыя з літсуполкаю «Тутэйшыя» выправіліся цягніком у Дрысу, каб адтуль на лодках плыць у Дзвінск, пратэставаць супраць будаўніцтва ГРЭС, ці што, не помню («хто без чаўна, хто на чаўне мы шпацыруем па Дзвіне»), і вось ўночы, калі рабілі перасадку на глухой, пустой і цёмнай станцыі, раптам кінулася ў вочы — Варапаева!
Аднак да-а-алёка яшчэ да начной перасадкі і да шпацыру па Дзвіне. Пакуль і без таго цікава. Вунь аўтобус ужо выплывае з-за павароту. Тармазнуў, праехаў юзам па слізкай шашы. Расчыніліся дзверы — і вось нам першая ўзнагарода за чаканне. З пярэдніх дзвярэй вывальваецца, не выходзіць, не саскоквае, а акурат неяк бокам вывальваецца Міколаў сват дзядзька Сідар. Упаў на калена, падхапіўся і выдаў на ўсю вуліцу наступнае:
— Э-эх, ты, у Госпада Бога душу Ісуса Хрыста краста маць перамаць тваю Прасвятую Багародзіцу… ў Пятра і Паўла рогі маць!..
Ашаломленыя, мы з Сержыкам нават не смяемся. Ну, калі такі зачын, сумна сёння не будзе!
— Сват, а мо не гнявіце ў Бога? — просіць Мікола, азіраючыся.
Яму сорамна за свайго госця перад людзьмі. За гэтыя брыдкія яго словы, за тое, што прыехаў паддаты і з пустымі рукамі. Што боцікі ў яго нячышчаныя, дзіравыя, і ў адзін калашына ўбілася. Што зялёнае пальточка расхлістанае, без гузікаў, шаліка няма, праз расшпіленую брудную кашулю свеціцца худая шыйка… Росту дзядзька Сідар нашага, падлеткавага. І калі сваты пайшлі па вуліцы Мікола далікатна падтрымліваў Сідара за локаць, вялікі з малым, дык ззаду здавалася, што дзед вядзе дамоў наравістага ўнука.
Астатнія пасажыры прывезлі хоць нейкае адчуванне свята. З гасцінцамі, з тортамі ў руках цэлай працэсіяй расцягнуліся па вуліцы. Апошнім сіратліва клыпае Пісталет. Зноў да яго так і не прыехаў сын з Варапаева. Нічога, будзем старымі гісторыямі жывіцца! Хай сабе клыпае, балазе, яму недалёка, вунь насупраць крамы хата, — ды «квасіць» там са сваёй Аксеняю. А тое, што не пагаворыш з ёю, хай на сябе крыўдуе — не трэба людзей біць паленам па галаве, тым больш жонку.
Бліжэй да абеда пад’ехаў яшчэ аўтобус. Ажыўленне, рух на вуліцы і ў дварах! Напаўняецца вёска людзьмі. Нарэшце, пад вечар, яшчэ навіна, самая важная — музыкаў «пазік» прывёз! Да гэтага часу паспелі ўжо напіцца, наесціся, наспявацца, хто і пакімарыць, набіраючыся сілы перад другім таймам… Самы час пахмяліцца, асвяжыць халоднай вадою рыла — і ў клуб, на танцы!
Мы з Сержыкам пабылі ў мяне, потым у яго. І там, і там сядзелі за сталом і ўсё адно ўмудрыліся застацца амаль галоднымі сярод гэтага банкетавання, гэтага багацця розных смажанняў, тушэнняў, марынадаў, грыбкоў-гуркоў-памідораў… Ну, не лезе дома! — асабліва калі яшчэ госці, ды ў рот пазіраюць… Гэта за вуглом дзе-небудзь, у тых жа карчах на рэчцы, калі гаварыць трэба шэпатам, азіраючыся, піць з рыльца, закусваць якім-небудзь белым ад тлушчу кавалкам гусяціны, што толькі што выслізнуў з рук пад ногі, а ты падбіраеш, абдзьмухваеш — і ў рот, «зубамі яго, зубамі»!
Можна было б і ў карчы, але ж часу шкада. Ужо нават у нашым канцы чутно, як у клубе наладжваюць інструменты, як зуммерыць бас-гітара, піліць, нібы скрыпка, сола-, пераліваецца іоніка, бохае барабан-«нажнік» і медна бразгочуць ударныя талеркі…. Вось-вось пачнецца першы этап гульбы; тут свая традыцыйная іерархія. Гадзінаў да дзевяці-дзесяці вечара будуць тупаць-шоргаць свае «падыспані» з «карапетамі» старыя, потым перапынак — пакарміць-папаіць музыкаў — і другая, маладзёва— «культурная» частка, танцы да ўпаду, гэта значыць, да бойкі.
Аднак нам з Сержыкам і на першую, «нямодную» частку трэба паспець кроў з носу. Бяжым ледзь не бягом. У меншай хаце Міколы Пісталета гарыць святло. Ну як тут не спакусіцца, як тут прайсці спакойна? Прабіраемся паўз сцяну да вакна, я з аднаго боку рамы, Сержык з другога прыліпаем насамі да халоднага, заінелага з сярэдзіны халоднай, няпаленай хаты шкла. Сёе-тое можна разгледзець. Аксеня, сухая, сівая і страшная, як смерць, сядзіць адна за сталом. Прыставіла да вуха будзільнік, той самы, з якім Пісталет Мікола кароў пасвіць… На твары — жудкаватая ўхмылка шчасця. Цікае!
— Ксеня, паскуства ты, гадасць! — крычыць Сержык Пісталетавым голасам і барабаніць у шыбіну.
Бразкае аб стол будзільнік. Аксеня падскоквае і бяжыць за печ хавацца, а мы з лёгкасцю ў душах, з пачуццём выкананага абавязку, не забыўшы зачыніць за сабою веснічкі, спяшаемся ў клуб.
Читать дальше