«Таварыствы цвярозасці? — як пытаў некалі Талстой. — Гэта калі збіраюцца разам, каб гарэлку не піць? Лухта. Каб не піць, не трэба збірацца. А калі збірацца, дык трэба піць».
Калі ж сур’ёзна — сёе-тое ў нас ужо ёсць.
Тут і раёнка, а значыць, спробы пісьма, і рыбалка, а значыць цяга да адзіноты, і самалюбства — калі ўсе хваляць, і дзядзька — як ураўнаважвваючая сіла, што не дае шалапутным мазгам развіхляцца (гэта пазней паможа ў прозе, якая патрабуе сялянскай упартасці), і намёк кахання — дзіўнага, не ўсіхняга…
Цяпер што? — пераход да зімы. І дастакова будзе. Лета — зіма. На чым скончыцца наш рай.
У нашай вёсцы гулялі Міколу-зімовага. Як цяпер помню той дзень, дзевятнаццатага снежня, калі
Снег у ружовыя фарбы расквечаны,
Сонца дыміцца у стыні марознай,
Па-над платамі сумёты намецены,
Сцены патрэскваюць пошчакам грозным,
складалася ў пятым, ці што, класе. Цяпер бы сто разоў падумаў, перш чым пісаць такое; калі сумёты, калі многа снегу, пачало б аналізавацца цяпер, дык хіба такі мароз, каб аж сцены трашчалі? А вось і правільна тады, у дванаццаць гадкоў, пісаў! І снегу, бывала, наваліць па вокны, і вуглы ў хаце страляюць.
Яшчэ Мікола, святы заступнічак наш, запомніўся днём вялікага свінога пабоішча. З самай ранняй раніцы, з цямна яшчэ не сціхаў у дварах сабачы брэх, рэзалі вушы пранізлівыя парасячыя віскі, паветра насычана было пахам паленага шчаціння, басіста гулі паяльныя лямпы. Але самае моцнае, чым засталося ў памяці дзевятнаццатага снежня — гэта крывёю, плямамі чырвонай крыві на белым снезе. У першы дзень — крыві свінячай, у дварах, каля дрывотняў і паветак, а на другі, «пахмельны» — чалавечай, якой пазначана была і стаптаная, слізкая, з жоўтымі пісюнамі на ўзбочыне дарога і асабліва «цэнтар», пляцоўка каля вясковага клуба, дзе ляжаў павалены, разварочаны штыкетнік і на крывавым снезе валяліся абломкі дошак.
Даўно тое было! Даўно ўжо зусім іншыя асацыяцыі выклікае чырвонае на белым, даўно не адчуваеш радасці ні ў свята, ні ў будзень… Прачнешся, расчухаешся, планы на дзень прыкінеш, на працу ды назад з’ездзіш — вось табе і дня няма; і толькі засынаючы, здрыганешся раптам: ды гэта ж Мікола быў сёння! І празвініць у вушах нейкі далёкі адгалосак, ён жа прадвеснік, першы акорд будучага апавядання, расповеду пра часы, калі кароткі зімовы дзень здаваўся даўжынёю ў год, бо і ўбіраў у сябе столькі ўсяго, што хапала пасля на цэлы год успамінаў…
Было, было! Калі прачынаўся рана ад цішыні выключанага «радзьва», ад матчынага грукання ў меншай хаце, ад радасці, што хутка канікулы. Ад таго, што нядзеля сёння, заўтра ў школу, а ўрокі загадзя паробленыя. Ад таго, што раніца, а светла ад снегу за вакном. Ды яшчэ — ад ціхага, да пустаты ў жываце прыемнага адчування сапраўднага свята, адчування такога знаёмага жыцця вакол і прысутнасьці сябе ў гэтым жыцці, і ад боязі праспаць, не паспець ухапіць нават аднаго дня гэтага жыцця — а яго трэба ўвабраць без астатку, насыціцца кожнай хвілінай яго, кожным яго пахам, колерам, кожным яго эпізодам!
Першае, што робіш, лежачы ў цёплым ложку, — гэта просіш святога Міколу, каб маці не здагадалася выцягнуць з пячуркі рукавіцы. У адной з іх дзве цыгарэты, якія выкленчыў учора ў свайго класнага кіраўніка Кацмана, паабяцаўшы яму ўвесну сажанцы чырвоных сліваў; такія на ўсю вёску чамусьці толькі ў нас і растуць. Што яшчэ? Паесці. Пакурыць з Сержыкам у кустах на рэчцы, дзе ў нас хакейнае поле. Дамовіцца, хто будзе красці з дому выпіўку, хто закуску… Праўда, сёння нам і так дазволена амаль ўсё — сядай за стол, еж, выпівай, калі дурны і хочацца… Але што ж тады за кайф? Украсці ж цікавей.
Пра Сержыка размова асобная. Мы аднагодкі, але я вучуся ў сёмым класе, ён — трэці год у пятым. Я без бацькі, радні няма, жывём з маці, канечне, бедненька. У яго бацька, матка, тры старэйшыя сястры, плойма дзядзькоў, цётак у вёсцы і ў горадзе. Я выдатнік, ён у вучобе не проста дуб, а дубалом, пень пнём, і даўно адправілі б яго ў спецшколу для разумова адсталых, каб не бацька. Бацька ў яго «хрантавік» («хрэнтавік», як сам Сержык жартуе), ваяваў разам з Гарасёвым, а Гарасёў самы большы начальнік горада і раёна. Калі-нікалі Гарасёў прызджае да франтавога сябра ў госці, Сержык кажа на «Волгі» (мініяцюрка Брыля), а часцей сам бацька Сержыкаў, напакаваўшы сумкі, цягнецца да яго ў горад. Так што чапаць Сержыка не пажадана нікому: ні дырэктару, ні завучу, і можна толькі ўявіць, што ён за падарунак, калі сам Гарасёў трэці год не можа выцягнуць яго з пятага класа! Адзіны ў сям’і сынок, позняе дзіця, з ім нянькаюцца і разбэшчваюць яго, як толькі можна. Расказвалі ды сама яго маці і расказвала — як тры сястры выстрайваліся адна за адной каля калыскі маленькага Сержыка і дзьмулі яму па чарзе ў голы пульхны зад; ілюстрацыя да раблеўскага Гарганцюа! Яму дазволена ўсё. Кожнае яго жаданне выконваецца без прамаруды. Захацеў раз Сержык мапеду — калі ласка, назаўтра атрымоўвай, ды не звычайную «Рыгу», а «Верхавіну», дзве хуткасці, амаль матацыкл. Зажадаў стрэльбу — на, сынок, бацькаву аднастволачку, «ды глядзі ж, беражыся, вочкі не павыбівай» (сабе, канечне, вочкі, не людзям). Канькі-«канадкі», клюшка за шэсць з нечым, шлем, шчыткі, накаленнікі — во да чаго зайздрасць сапраўдная, да амуніцыі хакейнай, а не да «Верхавіны» нават і не да стрэльбы… Раз захварэў Сержык, зажадалася яму, як многім хворым, што часта самі не ведаюць, чаго хочуць, — шахматаў. Лета, сенакос, бацька кідае ўсю работу, едзе на цэлы дзень у горад, прывозіць шахматы. Ды не простыя, не нашы лакіраваныя дзеравяшкі за тры шэсцьдзесят — касцяныя, з пазалочанай інкрустацыяй, у скрыначцы, абабітай усярэдзіне карычневым аксамітам. На, сынку, папраўляйся! Сынку пагуляў сам з сабою ў Чапаева, пстрычкамі збіваючы пешкі, адламаў ферзю галаву і на тым скончылася.
Читать дальше