Яны ідуць цэлай грамадой — расцягнуліся па сцежцы на ўвесь соснік. Уперадзе Андрэй Акцызнік — ён павёў на пасеку праз Цяні-балота на кладкі, тут бліжэй, чымся праз мост па пагранзастаўскай дарозе. За Андрэем — таксатар Завішнюк, худы, сагнуты; Юрку, бывае, здаецца, што той нават гарбаты. Завішнюк у гумавых, бліскучьіх, добрых ботах, у рудым спартыўным касцюме. Тэадаліт нясе сам — у скрыначцы,— ніколі не аддасць несці нікому. За ім ідуць — ніяк не могуць ісці адна за адной, а ўпобачкі — Жэнька са Светай. У Жэнькі ў руках скручаная і перавязаная белай аборачкай лента — блішчыць на сонцы. Бразджаць аб ленту шпількі, жалезныя пруткі, іх ажно адзінаццаць штук, і нясе іх Жэнька ў той руцэ, што і ленту. У Светы на плячы толькі тры рабыя вешкі — белае з чырвоным. Вешкі ў яе на плячы здаюцца зусім кароценькія, як і яна сама, не такія, калі іх паставіш, уткнуўшы на лініі ў зямлю. Тады яны высокія, у два разы вышэй за Свету.
За імі, астаўшыся ззаду, топча мох Юрка, топча сваімі падранымі вялікімі чаравікамі з кірзавымі халяўкамі. У такіх вялікіх чаравіках прыпшоў з вайны ягоны бацька. У Юркі за плячыма трыножнік. "Цяжкі, каб на яго халера,— думае Юрка.— 3 дубу ён, ці што. Дрэва вунь якое цвёрдае, а на яго яшчэ наканечнікі панабіваны з жалеза, вострыя, блішчаць — вышараваліся аб пясок". Трыножнік рэжа плячо, цягне назад, але Юрка баіцца сказаць, што яму нязручна: скажы — засмяе Света. Жэнька, дык тая толькі можа ўсміхнуцца і паглядзець на яго сваімі вострымі чорнымі вачыма. А Света... 3 языка ўвесь дзень не спусціць. Света — пустабрэх. Пустабрэх і сакатуха. Ён гэта ёй некалі скажа, хай яна пачакае.
Трыножнік ад тэадаліта на брызентавым шырокім зялёным — новым — рамяні. Калі ступаеш — бразджыць недзе клямарчык па жалезе: бразь, бразь. Тады Юрку ўспамінаецца, што так насіў ручны кулямёт за плячыма Чумак з "Імсціцеля". Ніколі не скідаў: і за стол есці з кулямётам садзіўся, і спаў раз у іх у хаце з ім за плячыма. Юрка помніць, што з Чумака смяяліся партызаны, што той і ў баі не здымае кулямёта з-за плячэй. Гэта няпраўда, што Чумак не здымаў кулямёта, як жа ён тады біўся з немцамі? Проста Чумак вялікі — вышэйшы за ўсіх мужчын у вёсцы, Юрка такога ніколі не бачыў,— і кулямёт яму, як муха...
Юрка ўспамінае Чумака і забываецца, што за плячыма цяжкі трыножнік і яшчэ сякера пад пахай. Юрка засоўвае яе за дзягу — тады сякера цягне далоў штаны... Можа лопнуць старая дзяга. У вайну яшчэ ён зрабіў яе з падпінка, які выкінуў з шафарні бацька.
Юрка ўспамінае Чумака і забываецца, што з раніцы хочацца есці — што там надта з’еў снедаючы: маладую бульбу, адну; што ён ужо быў памкнуўся яшчэ на ўзлеску з’есці палудзень — кавалак праснака і два салёныя агуркі,— але не рашыўся: маглі ўгледзець дзяўчаты. А палуднаваць тады што, калі збяруцца ўсе ў кучу ў паўдні? Жэнька ўбачыць, што ў яго нічога няма,— разломіць папалам свой кавалак хлеба, як учора. А Завішнюк падасць друзачак белага цукру. Юрка не возьме, не. Ён і ўчора не ўзяў. Тады Света сказала, што ён шашок і дзічка. Ну і шашок,— а сама яна хто? — але ў іх ён нічога не возьме.
— Давай, давай!.. Малакасос!.. Не згубіся. Цягнецца, што цяля. У твае гады я з прыскокам...— Гэта крычыць на яго, Юрку, Акцызнік. Ён уперадзе, на самай горцы на пасецы, і яму ўсё відаць здалёку.
— Дзяўчаты, дзяўчаты... Кавалер ваш разнюніўся...— Акцызнік сёння не сціхаў усю дарогу — п’яны ён, ці што?
Юрка злуе на Акцызніка, але ступае шпарчэй і даганяе Завішнюка.
За соснікам пачынаецца імшара — высокі верас па пояс і багун. Між маладых сасонак трапляюцца бяроза, рабіна, вольха. Тут якраз ішла лінія, якая некалі да вайны адсякала соснік — пасеку — ад Цянёў-балота. Цяпер лініі не відаць, нават цяжка пазнаць, што яна калі была тут. На лініі заўсёды было сонца, і маладняк шугануў угору — зраўняўся з соснікам на самой пасецы. Ля сцежкі, дзе стаяў некалі слуп-капец у гэтым месцы, няма нават і курганка. За гэтыя гады збілі яго нагамі і зраўнялі з зямлёй і людзі і скаціна. Недалёка ад гэтага месца — глыбакаватая сухая ямка. Гэта студня. Цяпер у ёй суха: сухое лета, а ў вайну, калі сюды, пад Цяні, у зямлянкі выязджалі ад нямецкіх бамбёжак лонваўцы,— з яе бралі ваду. I нядаўна, у дажджы, нехта, відаць, сіляў яе адсюль — ля ямы на пяску валяюцца дзве парожнія "варонкі". Мусіць, прынеслі іх сюды падсочніцы.
Чуваць, як уперадзе пад нагамі ў людзей трашчаць сухія сукі і крышацца высахлыя сёлета кладкі, як шапаціць лазняк і альшэўнік, калі расхістаюць яго рукамі. Кладкі зусім зараслі. 3 альшэўнікам тут пасеяліся маладыя рабіны, і цяпер ім цяжка ад сваіх ягад — згінаюцца аж на кладкі, пад ногі. Ягады на іх буйныя, ліст зялёны, аж цёмны, а ў бары, у сосніку на пяску, яны сохнуць. На балоце ўжо жаўцее бярэзнік, не дачакаўшыся марозу, і абтрасае на пачарнелую траву і сівую гразь на сцежцы жоўта-белае лісце. Яно дробнае, чахлае — асыпаецца з самых нізкіх галін, што блізка ад зямлі. Высокае, што на самым версе,— зялёнае і моцнае, яно не баіцца нават першых маразоў.
Читать дальше