На балоце жаўцее і пад’яловец, ён расце на куп’і ля старых засмаленых сасновых пнёў. Ля пад’ялоўцу — паземачнік, высокі, зялёны, на ім ёсць яшчэ і познія ягады. Але тут былі дзікі, падыходзілі з-за Цянёў, папоркалі мох і зямлю ля паземачніку: дасталі жоўтага пяску.
Чуваць наперадзе ў кустах, як шчабеча і шчабеча Света, што сарока, пасля пачынае спяваць. Спявае яна прыгожа, але нядоўга, тады смяецца і зноў шчабеча. Каму яна што расказвае? Жэньцы? Ну і назола... Пустабрэх. Юрка яе не любіць, хоць яна і спявае прыгожа.
Ля кладак у зашыйках расла густая трава сінюха. Яе скасілі, мусіць, бабы з вёскі і вынеслі адгэтуль пасцілкамі. На выкасах — стаптаныя рудыя купінкі — торф. Ля іх пажоўклае лісце ад травы бабку, якой не дастала каса; рыжы, што лісіная поўсць, мох і сухая белая леташняя трава, прыбітая да самай зямлі. На купінах каля пнёў, дзе каса не кранула травы (яе цяжка абрэзаць ля дрэва), застылі, мусіць, мокрьія ад расы, блакітпыя балотныя званочкі. На зямлі ля іх — шырокія, па далоні, грыбы рудзякі: грыбы растуць, як пасеяныя, хоць касу закладвай ды рэж! Але касой тут не пацягнеш — на доле шмат такіх жа жоўтых, як рудзякі, яловых шышак. Яны доўгія, тоўстыя і цяжкія, калі сагнешся і возьмеш у руку,— намоклі ў вадзе, аж пачарнелі. I яны пахнуць грыбамі.
Здаецца, што і ўсе Цяні ля кладак пахнуць рудзякамі і сыраежкамі.
Далей, дзе кладкі ляжаць ужо не ў балоце, а па ўбітым, парослым рэдкай мятліцай бары, патрэсена сена — яго вязкамі выносілі па кладках на сухое з Цянёў. С-пад яго вылазяць белыя галоўкі чашчавікоў і чырванеюць раннія брусніцы.
Брусніц па пагорку, яшчэ зеленаватых,— што насыпана. Над імі — высокі дурнічнік, увесь у ягадах. Ягады даўно выспелі і цяпер блакітныя-блакітныя. Здаецца, калі глядзіш на гэты пагорак сярод балота, што і зямля — плямамі: то блакітная — дзе дурніцы, то чырвона-белая — гэта дзе збуяў і разросся бруснічнік.
У халодным яшчэ ў лесе паветры чуваць, як нехта стукае далёка ззаду, ля вёскі, сякерай: бах! бах! Здаецца, і няма ветру, а ціха шумяць над галавой сосны і недзе за балотам ракоча трактар.
Людзі тут, на сухім пагорку сярод балота, спудзілі сіваваронак — тыя аж стогнуць, носячыся над галовамі. Цыльгікае дзяцел, перастаўшы стукаць па сухой і падгнілай бязверхай елцы; у альшэўніку, пад балота, заходзяцца рабыя сарокі,— відаць, ужо маладыя. Чыр-р-р... Ч-ч-чыр...— аж шыпяць. Здаецца, нехта прастуджаны ў альшэўніку чысціць нос — смаркаецца.
Лес, патрывожаны чалавекам, жыў сваім жыццём.
Пад нагамі ў Юркі аж скрыпеў сухі мох, шасцеў высокі, за калені, багун і верас, чапляўся за плячыма аб сосны ля сцежкі трыножнік. Перад тым як выйсці на Цяні-балота, Юрку давялося зняць яго з-за плячэй і несці пад пахай, ножкамі ўперад.
У гэтым месцы лаза так пераплялася над сцежкай, што Акцызнік, чуваць, абыходзіў яе далёка па балоце — лаяўся.
За лазняком — чыстае балота, сенажаць. Цяпі спрадаўна — сена для лонваўцаў, і лопваўцы іх глядзелі. Высякалі бярэзнік і ніцую лазу, што сеяліся і раслі тут на балоце разам з травой рабінкай і сіпюхай кожпы год, як лебяда дзе ў гародзе пад хатай.
Кладкі на балоце зусім уехалі ў зямлю, зараслі белым мохам і травой — па іх мякка ступаць. На іх ужо даўно нават косяць траву — яны пачарнелыя і гнілыя, рэдка дзе вытыркаюцца наверх.
Але калі з кладак зрываецца нага — квокча балота, бурбаліць; пырскае ўгору рэдкая чорная гразь. Можна праваліцца аж за калені. Света, відаць, ускочыла, бо стаіць, сагнуўшыся, на сухім і выцірае ногі. Варта ёй, няхай не скача, што каза.
Калі павявае вецер,— ён дзьме адтуль, з кутка, дзе пастухі са скацінай, даносячы іх галасы,— шуміць тады лаза і шапоча падсохлая не скошаная ля кустоў асака, сінюха і трава елка. Махаюць, нагінаючыся, сваімі чорнымі галовамі кіёўкі, і пахне старым, зляжалым і ўпрэлым кіслым балотам — аж зрывае нос, як кажа Акцызнік.
На балоце — стагі. Яны стаяць адзін за адным — як у шнурок — і цягнуцца аж адтуль, дзе рыкае скаціна. Стагоў сёлета калгас у Цянях наставіў шмат: была добрая трава. Але некалі яна была, відаць, яшчэ лепшая, бо на балоце ёсць і пустыя старыя стажар’і. Абсунуліся, пачарнелі, пасохлі бярозавыя доўгія калкі-жэрдкі, ля якіх кідалі стог, пахіліліся да зямлі. Калі Юрка глядзіць на пустыя стажар’і, думае тады, што скора ўжо будзе восень...
За кладкамі Акцызнік чакаў усіх: "збіраў у кучу".
— Прайшлі-праехалі, як міленькія. I ўсе сухія. Затое зэканоміліся. Можна і пакурыць і пастагнаць, у каго забалела паясніца за дарогу...— Гэта ён гаварыў, мусіць, да Юркі, а мо і да самога Завішнюка, якога не любіў і за вочы называў "інцілігентам". А ўчора нават асмеліўся і пры ўсіх сказаць: "Вы інцілігенцыя..."
Читать дальше