— Вазьмі запалкі,— сказаў яму Андрэй.
— А добра ты кажаш.
Ладымер сеў, прыкурыў сваю люльку і смачна зацягнуўся. У люльцы нешта сіпела, пішчала, хлюпала, дым з яе валіў, як з кастра, смярдзючы, цяжкі. Бедны Іван спачатку закашляўся, потым пачаў чхаць.
— Моцны тытунь,— сказаў Ладымер і запытаў у Андрэя:
— То скажы ты мне, што гэта будзе? Што гэта пачало рабіцца ў нашым засценку? Гэта ж не тое, што ты, скажам, зайца ў Маргах застрэліў ці, скажам, казу... Гэта ж ты дзяўчыну ў пятлю ўвапхнуў, і табе за гэта нічога-нічагусенькі?
— Пра каго ты, Ладымер?
— Хіба ты не ведаеш? Пра таго злодзея, каб ён сабе вочы ў кузні выпаліў ці, скажам, рукі і ногі паадбіваў... Пакуль іх у засценку не было, то і бяды не было. І я думаю: ці гэта канец! І ў мяне, скажам, дачка расце, і ў цябе сястра, ці мала дзевак у засценку! То хіба ў Халустаў сумленне ёсць, ці яны людзі? Ён, скажам, гад, па-добраму не возьме, то возьме сілай, напралом... Уга, такі гад! Каб дзе стрэў яго на вузкай сцежцы, скажам, у Маргах, ды зарад у чэрава — і справа з канцом.
— Эх, Ладымер! Халуста табе не заяц. А за забойства катарга ці вісельня.
— То чаму яму ні катаргі, ні вісельні? Для яго закон другі?
— Другі, Ладымер. Ды па цяперашніх законах такая справа і суду не падлягае.
— Не падлягае, кажаш?
— А хто дакажа, што праз яго Лісавета павесілася?
— Усе ведаюць!
— А хто бачыў? Ты бачыў?
— Не...
— От табе і ўвесь закон.
Ладымер зноў прыпаліў люльку, бо яна вельмі часта патухала, і трохі памаўчаў.
— А каб мы ўсім засценкам сабраліся і прыгаварылі: выселіць яго, скажам, з вобчаства. Хіба ты з Тамашом не вязаў яго! Яны не толькі паміж сабой рэжуцца. Ды ліха іх бяры, няхай, скажам, рэжуцца. Дык яны ж засценак усмаляць, людзей пакалечаць. Яны, скажам, вылюдкі... Вунь мая дачка, як рака разліваецца, галосіць. Гэта ж яна кажа, што Лісавета і Тамашу ў вока кінулася. А гэты воўк бачыш чаго нарабіў.
Напамінак пра Тамаша рэзнуў Андрэя па сэрцы.
Ён не думаў, што пра Тамаша і Лісавету ведае яшчэ нехта акрамя яго. Аказваецца, усе маладыя ведаюць, а ён нават не думаў пра гэта, пакуль не прызнаўся сам Тамаш. Сядзеў увесь час дома, як барсук у нары, а жыццё сабе ішло і ішло...
— Мы ж такі шляхта, дваранства, скажам,— гаварыў далей Ладымер, пыхкаючы сваёй люлькай, ад якой ішоў страшэнны смурод, і Андрэй з горкай усмешкай думаў: «Эх, дваранін, дваранін... Не па-дваранску ты пахнеш...»
— Дык от... паехалі б у Слуцак да прадвадзіцеля. Расказалі б яму пра ўсё... Толькі, скажам, людзей трэба выбраць хадавых, разумных. От, скажам, хоць бы і цябе, Андрэй.
— Не гавары глупства, Ладымер. З такімі дваранамі, як мы з табой, прадвадзіцель гаварыць не захоча. Той цяпер дваранін, хто багацце мае.
— Скажам, Халуста?
— Ён большы дваранін, чым мы з табой.
У хаце пачало цямнець.
— Іван,— сказаў Андрэй,— ідзі ўпраўляйся па гаспадарцы. Мабыць, сёння нам прыйдзецца і свіней карміць.
Іван пачаў апранацца. У гэты час ад Талімона прыйшла маці. Яна павіталася з Ладымерам і сказала:
— Талімон да бацюшкі пайшоў. Трэба заўтра пахаваць Лісавету, але... бог яго ведае...
— Не захоча поп яе адпяваць,— пыхнуўшы люлькай, сказаў Ладымер.— І на могілках хаваць забароніць.
Гэта ведалі ўсе. Пра гэта і хацела сказаць Андрэю маці. Ведаў і сам Андрэй такую бяду, але па-сапраўднаму зразумеў яе толькі цяпер. Жыла дзяўчына, нікому нічога не вінаватая, з яе наздзекаваліся, давялі да смерці, а пахаваць як чалавека не даюць. Яе можна закапаць у зямлю як скаціну. Андрэй разумеў, што Талімону перажыць такое не лягчэй, чым смерць дачкі. І ён жахнуўся. Не, большага гора нельга і прыдумаць для чалавека, чым тое, што напаткала Талімона. Нават не памянеш дачкі па-людску, на магілу яе не сходзіш, бо пахаваюць яе не на могілках, а недзе збоку, за могілкамі. А хіба яна зрабіла нешта такое, што не варта чалавечага пахавання? Гэтыя думкі ўскалыхнулі Андрэя, ён падняўся з лавы і пачаў хадзіць па хаце.
— Я, Андрэй, бачу, што і ты ўвесь загарэўся,— гаварыў Ладымер.— А я адразу падумаў, што смерць дачкі — не апошняе Талімонава гора. Будзе яшчэ і клопату і турботаў, пакуль пахавае яе. Трэба нешта рабіць, Андрэй.
— Што рабіць? Што я або ты можам зрабіць? І чаму ты да мяне прыйшоў? Хто я такі? Мяне і гаспадаром у Малінаўцы не лічаць. Можа Нарбутовіч ці Мартыневіч нешта зрабілі б. Такі ж Мартыневіч член царкоўнага савета.
Ладымер выпусціў цэлую хмару дыму і плюнуў.
— Не! Тады няма людзей у нашым засценку. Стары Юстынь, скажам, так не гаварыў бы. Ён бы і не ўспомніў Нарбутовіча і Мартыневіча.
Читать дальше