Валодзя ўжо не падзяляў з Зінай тых пачуццяў, аб якіх гаварылася ў песні. Ён у думках зараз жа перанёсся ў зямлянку, дзе цяпер жыла Зіна. І хоць ён там ні разу не быў, але ўяўляў усю яе ўтульнасць: чатыры калы, забітыя ў зямлю, на іх прымацаваны дошчачкі - гэта стол, побач гэткім жа чынам зроблена лава, ад сцяны шырокі земляны выступ - двухспальны ложак. На такім ложку спаць не вельмі мякка, звычайна на ім шмат застаецца карэння або ўпадзін. Але для камандзіра, мабыць, зрабілі сяннік, набіты асакою, бо паблізу мурожнага сена няма... Сухая асака шуршыць пад бокам. Пра такія сеннікі Валодзя расказваў у шпіталі сябрам па палаце. І тыя не смяяліся, а, наадварот, гаварылі, што для ваеннага часу гэта - пярына. «Напэўна Зіне ён і здаецца пярынай», - падумаў Валодзя. І ад гэтай думкі яму стала неяк брыдка і ў той жа час крыўдна. Хлопец адвярнуўся ад Зіны, заплюшчыў вочы.
Валодзя не ведаў, што тварылася на душы ў Зіны. Калі партызаны збіраліся ў паход, яна бачыла, як Шаблін падышоў да Валі і загадаў ёй таксама рыхтавацца, каб разам ісці на заданне. Тады Зіна схавалася ў зямлянку і не ведала, куды ёй дзецца. Яна была ў адчаі, маладая жанчына, якая праз нейкі час стане маці... І вось Зіна кінулася да Валодзі, хацела яму прызнацца, што не хоча жыць, а тут занялася спеўнікам і крыху супакоілася. Аднак ненадоўга. Калі хлопец адвярнуўся, яна кінула чытаць і ўсё часцей і часцей з шумам уздыхала, бяздумна глядзела на яго плечы, галаву. Здавалася, вось-вось яна кінецца ніцма і заплача.
У гэты час да іх слыху данёсся нечы голас:
- А дзе ж Валодзя? Дзе Валодзя?!
Хлопец адразу ж падхапіўся.
- Мяне шукаюць?..
- Гэта голас Анатоля, - ціха сказала Зіна.
- Ну, я пабег. Ой, колькі вас, сябры! - радасна закрычаў ён, убачыўшы хлопцаў са сваёй групы. - Браткі мае!
Тыя таксама гуртам спяшаліся да яго. Сустрэўшыся, туліліся, як туляцца ў цяжкім горы дзеці да маці. Валодзя заўважыў, што хлопцы чамусьці маўклівыя, нібы вінаватыя ў чым перад ім. І ён адразу ж здагадаўся, што магло здарыцца.
- Значыць, Міколы няма?
Хлопцы маўчалі.
- Ды як жа гэта? - захваляваўся Валодзя.
- Быў паранены і... застрэліўся, - сказаў Анатоль і, паказваючы рукой на Паўла, дадаў: - Ён быў з ім разам.
Павел выйшаў уперад, пачаў расказваць. Ён паведаміў, што немцы ў Залессе прыйшлі, відаць, па даносу. Бо ніводнага чалавека з вёскі не кранулі, нават не пацікавіліся, у каго былі партызаны. Сцвярджалі, што Мікола і Павел не партызаны, бо баяліся германскіх салдат браць у палон. Прасілі людзей, што яны будуць тут непадалёк у лесе, і калі з'явіцца сапраўдны партызан, каб яны паведамілі ім. Яны хочуць пайсці з ім у атрад. Па ўсім відаць, што немцы пайшлі на хітрасць дзеля таго, каб узяць партызан жывымі. Блакада гітлераўцам поспехаў не прынесла, і яны хацелі ўзяць языка, каб ён расказаў ім аб месцазнаходжанні партызан. Сілы, якія блакавалі лес, працягвалі стаяць у Жлобіне і Чырвоным Беразе. А дыверсіі на чыгунцы паўтараліся, і ад гэтага фашысты шалелі.
- Так, усё правільна, - сказаў Валодзя, - не ведаючы, колькі партызан у Залессі, немцы не маглі адважыцца ісці туды так смела. Значыць, хтосьці аб усім расказаў звяругам. Ну, ды нічога, хутка мы будзем там і разбяромся, што і як.
Вакол групы сабраліся партызаны, што засталіся ў лагеры. Валодзя шапнуў нешта Анатолю, і яны адышлі ўбок.
- У цябе пароль на сённяшні дзень ёсць?
- Ёсць.
- Пакуль не рассядлалі коней, давай падскочым у штаб брыгады. А то мяне, браце, новы камандзір тут у чорным целе трымае.
- Цябе?.. Мікола яго не мог цярпець. Казаў: усе роўна перайду ў другую роту і нават атрад пакіну. Чорт яго ведае, што ён за чалавек, гэты Шаблін.
Валодзя перавёў позірк на зямлянку, на хвіліну задумаўся і сказаў:
- Ты толькі не гавары камісару пра Зіну. Мне неяк сорамна. Усё роўна іх не разлучыць. Ды яна, напэўна... плямы на носе, на лбе, - зморшчыўся Валодзя. - Шкада мне яе, няхай жыве спакойна.
- А Мікола злаваўся і на яе, вельмі хацеў бачыць Сяргеева і расказаць яму ўсё.
- Не трэба. Так, а дзе ж Міколу пахавалі?
- У Дубовай Градзе. Ой, што там голасу было, і твая маці... падала.
- Хопіць, едзем.
Хлопцы селі на коней і паехалі, а Зіна стаяла ўжо ля зямлянкі і глядзела ім услед.
IV
Раніца была ціхая, і з зямлі паміж дрэў паднімаўся рэдзенькі туман. Валодзя вылез з будана, глянуў навокал: яшчэ ніхто не хадзіў па лагеры, толькі чуваць было, як недзе стогне паранены партызан. Валодзя скінуў сарочку, павесіў яе на галінку дрэва і пайшоў да крыніцы мыцца. Сцяжынка была пераплецена росным павуціннем. Хлопец разарваў голымі грудзьмі адну павучыную заставу, а каля другой спыніўся. «Разумная істота, - падумаў ён. - Хто без прылад хутчэй за яго вытча такі ўзор. Звечара тут ніводнай не было, а за якіх пяць гадзін столькі сетак». Павучкі добра ведаюць звычкі сваіх ахвяр. На сцяжынцы заўсёды бываюць пахі: то ад згубленых крошак, то ад партызанскіх кацялкоў, якія носяць сюды мыць. Мухі здалёк чуюць гэтыя пахі і ляцяць на сцяжынку, вось тут для іх павукі і робяць пасткі.
Читать дальше