- Не люблю я панураў, - сказала Ядвіся. - Усё здаецца, што яны накінуцца і біць пачнуць.
- Што зрабіць? Часамі чалавеку так цяжка бывае, так наваліцца на яго гора, што нехаця ляжа чорны цень на твары.
- А якое ў вас было гора? - спытала Ядвіся.
- Не пытайцеся: ніякага ў мяне не было гора. Хіба вы наведзяце яго на мяне, але гэтага я вельмі не хацеў бы.
- Я? Што я для вас значу?
- Усё! - адказаў настаўнік.
- Праўда? - ціха спытала Ядвіся.
- Гатоў пабажыцца, аб заклад пабіцца, - пачаў сыпаць Лабановіч словамі, узяўшы жартлівы тон, каб жартамі прыкрыць тое, што ішло ад самага сэрца.
Панна Ядвіся, як сарна, скокнула да печкі, дзе стаяў пусты кошык. Схапіўшы кош, яна падбегла з ім да Лабановіча і прамовіла:
- Сыпце ў кош сваё красамоўства!
Яны смяяліся, шчаслівыя, як дзеці.
Ядвіся раптоўна стала сур'ёзнаю.
- Скажыце, - прамовіла яна, - каб я вас аб чымсі папрасіла, ці зрабілі б гэта для мяне?
- Усё, што можна зрабіць, зраблю.
- Зробіце?
- Зраблю.
Панна Ядвіся апусціла вочы, потым паволі ўзняла іх на настаўніка.
- У Гарадзеншчыне ў мяне ёсць адна дзяўчына, - ну, вам усё роўна, хто яна. Ёй трэба выйсці замуж. Разумееце? Ёй проста трэба павянчацца, каб у дакументах мець іншае прозвішча. Нашто - гэта таксама вам нецікава. Дык ці згадзіліся б вы павянчацца з ёю?
Ядвіся гаварыла самым сур'ёзным чынам.
Лабановіч і верыў, і не верыў. Калі гэта ўсё праўда, то, значыць, для Ядвісі ён зусім не патрэбны чалавек. І яму стала так горка і непрыемна. Ён апусціў вочы і, памаўчаўшы, прамовіў з прыметнаю ноткаю нездавалення:
- Аб жаніцьбе, якая б яна ні была, я думаю столькі, колькі думаеце і вы аб леташнім снезе.
У гэты час у пакой увайшла Габрынька, і размова наконт жаніцьбы на тым і скончылася.
- Ну, кажыце, як вам гасцілася? - звярнуўся да яе настаўнік.
Габрынька з жартам і ажыўлена апавядала, як ім было там добра і як не хацелася ехаць сюды. Ядвіся маўчала. Лабановіч слухаў Габрыньку і стараўся не пазіраць на Ядвісю. А яна ўвесь час не зводзіла з яго вачэй. А потым ціхенька выйшла, нічога не сказаўшы. Яна доўга не прыходзіла і вярнулася тады, калі Лабановіч ужо выйшаў і накіраваўся да сябе на кватэру.
Настрой у яго быў самы паганы. Ён проста не мог знайсці сабе прыпынку, не ведаў, за што ўзяцца. Прайшоўшыся колькі разоў па пакоіку, ён узяў паперу і пяро і сеў пісаць ліст свайму семінарскаму сябру Янку Тукалу.
«Мілы Янка!
«Дзе ты, мілы, белабрысы? Дзе ты? Адгукніся! Як без цябе тут гарую, прыйдзі падзівіся». - З гэтае песні пачаў ён, змяняючы яе тэкст. - Абрыдла, брат, мне тут. Усё прыгледзелася і прыелася. Пачынаецца вясна. Разам з ёю ва мне абуджаецца і нейкі дух бадзяння. От бы забраў пад паху свае манаткі, пайшоў бы куды вочы глядзяць. Скончыцца работа ў школе, паеду дадому. На другі год думаю перабрацца куды-небудзь далей у глыб Палесся. Я пачынаю аналізаваць самога сябе і вынікамі застаюся незадаволены. Тая звычайная работа, якую мы павінны весці ў школе, мне здаецца мала вартоўнай, і калі толькі ёю абмежаваць сваю дзейнасць, то гэта значыць рабіць вельмі мала, бо будзеш заўсёды чуць нейкі недахват. І тады трэба будзе на ўсё махнуць рукою, а каб было весела, прыйдзецца звярнуцца да карт, гарэлкі і праз колькі гадоў зрабіцца поўным вахлаком, што звычайна на кожным кроку і робіцца. Я чую, што ў мяне няма грунту пад нагамі, бо я не намеціў сабе пэўнага плана работы. Я, брат, тая муха, што папала пад шкляны каўпак: і свет вакол відаць, і месца ёсць выбіцца з гэтага каўпака, але няма здольнасці папасці ў выйсце. І не адзін такі я: шумім, круцімся, а толку няма. Можа, каму выпадкова і пашчаслівіцца знайсці дарогу з гэтага каўпака, але пераважная большасць пападае ў сыроватку і трапечацца ў ёй, покі не захлынецца. Яшчэ нічога, калі ўсяго гэтага не заўважаеш і думаеш, што так і трэба. Але вельмі цяжка пачуваць, што цябе пачынае зацягваць балота, і ты ведаеш, што ў гэтым балоце твая грамадзянская смерць. І калі б мяне спытаў хто, што мне найболей кінулася ў вочы і зрабіла мацнейшае ўражанне за першы год настаўніцтва, я вызначыў бы гэта так: павольнае ўміранне душы і зацягванне цябе балотам... Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Няхай жыве вандроўніцтва!
Як я табе і казаў, ва мне з незвычайнаю сілаю абудзіўся дух бадзяння. Я не знаходжу сабе спакойнага месца, мяне кудысь цягне і парывае. Часамі проста хочацца зашчаміць сабе галаву і плакаць. «Маркотна жыць на гэтым свеце, панове». Цяпер толькі зразумеў я, якую праўду казаў Гогаль».
Читать дальше