Але i тады, i асабліва пазней, калі стаў валасным i раённым кіраўніком, Апейка ўведаў i тое, што ўсякае слова мае сваю цану, што яно тым даражэй, чым больш у ім вагі. Вялікі жыццёвы вопыт вучыў, што каму-каму, а яго амаль заўсёдным слухачам — сялянам — патрэбна нязменна: канкрэтнасць, дзелавітасць, яснасць.
— Ёсць ужо нямала машын, — дзелавіта сказаў ён. — Добрых машын…
У хісткім чырвоным святле ад агню Апейка стаў расказваць, якія машыны бачыў нядаўна ў Мінску — выпушчаныя для сялян. Вось паказвалі ў рабоце конную касілку: няхітрая нібы рэч, а як легка працаваць на ёй. Кіруй адно ca зручнага сядзення, слухай толькі, як бегаюць, чыкаюць спрытныя зубы-ножыкі, падразаючы траву. A ці не прынада тыя конныя граблі: сядзі адно ды пацягвай сабе ручку, пружыністыя жалезныя граблівілы будуць кідаць ззаду ледзь не цэлыя копы. Касілкі i граблі пакуль што тут не ўсюды можна пусціць, але багата дзе яны могуць рабіць. А малатарня трактарная — пабачылі б: аірамадзіна — як прыпяцкі параход, гумно добрае снапоў змалоціць — не агледзішся! Ну, а машына, што капае бульбу: ёсць i такая — бульбакапалка; гэта дык проста-такі цуд, іншага не скажаш!..
— Цуд-то цуд! Ды грошай — пуд! — першая вярнула людзей на зямлю Сарока.
Апейку зноў кінулася на ўвагу: Дзяцел, у вачах якога толькі што праз недавер’е прабівалася захапленне, кіўнуў згодна — правільна кажа!
— Пуд — не пуд, а сёе-тое каштуе! — Апейка не спрачаўся. — Адзін бядняк не купіць!
— Ну, от, от! Я ж i кажу! — Дзяцел цяпер не кіўнуў — вачыма, якія неяк павастрэлі, чакаў, пільнаваў: што будзе далей.
— У тым i фокус: адзін не разгонішся!..
— А нашто вам адной такія машыны! — перабіў Міканора, здзіўлена зірнуў на Сароку Апейка. — Каторым з ix сяла цэлага — небагата!
— Усё — калякціў, калякціў! — прарэзліва, са злосцю i адчаем уварвалася Куліна Чарнушкава.
Умомант цішыні, увагі як i не было. Зноў гаманілі запалена, без ладу, даказвалі Апейку, Міканору, Хоню, адзін аднаму: "Які калякціў, калі адзін — адно, а другі — нібыто — другое!" — "Ето ж калі б усе адно цягнулі!" — "Адзін спіць, другі — у носе круціць пальцам, а ты — перарывайся!.." — "Землю аддай, гаспадарку!.." — уплёў у гоман сваё Дзяцел — набалелае, нібы злоснае.
— Гаспадарка там у катораго! — плюнуў з абурэннем Міканор, ледзь апаў гоман. — Палоска — як лапцем стаць! Конь — здыхляціна! А дрыжым, крычым! Бы палацы прападаюць!
— Здыхляціна не здыхляціна, а свая! — Дзяцел, бы яго абразілі, i не першы раз, здавалася, гатоў быў схапіць Міканора загрудкі.
Людскі гоман ухваліў Дзятла.
Апейка падтрымаў разважна, не Міканора — Дзятла, іншых:
— Багатаму жаль карабля, а беднаму — кашаля!
— От, праўда! — заківалі, загаманілі вакол агню.
Дзяцел упяў у Апейку няцямны гарачы позірк, апаў гневам, пасвятлеў.
Апейка перачакаў шум ухвалы, памаўчаў, чуючы |зноў на сабе агульную ўвагу. Як бы падумаў:
— A толькі i за кашэль трымацца лішне не трэба! Калi, скажам, карабель выменяць можна!
— Дак калі б жа знаць добра!
— Або выгадает, або без нічого астанешся!
— І кашаля не будзе! — дакладна выказаў трывогу Васіль.
— Не прагадаеце! — спакойная ўпэўненасць яго, заўважыў Апейка, багата каш бянтэжыла. — От я казаў ужо — машыны. Гэта — адно. Тут усё ясна: палучыце крэдыт, возьмеце машыны… Другое — зямля. Якая яна ў вас, не вам казаць: балота ды пясочак найбольш… — Ніхто словам не запярэчыў — той кіўнуў сумна, згодна, той уздыхнуу. — Ураджай, самі знаеце — ураджай на зямлі нашай — вядомы! Бывае, i таго не сабярэш, што кінеш у зямельку такую… А яна ж i не такая безнадзейная, i ад яе дабіцца можна нечага. Калі падступіцца як трэба. Да зямлі таксама — самі знаеце — падыход трэба умелы! Трэба ўгнаенне! Багата i рознага ўгнаення… Знаеце, сколькі палучаюць ужо на такой зямлі ў калгасах?..
Людзі верылі i не верылі, але слухалі так, што забывалі i пра ўтому, i пра камароў, i пра ноч, хуткі час мёртвага сну. Цемра то насядала на самае вогнішча, то адскоквала так, што відно было блізка нерухомае, бы зачараванае, галлё дуба. З цемры выпаўз нечы конь, стаў, выцягнуўшы храпу, глядзеў на агонь, як бы таксама слухаў. Васіль, i не адзін ён, дзіву даваўся, адкуль столькі ведаў юравіцкі госць: i колькі дзе зямля родзіць, не толькі ў нас, a i на Украіне, i ў нейкай Галандыі, i чаго недастае глебе; i якія багацці тояцца ў гіблым гэтым балоце, з якога пакуль адна толькі "карысць" — камары ды хвароба малярыя! Нібы свет цэлы сышоўся сюды, к Дамецікаваму агню: сотні калгасаў былі навакол, тысячы людзей нібы стаялі, глядзелі на ix, чакалі ix адвагі, звалі за сабою. Як бы падышлі сюды, к Мокуці, к агню, i добра знаёмыя Юравічы, i не такі знаёмы, далекаваты быццам Мазыр, i ўжо зусім загадкавыя, толькі часам чутныя ў гаворках дасведчаных людзей Харкаў, Растоў, Чалябінск. Па ўсёй краіне стараліся для сялян, для калгасаў заводы, рабілі трактары, малагарні, веялкі, рыхтавалі ўгнаенне. І ўсюды, у кожным сяле, па ўсёй зямлі шырокай, людзі трывожыліся, думалі пра калгасы; абагульнялі скаціну, маёмасць, злучалі ў вялікія палі цесныя палоскі, пераворвалі межы. Разам ішлі ваяваць з векавечнай сялянскай бядою…
Читать дальше