— Папросіцеся! Пабачыце, дзе выгада, — папросіцеся! Кожны ж дабра сабе хоча!
Тут завіраваў нецярплівы, бязладны гоман. Здавалася, ніхто нікога толкам не слухаў, усе гаварылі, часам крычалі, кожны выказваў сваё, перадуманае, гаворанае ўжо не раз, але неадступнае, балючае; сыпала нейкімі прымаўкамі Сарока, аж гарэла Чарнушчыха, круціўся, блазнаваў Зайчык. Апейка i не заікнуўся, каб перабіць галас, рынуцца абараняць, даказваць сваё, смактаў сабе папяросу з газеціны, змораны, абыякавы нібы. Гэта злавала i разам бянтэжыла; гоман то ўскідваўся люта, то ападаў без сілы — неўзабаве i зусім апаў.
Як апошні зык ветру, што прамчаў над лесам, было недавольнае, здзіўленае:
— Нашто ето ў калякціў усіх канешне?
На шчаках Чарнушчыхі палалі два неспакойныя кругі, вочы зырчэлі, дакаралі.
Андрэй Руды памог Апейку, тонам дасведчанага цярпліва растлумачыў:
— Калякціў — ето штоб нужду сялянскую адолець лаўчэй. Рычаг, так сказаць.
— Ты, Андрэй, памаўчы! Самі знаем — што рычаг!.. Не цябе пытаюць!
Апейка выпусціў з рота дым, збіў пальцам з папяросы агарак. Зірнуў спакойна i як бы не разумеючы.
— Дак вам жа, пэўна, гаварылі — нашто?
— Гаварылі-то гаварылі. Ды мы нешта не даўмелі.
— Нешта не можам даўмець!
Бачыў, разумеў: чакалі, спадзяваліся — можа, што новае, не чутае ні ад каго, скажа, мо тайну якую, нікім не паказаную, пакажа. Чакалі — бачыў па вачах, якія сачылі за ім, — хто з надзеяй, хто з недавер’ем, хто непрыхільна, але чакалі не абы-як. Чакалі — як усюды ў гэтыя дні. У другім радзе раптам убачыў дзіўна знаёмы твар; успомніў мігам, пазнаў: той, што сядзеў некалі ў каморцы за маслачкоў, Васіль Дзяцел. У вачах хлопца ці ўжо мужчыны была i надзея i насцярожанасць; насцярожанасць неяк асабліва кідалася, мусіць, адтаго, што пазіраў знаёмы спадылба. "Глядзіць усё так жа…" — прайшло мімаволі ў думках.
— Чаго ж тут не даўмець такога? — нібы здзівіўся, стараючыся прыдумаць, як завязаць далей гаворку.
— Ды от не можам…
Памаўчаў. Было чуваць адно, як гугняць камары. Ламала рукі, спіну — пытанне само папрасілася:
— Умарыліся?
He чакалі гэтага, не зразу быццам i зразумелі.
— Чаго тут. Ведамо… — адгукнулася некалькі галасоў.
Сярод ix, заўважыў, адзін быў Дзятла Васіля. Адзначыў сабе між іншага: глядзіць на яго, як на знаёмага, не адракаецца. "Але давер’я — небагата…"
— І я. Я дык, можна сказаць, зусім… запарыўся… — Варухнуўся, не таіў: жалезная спіна, ліха на яе, балела — як утрываць! Ён з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: — Запарыўся!..
— Ето я запарыў! — засмяяўся, паспрабаваў падтрымаць Апейку Міканор.
— Стараўся вельмі! — сказаў Дамецік. — He перадыхнуў ні разу!
— Не кажыце няпраўду, дзядзько! І перадыхаў, i рабіў не болей за ўсіх! Работнік проста не дужа!.. І работа — ліха на яе!
— Адвык, факцічаскі, ад сельскаго труда!
— Ето — не ў канцылярыі! — нібы падтрымаў Дзяцел.
— A сабіраўся шчэ на работу наймацца! — без злосці напомніла Сарока.
— Сабіраўся — прызнаю! Было такое! І цяпер не адмаўляюся: от пасплю, акрыяю! І — калі ласка, бярыце! Тсшькі — каб заплацілі добра! І — каб харчы! І тлушчы каб, i мяса!
— Aгe, захацеў! З такімі харчамі я i сама рабіла б днямі i начамі!.. Дый шчэ што ты там зробіш! Mo не так зробіш, як з’ясі!
— Рабіць буду, не шкадуючы спіны! Толькі ж самі знаеце — работа не лёгенькая! Папамахаць касою, устаўшы ні свет ні зара!.. Бо вы ж, мабыць, спаць не дасце!
— Не дам!
Апейка перачакаў смешачкі, загаварыў, нібы i не жартаваў зусім:
— Махаць касой — то ж яшчэ не ўсё. Самі ведаеце. Трэба ж будзе i насілкі цягаць цэлы дзень!
— Ды ў такую гарачыню, не сакрэт!
— Дарагі ты парабак, чалавеча! Дарагая торба — не варта на яе горба! Пакланюся Богу, другога папрашу на падмогу!
— Работа, цётка Сарока, дарагая! Акурат — для горба! Нажыву там ці не нажыву што ў вас дзеткам сваім, а горб, мусіць, будзе!
— Будзе! Не мінеш!
— Сагне ў крук!
— Труднае, факцічаскі, сялянскае дзело! — філасофскі абагуліў Руды.
— Цяжкае. Не шкодзіла б i аблегчыць! — згадзіўся Апейка. Ён раптам адчуў, як спала млявасць зморы, як бярэ запал. Сказаў горача: — Не шкодзіла б! Думаеце, акрамя вас, не баліць гэта нікому?
— А то — баліць?! — кінуў Дзяцел.
— Баліць.
У Апейкі была загана, якую ён ведаў у сабе i якую стараўся стрымліваць. Ён вельмі любіў тлумачальныя падрабязныя гутаркі-прамовы. Схільнасць гэтая развілася i разгарнулася ў ім асабліва з той пары, калі яму выпала на долю стаць чырвонаармейскім агітатарам, адным з першых пачынаць новае ў родных мясцінах. Чалавек дапытлівы, адукаваны сваёй цікаўнасцю i газетамі, ён звычайна ахвотна дзяліўся тым, што ведаў, цешыўся той сілаю, якую чуў у сваіх ведах i ўменні дзейнічаць на людзей.
Читать дальше