— Чаго ето ты Хоню мучыш? — прамовіў Міканор не адразу i не легка. Нібы заступіўся: — Ходзіць столькі! І такі хлопец!.. А ты мучыш!..
— Няхай не мучыцца! Я не прашу!
— Дак любоў жа не ад таго… просяць ці не просяць… Яна сама — як зараза якая… — За ўсім гэтым Хадоська чула нешта важкае, стоенае, як i яго позіркі.— Ці ты не любіш яго?.. — Яна прамаўчала: знарок стала корпацца ў возе, быццам ладавала пасцель. Ён стаў побач, узяў яе за руку. — Ці мо… я табе падабаюся?
Ён спрабаваў жартаваць. Але Хадоська чула, што гэта не смешкі, i ёй было пагана. І яшчэ чула яна, які ён дробны, бяссілы перад ёю, Міканор, якога так не любіў i пабойваўся яе бацька. Ён, праўда, не аддаў руку, калі яна хацела ўзяць, — знарок, з мужчынскага гонару, сціснуў дужэй. Абняў дужаю рукой. І ўсё ж Хадоська чула сябе мацнейшаю, варухнула непрыхільна плячыма, i ён нехаця выпусціў. Адышоў, закурыў папяросу.
— Не падабаюся, значыць?..
Яна не адказала. Тут пачулася бесклапотнае пасвістванне — хтосьці ішоў да ix; яшчэ да таго як той падышоў, абое ведалі ўжо: Хоня. Хоня бліжэй перастаў свістаць, паздароўкаўся ціха, стрымана.
Толькі калі Міканор адказаў, зарагатаў:
— А я думаў — бацько!..
Ён жартаваў, рагатаў, я к бы i заўважаць не хацеў, што Міканор сёння асабліва ж маўклівы. І тое, што Міканор хутка развітаўся, падаўся ў цемру, таксама зразумеў па-свойму. Стаў дурэць, хапаць за рукі, абдымаць, як хапаўся, абдымаў кожны раз, ледзь выпадала астацца ўдваіх i ўпоцемку. Яна вырывала рукі, выкручвалася, а ён — быццам так i трэба было: хапаўся зноў, туліў, смяяўся.
— Дак калі ж жаніцца будзем? — спытаў, можа, ужо дваццаты раз. Яна прамаўчала, але ён хоць бы трохі пакрыўдзіўся ці спахмурнеў; вясёла, бесклапотна, не першы раз пастрашыў: — Не маладая ж ужэ! Састарышся!.. Не возьме ніхто!
— Няхай не бярэ!.. — Яна бы i не думала смяяцца.
— Звякуеш адна!
— І звякую!.. Страх які!..
— Дурная! — сказаў ён цвёрда. Усё-ткі намогся, абняў яе, прытуліў. Яна паспрабавала вырвацца, але ён лагодна, весела ўтрымаў. Дужаючыся з ёю, з добраю насмешкай пацікавіўся: — Лепшага хочаш даждацца?.. — Лагодна ж, цвёрда заявіў: — Лепей за мяне не знайдзеш!
— Унё! Лепшы на ўвесь свет!
— Лепшы!.. — Ён сказаў так, нібы здзіўляўся, што Ў гэтым можна яшчэ сумнявацца. — Лепей не знайдзеш. Няма на ўсім свеце, ей-бо! Ніхто так любіць не будзе!..
— Усім вы так кажаце!
— Я? Я — нікому! Табе толькі! Знаеш жа!
Яна перастала ўжо рвацца, калі ў цемры пачулася нядобрае: "Г-тым!" Постаць была так блізка, што Хоня адразу сам выпусціў Хадоську, якая ўхапілася папраўляць касу. Хадоська з сорамам чакала: бацька бачыў i чуў усё. Момант маўчалі ўтраіх. Хоня першы выступіў: не павінаваціўся, а так, што не было чуваць i знаку разгубленасці, раптам сказаў задзірыста:
— Аддалі б вы Хадоську, дзядзько!
Бацька, абураны тым, што пабачыў, i не першы раз тым, як трымаецца з ім гэты нахаба, не зразу знайшоў, што адказаць.
— Ужэ ж гаварылі, нібыто!..
— Дак я, дзядзько, усе адно як забуў тое.
— Дак шчэ раз скажу, — даў волю гневу свайму Ігнат. — Не будзе маёй бацькоўскай згоды! І не надзейся!
— Упарты ж вы, дзядзько… — Хоня бы пашкадаваў Хадосьчынага бацьку: сказаў як старэйшы, разумнейшы.
— Ну, які ты жаніх! — аж закіпеў бацька. — Які ты жаніх! Ты не бачыш?
Хадосьцы не спадабалася гэта, самой захацелася запярэчыць: нашто казаць так. Хоня, калі б толькі ў гэтым клопат, жаніх непаганы — не тое што не горшы, а лепшы за другіх. Нашто казаць няпраўду? І наогул — які б ні быў ён, Хоня, не трэба казаць такое: не трэба крыўдзіць за нішто чалавека!
— Дзядзько, жаніх я цяперашнім часам, — у Хоневым голасе — усцешылася Хадоська — не было i знаку крыўды, — першы на ўсе Курані.— У яго ціхай гаворцы чуліся такія годнасць i ўпэўненасць, што Хадоську ўзяў нават гонар за яго. — Цяпер для такіх, як я, усё i робіцца.
— Яна ж з голаду апухне ў цябе! — кінуўся злосна бацька, i Хадосьцы зноў захацелася заступіцца за Хоню: Хоня не гультай i не трэба папракаць за беднасць…
— Дзядзько, скора будзе калгас. Я там буду першы багацей. Пабачыце. — Тут Хадосьцы здалося, што Хоня як бы аддзяліў сябе ад яе. Думкаю пашкадавала, папракнула: не трэба было пра той калгас. Але каб i хацела спыніць яго, мабыць, не змагла б: Хоня таксама, хоць i здаваўся спакайнейшы за бацьку, запаліўся ўжо спрэчкаю: не саступіць так сабе; i праўда, упартасць, непахіснасць чуліся, калі сказаў: — Пабачыце, дзядзько!.. — Ён, як бы ужо не цураючыся i прымірэння, дадаў разважліва: — А малыя — ужэ ж падрастаюць. Сястра — дак нявеста, можна сказаць…
Читать дальше