У прамове гарачага, баявога Хандогі з Аршанскай акругі Апейкаву ўвагу зачапіла вестка, што жыхары аднаго раёна "прынялі пастанову пра арганізацыю адзінай раённай камуны". Думаючы, якая гэта будзе камуна, Апейка чуў, як Хандогі на поўны голас заяўляў, што яны ў акрузе не могуць "абслужыць гэты шпаркі pyx калектывізацыі агранамічнымі сіламі i не маюць адкуль ix узяць".
— Перад намі стаіць другое пытанне, па якім мы пакуль не маем ясных указанняў з боку НКЗ, — рынуў Хандогі далей без перадыху. — Куды дзяваць наша кулацтва?!. Мы ведаем адно, што кулацтва нельга пускаць у калгасы, i мы яго не пускаем! Але з другога боку, як я ўжо сказаў, амаль што цэлы раён калектывізуецца!..
Галадзед, павярнуўшы галаву да трыбуны, упэўнена перабіў яго, параіў:
— На балота высяляць.
— У нас i балот свабодных няма! — адразу, з запалам адказаў Хандогі, пазіраючы ўсё ў залу.
Галадзед прамаўчаў. Нахіліўся над сталом, стаў нешта пісаць.
— Значыць, нам трэба высяляць кулакоў. Зараз жа, — для таго, каб мы маглі своечасова землеўпарадкаваць гэту тэрыторыю, дзе ствараюцца калгасы. Але запасных зямельных фондаў у нас няма, i ў той жа час пакідаць кулака сярод той тэрыторыі, дзе арганізуецца калгас, немэтазгодна. Высяляць кулакоў на паасобныя пасёлкі — гэта значыць аб’ектыўна з неарганізаваных кулакоў насаджваць арганізаваныя контррэвалюцыйныя арганізацыі. Мы не можам на гэта пайсці!.. Так што у такім важным пытанні мы павінны мець ясныя ўказанні.
Калі Чарвякоў аб’явіў, што слова мае таварыш Карась, Аніся першы момант не паверыла, што гэта — ёй.
Недаверліва зірнула на Апейку, i толькі калі ён вачыма паказаў у бок прэзідыўма: трэба ісці,— захапалася папраўляць жакецік, важкавата ўзнялася. Працісквалася к праходу нясмела, збянтэжана, але між радоў пайшла ўжо, здавалася, цвёрда, упэўнена. Калі яна стала за трыбуну, то яе мала было i відаць, Апейка нібы ўпершыню ўбачыў, якая яна дробная, нявідная.
Яна, здалося, доўга маўчала. Не ведала, з чаго пачаць, не магла супакоіцца. Падрыхтаваную паперку не даставала: згубіла ці — забылася пра яе. Апейка не зводзіў воч з яе, — хваляваўся сам, хацеў падбадзёрыць, памагчы. Яна, шукаючы, пабегла вачыма па зале, знайшла яго. Ён падбадзёрліва кіўнуў ёй: смялей трэба! — яна адарвала позірк i пачала, без паперкі:
— Цяпер от таварышы рабочыя кажуць… — што ў ix няма жыроў, няма добрых кватэр. І польтаў не хапае. То таго няма, то етаго не хапае… І ето ўсе адтаго, што наша сельская гаспадарка слабая… От першая наша задача — штоб падняць сельскую гаспадарку. Зрабіць калектывізацыю… — Яна гаварыла мякка, раздумліва, нібы разважала ўголас. — Трэба, штоб рабочыя звярнулі ўвагу на сяло, на калектывізацыю, — падумала яна ўголас. Разважліва стала развіваць думку: — Бо калі мы пастроім сталоўкі, як тут казалі, а там не будзе мяса i хлеба, то сталоўка будзе стаяць, i ў ёй не будзе чаго абедаць. Калi мы пастроім добрыя дамы ў горадзе, там таксамо трэба будзе, штоб було што есці. І от я думаю, што мы павінны асабліва падумаць, штоб падняць сельскую гаспадарку… — Памаўчала i дадала разумна: — А без падняцця прамысловасці мы яе, канешне, не паднімем. — Апейка з радасцю кіўнуў ёй, думкаю пахваліў: малайчына.
Аніся зноў трохі маўчала; не шукала вачыма Апейку, глядзела кудысьці над радамі, разважала сама з сабою.
— От тут я чула, як таварыш Галадзед дакладваў, што вялікі здзвіг е ў калектывізацыі.— У голасе яе паявілася, заўважыў Апейка, нешта новае, не мяккае. — Праўда, багато арганізавалася калекціваў. Я бачыла, што таварыш Галадзед етаму рады, — а так жа i ўсё кіраўніцтва. Але справа не толькі ў колькасці,— усё цвярдзеў яе голас, — але i ў якасці калекціваў.— Яна не тое што параіла, — наказала: — Не трэба спяшыць, штоб нарабіць ix вялікую колькасць.
Апейка чуў, што зала ўся прыціхла. Галадзед у цішыні спакойна, цвёрда заявіў:
— Не, гэта не так.
Яна, гледзячы ўсё ў залу, упэўнена, упарта павяла сваё:
— Трэба, штоб яны былі добрыя, штоб людзі не разбягаліся з калекціву. — Па зале прайшло хваляванне. — Вельмі мало ў каторых сёлах аб’ясняецца, штоб сяляне зналі, што такое калекціў,— дакарала, судзіла яна, — штоб яны ішлі туды з ахвотаю. Штоб селянін цёмны сам бачыў, што толькі калекціў вывядзе яго з бяды. Трэба дабівацца, шгоб нашыя калекцівы булі добрыя. Штоб калекціў не разлазіўся, штоб ён другім паказваў добры прыклад. І тады калекцівы будуць арганізоўвацца амаль што самі.
Галадзед штосьці дзелавіта запісваў. Аніея неспакойна перавязала вузялок хусткі, паправіла жакецік.
Читать дальше