Мы ўсе разам спыняемся, кладзём на снег Юрку. Сахно выдзірае з дарогі вешку, адрывае ад яе дошку і кідае ў снег. Пасля з палкай павяртаецца да свае прыціхлай чацвёркі.
— Так… Пойдзем праз міннае поле! — аб’яўляе ён і па чарзе, нібы выпрабоўваючы, з-пад ілба аглядвае нас. Каця ўскідвае голаў.
— Вы што? Ці ў сваім розуме?
— Не ваша справа. Я з вамі не жартую. Я загадваю, — уставіўшыся ў дарогу, змрочна аб’яўляе Сахно. — Зрэшты, калі хто не згодны, гаварыце адразу. Для таго я знайду іншае выйсце.
Хвіліну мы ўсе маўчым. Я таксама не зусім разумею яго. Калі б ён выпраўляў нас адных, дык усё было б проста. Але ж, відаць, па мінным полі прыйдзецца ісці самому. Гэта ўжо бянтэжыць.
— Пайшлі вы к д’яблу! — шырока раскрыўшы гняўлівыя вочы, лаецца Каця. — Вы нас пагробіце. I раненых. Ці вы звар’яцелі?
Сахно цярпліва выслухоўвае дзяўчыну, стоячы да яе бокам, і бровы яго ўсё ніжэй асаджваюцца на сцюдзёныя вочы.
— Я выконваю загад. У арміі палагаецца выконваць загады. Апроч, як праз міны, дарогі ў нас няма. Немцам жывымі я вас не пакіну.
У вачах яго жалезная цвёрдасць. Набычыўшы голаў, ён пранізвае Кацю вострым, нядобрым позіркам.
— Чаму ўжо немцам? Калі пакідаць, дык абавязкова немцам? — кажа Каця і, павярнуўшыся ад яго, паныла адыходзіць убок.
Сахно, сцяўшы сківіцы, нешта абдумвае. Настае пакутная паўза, і, каб скараціць яе, я кажу:
— Пападрываемся ж!
Сахно адказвае не адразу.
— Падарвецца адзін — наперад пойдзе другі. А вы як думалі?
Самаўпэўненасці ў яго нават залішне. Нібы перад намі не міннае поле, а вучэбны пляц. Але ж што рабіць — падацца болей няма куды: з трох бакоў немцы. Можа, як і праскочым… Капітан тым часам, ашчадна несучы за пазухай свой локаць, павяртаецца да нас:
— Ну! Хто першы?
Мы ўсе прыціхлі і маўчым. Глядзім кожны сабе пад ногі. Аднак Каця, зусім не бянтэжачыся, злым позіркам мерае немца.
— Калі так, хай фрыц! Іхнія міны. Няхай па іх і топае.
Сахно нязгодна дзёўбае палкай у снезе.
— Фрыц цябе завядзе?!.
Можа, і так. Можа, і завядзе. Або кінецца ўцякаць. Даганяй тады па мінах. Відаць, і напраўду пускаць яго першым нельга. Але тады каго? Не Кацю ж! I не мяне. У мяне нага адразу дзве міны зачэпіць. Застаецца танкіст…
Спадылба я тайком пазіраю на гэтага чарнявага хлопца. Сахно ўжо, як на прызначанага, ва ўпор глядзіць на яго. Танкіст нерашуча топчацца, пазіраючы некуды ўбок, але, відаць, адчувае, што першым прыйдзецца ісці яму.
— Ось так! — кажа Сахно. — Бярыце палку і — шагам марш!
Танкіст вяла закідвае за спіну аўтамат і прамазучанай рукой моўчкі бярэ палку. Капітан паўз сябе прапускае яго на снегавую цалiну.
— Так. Дыстанцыя пяцьдзесят метраў. За ім пойдзеце вы! — тыцкае ён у мяне і прыкрыквае на танкіста: — I хутчэй! Не ўзарвешся!
Мы скіроўваем у стэп да бліжняга з трох скіфскіх курганаў, што высяцца на снегавой белізне. Юрка ў гэты раз дастаецца Энгелю, які без загаду ўзвальвае яго на сябе. Ў стэпе зачынаецца пазёмка. Снегавыя космы рвуцца з-пад ног і далёка распаўзаюцца ў доле. Скрозь дробненька трымціць на снезе быльнёг. Сцюдзёна дзьме вецер, і невысока на небе праз смугу сіратліва блішчыць зімовае сонца. Я старанна крочу па танкіставых слядах. За мной ідзе Каця. За ёй, сагнуты пад цяжарам нялёгкае ношы, немец. Сахно замыкае пяцёрку.
Унутры ў мяне ўсё пакутна напружваецца. Здаецца, аж замірае сэрца. Ідзеш, як па лязе брытвы. Як па гарачым вуголлі. Увесь час трэба ўглядацца пад ногі, каб ступаць след у след. А вочы міжвольна імкнуць наперад — туды, да танкіста, дзе — невядомасць і смерць. На перамеценым снегавымі пасмамі доле сапраўды дзе-нідзе старыя сляды. Аднак яны ледзьве прыкметны. Міны ж усе ў снезе, які тут зусім неглыбокі, да шчыкалаткі. Выдатная маскіроўка. Добра яшчэ, што ў пярэдняга палка. Снег мяккі.
Ужо добра адышоўшыся ад дарогі, танкіст спыняецца і, пакалупаўшы палкай, вывальвае на снег нешта круглае. Гэта — міна. Сахно ззаду крычыць:
— Не чапай! Не чапай! Марш упярод!
— Процітанкавая! — басіць танкіст і, грэбліва пхнуўшы нагой шэры смертаносны кругляк, ідзе далей.
У нас крыху прыбаўляецца смеласці. Калі міны процітанкавыя, то яшчэ паўбяды. Пад намі яны не ўзарвуцца. Калі няма проціпяхотных. Тады, лічы, нам пашанцавала.
Танкіст наперадзе, бачу, жывее. Рухі яго робяцца зграбнейшыя, відаць, і страх у яго меншае. Хлопец сігае шырэй. Я дык ужо і не зганюся з ім і паступова адстаю. Але ззаду мяне падганяе Каця. Занадта вырваўшыся наперад, танкіст заўважае гэта і прыпыняецца.
Читать дальше