З прывакзальнай плошчы ў сквер уваходзяць двое з рэчамі. Зрэшты, рэчаў няшмат: у высокага даўгарукага хлопца — чамадан з металічнымі накутнікамі і паліто. У яе, — маленькай і вастраносенькай, з выгляду зусім яшчэ дзяўчо, — вялізная дарожная сумка. З-пад просценькага паношанага плашчыка дужа выдаецца жывот.
— Ось давай тут і прысядзем, — кажа яна, ставячы на лаўку насупраць сумку. I раптам усхопліваецца — А дзе ж плашч?
Ён, малады і нязграбны побач з ёю, збянтэжана азіраецца.
— У зале пакінуў?
— А! — здагадваецца ён і бягом кідаецца са сквера.
— Машка ты разгубляшка! — кідае яна наўздагон і смяецца. Пасля сядае побач з рэчамі на лаўку. Заўважыўшы маю да яе ўвагу, таропка захінае полы цеснага ў стане плашчыка.
— Такі забывака — жах!
— Нічога, прывыкне, — кажу я.
— Трэці ўжо раз забывае. У вёсцы ў маіх пакінуў, калі ад’язджалі. Пасля ў аўтобусе забыўся. Проста бяда. Усё роўна як прафесар які, — ахвотна, быццам нават з затоенай радасцю, паведамляе дзяўчо.
— Далёка едзеце? — Яна раптам сур’ёзнее.
— Ой, на цаліну едзем. У Какчатаў і далей яшчэ кіламетраў дзвесце. Першы раз з дому — аж страшна. Кажуць, там ніводнага дрэўца няма, а я так лес люблю. Вось паехала, а ўсё сумняваюся: можа, кепска будзе.
— А ён як? Нішто?
— Хто? Сашка? — дзяўчына паднімае вочы і сарамліва ўсміхаецца. Шэрыя зрэнкі яе напаўняюцца святлом і добрасцю. — Ён добры, — кажа яна нараспеў, разгладжваючы палу плашчыка. — Турботны толькі. Пасля арміі на цаліну завербаваўся. Камбайнерам. Вырас у стэпе, дык вельмі ўжо прастор любіць.
— Гэта горш?
— Што?
Дзяўчына насцярожваецца. У яе паглядзе амаль трывога. Я стараюся ўсміхнуцца.
— Ды не, нічога. Прывыкнеце. Да стэпу, вядома.
— Праўда? Ну, што ж! Як-небудзь трэба. Сям’я ж цяпер.
Яна ўздыхае і нецярпліва пазірае ў кірунку вакзала, адкуль з плашчом на плячы ўжо бяжыць яе муж.
Неўзабаве яны прыладжваюцца на лаўцы снедаць. Яна клапатліва выкладвае з сумкі вясковы харч: яйкі, бутэльку малака, кавалак сала. Каб не назаляць ім, я адварочваюся. Міма па дарожцы сквера, палязгваючы абцасамі кірзачоў, праходзіць салдат. Напэўна, спазняецца са звальнення. Шчокі яго расчырванеліся, лоб потны. Спяшаецца. Па сабе ведаю: дужа нялёгка гэта — мірыцца службе з каханнем. Ціха перагаворваючыся аб нечым, суседзі мае пачынаюць сняданак. Я чую, ён яе называе Кацяй, і мне вельмі карціць азірнуцца. Але не, я ведаю, той Каці не будзе. Гэта другі чалавек, іншы лёс. Зрэшты, што ж, жыццё прадаў-жаецца… Нішто яго не спыніць. Як не спыніў у свой час Гітлер.
Я гляджу ў дальні канец сквера, дзе з’яўляецца яшчэ адна пара. Цесна прытуліўшыся адно да аднаго, яны марудна ідуць да апошняй у радзе лаўкі. Ён беражліва ўкрывае яе сваім пінжаком. У самога спіну аблягае мокрая сарочка. Але што там сарочка, калі цёмнавалосая галоўка аддана і шчасліва туліцца да пляча. Гледзячы на іх, я слухаю хуткія салдацкія крокі, што аддаляюцца, і думаю: хто і якія б гэтыя людзі ні былі — ім належыць будучыня, і ў тым іх перавага. Ім ствараць яшчэ ненапісаную гісторыю краіны. У загадкавым заўтра прадаўжаць жыццё. Іх чалавечнасць і мужнасць будуць вызначаць лёсы зямлі.
Няхай жа яны будуць шчаслівейшыя за нас.
Пошук ОСR памылак ― Polochanin72
Знішчальна-супрацьтанкавы дывізіён.
Дывізіённы абменны пункт.
Абозна-рэчывае забеспячэнне.
Я не нацыст. Я вясковы настаўнік. (ням.)
Знішчальна-супрацьтанкавы артылерыйскі полк.
Жгут! Жгут! (ням.)
Калі нас да вечара не раздушаць танкі, то праскочым. (ням.)
З оберстам Майерам праскочым. Ён нас прымусіць, жывых ці мёртвых. (ням.)
Чаму вы не здаяцеся ў палон? (ням.)
Мы простыя салдаты. Вайну робяць генералы і фюрэр. (ням.)
Ота! Глянь сюды! Руская Валькірыя! (ням.)
Рукі ўгору! Устаць! (ням.)
Я хутка! (ням.)
Ціха! Няма вады! (ням.)
Я вельмі шкадую. Але я маю загад! (ням.)
Спяшайся! (ням.)